“Кропка адліку”

№ 24 (1150) 14.06.2014 - 20.06.2014 г

Антон СІДАРЭНКА, кінакрытык
2014-ты для нацыянальнага кінамастацтва — юбілейны: дзевяносты. Шчыра скажам, не хацелася б, каб у гэты год усё абмежавалася толькі ўрачыстым пасяджэннем у Дзень беларускага кіно 17 снежня і стандартным узнагароджаннем работнікаў кінагаліны. Так, пагаджуся, момант для айчыннага кінамастацтва зараз несвяточны. Прамежкавы. “Беларусьфільм” набывае новае аблічча, а айчынныя кінематаграфісты пакуль выношваюць планы ператварэння яго ў Нью-Галівуд. І, у адсутнасці сучасных шэдэўраў, кіназнаўцы звярнуліся да багатай спадчыны нашага кіно.

/i/content/pi/cult/483/10294/5-45.jpgІдэя скласці рэйтынг самых удалых фільмаў — не новая. Спісы касавых стужак публікуюцца ці не з часоў Луіса Маера. А пачынаючы са 100-годдзя кіно ў 1995-м, з’явілася перманентная мода на складанне разнастайных спісаў “лепшых фільмаў усіх часоў і народаў”.

Калі некалькі месяцаў таму на пасяджэнні Праўлення Беларускага саюза кінематаграфістаў вырашалі, якім чынам адзначыць 90-годдзе нашага кіно, кіназнаўца Ала Бабкова і рэдактар Ізольда Кавелашвілі выказалі ініцыятыву стварыць рэйтынгавы спіс беларускіх карцін, пачынаючы з 1925-га. Вызначыць спісы “самых-самых” ігравых, тэлевізійных, дакументальных, анімацыйных і відэастужкак, у тым ліку так званых незалежных студый, вырашылі даверыць дваццаці чатыром тэарэтыкам. Некалькі тыдняў супрацоўнікі аддзела экранных мастацтваў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук, Інстытута журналістыкі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прадстаўнікі СМІ (кінааналітыкі, кіна- і тэлежурналісты), а таксама адзін дзеючы рэдактар кінастудыі “Беларусьфільм” і двое яго калег “у адстаўцы” займаліся ранжырамі.

Ад экспертаў патрабавалася назваць і расставіць такім чынам па 20 назваў у кожнай з катэгорый (у анімацыі — 10 назваў), пасля чаго спісы былі апрацаваны і зведзены ў адзіны. З падрабязным варыянтам рэйтынгу можна будзе азнаёміцца праз два месяцы ў часопісе “Мастацтва”. Пакуль жа скажу, што ніякіх сюрпрызаў не здарылася. Эксперты былі практычна адзінадушныя, іхнія ацэнкі кардынальна не адрозніваліся. Больш за тое: меркаванне спецыялістаў, у прынцыпе, адпавядае даным розных апытанняў і галасаванняў сярод шырокай публікі. Не раскрываючы ўсе карты, адзначу, што сярод лідараў, прадказальна, — фільмы Леаніда Нячаева, Віктара Турава, Міхаіла Пташука, Валерыя Рубінчыка. Шэдэўры Элема Клімава “Ідзі і глядзі” і Валерыя Рыбарава “Чужая Бацькаўшчына” радзей згадваюцца шараговымі гледачамі, затое ў топе ў спецыялістаў. У дваццатцы самых рэйтынгавых ігравых у экспертаў, і гэта таксама паказальна, толькі два фільмы з лэйблам Нацыянальнай кінастудыі, што былі створаны за апошнія дваццаць гадоў: “У жніўні 44-га...” Міхаіла Пташука і “Ваўкі” Аляксандра Колбышава.

Зрэшты, часавыя рамкі “залатой эры” нашага ігравога кіно лёгка было вызначыць з самага пачатку. Самае галоўнае на “Беларусьфільме” адбывалася ў 1960 — 80-я мінулага стагоддзя і звязана з некалькімі дзясяткамі яркіх імёнаў, з якімі студыі відавочна пашанцавала.

Калі з ігравымі ды тэлевізійнымі карцінамі (у разрадзе Беларускага тэлебачання тут дамінуюць цудоўныя спектаклі — серыялы “Людзі на балоце”, “Уся каралеўская раць”, “Атланты і карыятыды”) усё было больш-менш зразумела з самага пачатку, то дакументальны і анімацыйны рэйтынг утрымліваў інтрыгу. Зразумела, у выніку ў ім, натуральна, знайшлося годнае месца і для гістарычнай публіцыстыкі Віктара Дашука ды Святланы Алексіевіч, Аркадзя Рудэрмана, і для пранікнёнага падыходу Міхаіла Жданоўскага, і для незямной адасобленасці Віктара Аслюка. А ў рэйтынгу анімацыі ганаровыя месцы занялі рукатворныя шэдэўры сучаснага пакалення беларускай анімацыі, якая цяпер знаходзіцца ў самым росквіце: карціны Алены і Уладзіміра Пяткевічаў, Ігара Волчака, Ірыны Кадзюковай, МІхаіла Тумелі, Аляксандра Ленкіна.

Зразумела, сама ідэя рэйтынгу “лепшых” фільмаў можа і падацца густаўшчынай: тое або іншае занятае карцінай месца часам залежыць ад рашэння і настрою эксперта. Дый як можна параўноўваць нямыя, чорна-белыя стужкі дваццатых гадоў мінулага стагоддзя з фільмамі з камп’ютарнымі спецэфектамі 2010-х?.. Памятаецца, маскоўскі часопіс “Искусство кино” ў юбілейным нумары, прысвечаным 100-годдзю дзясятай музы, разбіў свой рэйтынг па дзесяцігоддзях, зрабіўшы яго такім чынам больш лагічным. Цяперашні ж беларускі рэйтынг не робіць адрозненняў паміж эпохамі ды ўмовамі, у якіх здымаліся стужкі. Але сваю справу, спадзяёмся, ён усё ж такі зробіць.

Напрыклад, ён паслужыць метадычным матэрыялам для складальнікаў кінапраграм і тых, хто будзе вывучаць гісторыю нашага кіно. А пачаць можна з бліжэйшага Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, які, несумненна, не зможа абмінуць увагай знамянальную дату.

Урэшце, няхай рэйтынг лепшых беларускіх фільмаў будзе чымсьці накшталт своеасаблівай кропкі адліку, якая вызначыць пачатак беларускага экраннага мастацтва ХХI стагоддзя. Тым больш, новае кіно адрозніваецца ад таго, якое здымалі яшчэ 10 — 15 гадоў таму, прыкладна як “Лясная быль” Юрыя Тарыча — ад “Настассі Слуцкай” Юрыя Ялхова. Спадзяёмся, неўзабаве мы знойдзем нагоду не толькі азірнуцца ў слаўнае мінулае ды спадзявацца на яскравую будучыню, але і парадуемся ўдаламу цяперашняму…