Да апошняга патрона…

№ 23 (1149) 07.06.2014 - 13.06.2014 г

Малавядомыя старонкі Севастопальскай эпапеі Міхаіла Савіцкага
Зараз я заканчваю працу над кнігай пад рабочай назвай “Міхаіл Савіцкі. Чырвонае і чорнае” для выдавецтва “Мастацкая літаратура”. У працэсе збору матэрыялаў, у тым ліку ў час маіх шматлікіх сустрэч з мастаком і “кіламетрамі” запісаў яго ўспамінаў на дыктафон цягам многіх гадоў, а таксама ўжо цяперашніх пошукаў дакументаў у музейных архівах ды фондах, я сутыкнуўся з тым эксклюзівам, пра які раней амаль ніхто не ведаў... У гэтым фрагменце распавяду пра тое, як 19-гадовы хлопец з Беларусі, у будучым — сусветна вядомы мастак, стаў удзельнікам гераічнай Севастопальскай эпапеі і фактычна — адным з апошніх абаронцаў чарнаморскай крэпасці ў 1941 — 1942 гадах.

/i/content/pi/cult/482/10286/15-1.jpg

 

 

Міхаіл Савіцкі.

/i/content/pi/cult/482/10286/15-2.jpg

М.Савіцкі. "Клятва севастопальцаў". 1985 г.

...Напрыканцы мая 1940-га 18-гадовы сялянскі хлопец з вёскі Звянячы Талачынскага раёна Міша Савіцкі атрымаў атэстат сталасці. Талачынская сярэдняя школа засталася ў мінулым. Перад ім паўстала пытанне: што далей? Ну, зразумела, спачатку трэба было адслужыць у Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі. Справа ў тым, што 1 верасня 1939 года Вярхоўны Савет СССР прыняў новы Закон аб усеагульным воінскім абавязку, які замацаваў пераход арміі і флоту на кадравы прынцып камплектавання ды арганізацыі. Закон устанавіў новыя тэрміны службы для радавога і малодшага начальніцкага складу: у сухапутных войсках — да трох гадоў (замест аднаго), у авіяцыі — да чатырох (замест трох), на флоце — да пяці гадоў (замест чатырох). Прызыўны ўзрост зніжаўся з 21 года да 19, а для тых, хто скончыў поўную сярэднюю школу (як Савіцкі), — да 18 гадоў. Але ў той час працяглыя тэрміны службы навабранцаў не палохалі: служыць у Чырвонай арміі лічылася справай гонару і нават геройства. Ды і лісты старэйшых братоў — Аляксея, Івана і Уладзіміра, якія ўжо праходзілі ваенную службу, былі поўныя захаплення.

Ну, добра, меркаваў Міхаіл, а што далей? Спрабаваць паступіць у мастацкае вучылішча, якое нядаўна скончыў яго стрыечны брат Валянцін Мікалаевіч? Ці пайсці па слядах бацькі Андрэя Пятровіча: вывучыцца на чыгуначніка? Альбо, скончыўшы сельскагаспадарчы тэхнікум у Талачыне, выбраць нешта іншае, напрыклад, прафесію пчаляра, садавода? Усё падабалася, але галоўная патаемная мара — стаць мастаком — была на першым месцы. Зрэшты, часу для канчатковага выбару спецыяльнасці, здавалася, у яго яшчэ было дастаткова.

14 верасня 1940-га Міхаіл атрымаў павестку — гэта быў выклік у Талачынскі ваенны камісарыят. Сябра яго Іван Савініч таксама ішоў у армію, толькі тыднем пазней. Раніцай пасядзелі хлопцы ў засені ліпы каля Шухаўскай воданапорнай вежы, названай так у гонар яе таленавітага стваральніка інжынера Уладзіміра Шухава, памарылі пра светлую цудоўную будучыню, палюбаваліся красунамі-бусламі на вершалінах высокіх дрэў і — развіталіся. Дамовіліся не губляць адзін аднаго...

Спехам, у адсутнасці родных, Міхаіл сабраў свой маленькі драўляны куфэрак, надзеў берэт, падшыванку і... на папутцы знік, знянацку для ўсіх, прыхапіўшы на дарожку паўцаглінкі чорнага хлеба ды мяшэчак любімых ледзянцоў. Пра сябе падумаў: у Талачын — і ўмомант назад. Ад Коханава да Талачына ўсяго ж кіламетраў дваццаць з нечым. Дазволіць жа ваенкам перад далёкай дарогай адлучыцца дадому на дзянёк-другі, каб па-чалавечы развітацца з сям’ёй…

Але такой магчымасці не прадаставілася. Ваенкамат, разме-
шчаны ў будынку былога праваслаўнага Пакроўскага манастыра, пабудаванага яшчэ канцлерам Вялікага Княства Літоўскага Львом Сапегам на пачатку XVII стагоддзя, стаў для Міхаіла апошнім даваенным мірным “паўстанкам” на яго “малой радзіме”. У той жа дзень навабранцаў хутка пагрузілі ў эшалоны і — праз усю Украіну кудысьці на поўдзень...

Канешне ж, родныя схамянуліся. Маці Ганна Канстанцінаўна загаласіла-завохкала, бацька таксама схапіўся за галаву: як жа так, думалі, што Міша ў Талачын паехаў на некалькі гадзін, як заўсёды, па справах камсамольскіх, а аказалася...

Ужо пасля вайны Міхаіл даведаўся, што Ваня, яго сябра сардэчны, загінуў 8 мая 1945-га ў Берліне, літаральна ў дзень капітуляцыі фашысцкай Германіі. Вось такі лёс... Ды і наогул, вельмі шмат моладзі з роднай вёскі не вярнулася з вайны. І старэйшых братоў Савіцкіх таксама пазабірала праклятая вайна. Аляксей загінуў у 1942-м, праз год загінуў смерцю храбрых і Уладзімір. Іван выжыў, але вярнуўся з фронту інвалідам, жыў у Оршы, і там жа памёр ад старых ран у 1961-м ва ўзросце 46 гадоў.

...Службу ў Чырвонай арміі Міхаіл пачаў у Новарасійску ў Курскім 545-м зенітна-артылерыйскім палку, чым вельмі ганарыўся. Ён шмат чытаў пра самую высокую па тых часах тэхнічную забяспечанасць гэтага роду войскаў. І кіно з захапленнем глядзеў пра гэта, асабліва стужку “Калі заўтра вайна”.

Цягам месяца ён прайшоў курс маладога байца і прыняў прысягу. Пачаліся будні па асваенні складаных прыбораў, што надта вабіла дасціпнага хлопца. Ён навучыўся добра страляць з вінтоўкі, нагана, разбіраць і збіраць зброю, абыходзіцца з ручным кулямётам Дзегцярова, станковым кулямётам “Максім”, карыстацца процівагазам, умела капаць акоп для стральбы з розных пастаў, лепш за ўсіх ведаў канструкцыю гармат Ф-1 і РГД-5. А галоўнае — пачаў спасцігаць навуку радыёсправы: як быць на “ты” з перадатчыкам, як пракласці паміж вайсковымі штабамі кабель для ключавых ліній і прамога тэлефона, як збудаваць антэнную прыладу, якую лёгка можна аднавіць пры пашкоджанні. Потым усё гэта вельмі спатрэбілася ў смяротных баях за Севастопаль...

Праз нейкі час Міхаіла перакінулі ў Растоў-на-Доне — у школу малодшых камандзіраў па кіраванні зенітнай артылерыяй. Але скончыць яе не паспеў: яго нечакана перавялі ў горад Грозны і прызначылі на пасаду памочніка старшыні палігона авіяцыйнага вучылішча.

Двухпавярховы будынак вучэбных карпусоў і казармы курсантаў выходзілі на вуліцу Чырвоных Франтавікоў. Вуліца цягнулася да чыгуначнай станцыі “Грознафтавая”, ад якой бегалі невялічкія пасажырскія цягнікі з паравозам-“кукушкай” да “Старагрознафты” і далей. А ў Сталінскім раёне знаходзіўся ставок — улюбёнае месца адпачынку гараджан і курсантаў. Менавіта яго асабліва любіў Міхаіл і пры кожным зручным выпадку наведваў разам з сябрам па службе Мікалаем Чарнаглазавым.

А яшчэ ўдавалася сябрам калі-нікалі хадзіць на спектаклі гарадскога Тэатра Чырвонай арміі, які знаходзіўся насупраць сярэдняй школы № 2. Дарэчы, там у той час іграў малады Сяргей Бандарчук, тады яшчэ нікому не вядомы акцёр. У адной з нашых размоў я сказаў пра гэта Міхаілу Андрэевічу. І яшчэ сказаў, што у гэтым тэатры пачыналі працаваць Інакенцій Смактуноўскі і Леанід Бранявы, а ў 1950-я даваў тут канцэрты Аляксандр Вярцінскі. Савіцкі вельмі здзівіўся: “Гэта ж трэба!”…

Выдатны французскі філосаф Мішэль дэ Мантэнь, кажучы пра гібель у 480 годзе да н. э. атрада спартанскага цара Леаніда ў Фермапільскай цясніне, сказаў такую фразу: “Бывалі паражэнні, якія ў сваёй славе не саступаюць найвялікшым перамогам”. Я мог бы аднесці такія словы і да драматычнай Севастопальскай эпапеі 1941 — 1942 гадоў, удзельнікам якой з’яўляўся чырвонаармеец Міхаіл Савіцкі. Больш за тое: ён быў і адным з апошніх абаронцаў гэтай гераічнай чарнаморскай цвярдыні. Пасля 4 ліпеня 1942-га, калі ён трапіў у палон, там, на Херсанескім маяку, практычна нікога ўжо не заставалася...

Міхаіл Савіцкі: “…Дзень абвяшчэння вайны не выклікаў ні страху, ні разгубленасці. Усе мы верылі, што знішчым ворага праз пару тыдняў на ягонай жа тэрыторыі. У той час прызначылі мяне камандзірам падраздзялення, якое суправаджала навабранцаў з Грознага ў раён Кахоўкі. Даставілі мы гэты эшалон, і адразу давялося дабірацца ў Растоў-на-Доне. Адтуль — у Махачкалу, потым — у Севастопаль. У дарозе мне трапілася ў рукі газета “Правда” за 24 чэрвеня. І там, на чацвёртай паласе, прачытаў верш Якуба Коласа “Шалёнага пса — на ланцуг!”. Вось малайчына мой зямляк, падумаў я. З такой верай у перамогу абавязкова зламаем хрыбет Гітлеру! Апошнія радкі, памятаю, гучалі так: “Той мусiць загiнуць, хто меч узнiмае / На голавы мiрных трудзяг, / Няхай-жа агорне ноч цёмна-нямая / Падступных падлюг i туляг. / Дык чуйце, народы: ў паход на бандыта! / На меч перакуйце ваш плуг. / Захочам, i Гiтлер як пёс будзе бiты — / Шалёнага пса — на ланцуг!”…

Па прыбыцці ў Севастопаль мы адразу ўступілі ў бой. Спачатку выбілі ворага з ускраіны горада — з Італьянскіх могілак — і занялі вузлавую ды пасажырскую станцыю пад назвай Мекензіевы Горы. Гэтая станцыя была размешчана на ўчастку паміж Сімферопалем і Севастопалем, дакладней, кіламетраў за пятнаццаць ад апошняга. А самі невысокія, пакрытыя нізкарослым лесам Мекензіевы горы цягнуліся на некалькі кіламетраў уздоўж ракі Бельбек. Называліся яны так па мянушцы контр-адмірала Томаса (Фамы) Мекензі — англічаніна, які пры Кацярыне II служыў расійскаму ваеннаму Чарнаморскаму флоту. Князь Пацёмкін падарыў яму ўчастак зямлі для ўладкавання ўласнага “хутара Мекензі”. Паступова назва месца распаўсюдзілася на ўвесь гарадскі масіў. Прынамсі, так мне распавядалі таварышы па службе, знаўцы мясцовай гісторыі.

Дык вось, палажэнне на гэтым участку фронту склалася вельмі цяжкае. Крапасных збудаванняў мала, батарэі працавалі на абарону толькі з мора, а фашысты пасля ўзяцця Керчы кінулі на Севастопаль усе сілы, што былі сканцэнтраваны ў Крыме, у тым ліку — авіяцыю і моцную артылерыю. А арудавалі тут немцы ды італьянскія салдаты Сардзінскай арміі, якія ўмацаваліся на вяршыні гары Гасфорта, дзе захаваліся італьянскія могілкі яшчэ з часу Першай абароны Севастопаля сярэдзіны XIX стагоддзя. Калі ў маі — чэрвені 1942-га мы выбівалі ворага з гэтых могілак, я ў складзе маленькай групы забяспечваў пасыльную сувязь паміж штабамі 345-й дывізіі і 25-й Чапаеўскай дывізіі, што знаходзілася на Манастыр-гары. Даводзілася кругласутачна курсіраваць праз забалочаную пойму Чорнай ракі. З кожным днём станавілася ўсё цяжэй. Не хапала боепрыпасаў. Калі фашысты прарваліся ў горад, амаль тысяча салдат адышла на ўскраіну Херсанеса. Мы замацаваліся на ўзбярэжжы ў камянях ля маяка і пратрымаліся яшчэ чацвёра сутак. Кожны патрон быў на ўліку. Білі толькі прыцэльна. На пятыя суткі патроны скончыліся. Дзявацца нам не было куды...”

(Працяг будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"