Консул са Стрэлічава

№ 23 (1149) 07.06.2014 - 13.06.2014 г

Пра аўтара слоўніка, складзенага… у палоне
Сёлета адзначаецца 200-годдзе з дня нараджэння нашага земляка Іосіфа Антонавіча Гашкевіча — дыпламата, усходазнаўцы, перакладчыка і мовазнаўцы, першага дыпламатычнага прадстаўніка Расійскай імперыі ў Японіі. Яго асоба, як і ягоная навуковая ды дыпламатычная дзейнасць, настолькі шматгранная, што дасюль прыцягвае ўвагу шматлікіх навукоўцаў з розных краін Еўропы і Азіі. У тым ліку — з Японіі ды Беларусі. Дзейнасць Гашкевіча ўшанавана і UNESCO: сусветная арганізацыя ўнесла ягоныя ўгодкі ў свой Каляндар памятных дат.

/i/content/pi/cult/482/10285/14-3.png

Знаёмцеся: Акіра Фурусава, старшы выкладчык кафедры мовазнаўства і краіназнаўства Усходу факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Трынаццаць гадоў таму, скончыўшы Такійскі інстытут рускай мовы, ён пераехаў жыць у Беларусь. Тут ажаніўся з беларускай, выкладае ва ўніверсітэце і паспеў дасканала вывучыць характар і норавы мінскіх студэнтаў. Да таго ж, даследуе разнастайныя пытанні беларуска-японскіх сувязей — ад мовазнаўчых да культурных. Не так даўно спадар Акіра захапіўся вывучэннем навуковай спадчыны Іосіфа Гашкевіча і прыняў удзел у III Міжнародных чытаннях, прысвечаных славутаму ўраджэнцу Беларусі.

— Я вырашыў даследаваць адзін з найменш вядомых у Беларусі бакоў творчай дзейнасці Іосіфа Гашкевіча — падрыхтоўку і выданне “Руска-японскага слоўніка”, — распавёў “К” Акіра Фурусава. — Кніга, дарэчы, для сярэдзіны XIX стагоддзя была вельмі перадавая…

Над выданнем сваёй самай значнай мовазнаўчай працы Гашкевіч працаваў разам з японцам Тацібана Касаем. Але самае цікавае тое, што ствараўся “Японска-рускі” слоўнік у той час, калі адзін з яго аўтараў быў… у палоне! Крыху гістарычных звестак. У пачатку 1850-х гадоў Іосіф Гашкевіч быў прызначаны чыноўнікам па асобых даручэннях у Азіяцкі дэпартамент Міністэрства знешніх сувязей Расійскай імперыі ды адпраўлены ў якасці перакладчыка і дарадцы з місіяй Яўфімія Пуцяціна ў Японію на знакамітым фрэгаце “Палада”. У 1855-м наш зямляк удзельнічаў у працэдуры падпісання мірнага трактата паміж дзвюма краінамі, пасля чаго морам вяртаўся дадому. У Ганконгу ён і трапіў у палон да англічан. Вось тут, амаль год седзячы за кратамі, ён займаўся складаннем першага японска-рускага слоўніка. А выдаў даследчык сваю мовазнаўчую працу ўжо пасля вызвалення — у 1857-м, у Санкт-Пецярбургу.

Трэба сказаць, што надрукаваць слоўнік было не так проста. Вось што, дарэчы, пісаў пра гэта сам Іосіф Гашкевіч: “Друкаванне японскага слоўніка сустрэла вялікія цяжкасці: поўнага кітайскага і японскага шрыфта ў Пецярбургу не было, а для таго, каб іх зрабіць, патрабавалася шмат часу і выдаткаў. Таму мы звярнуліся да асобага спосабу друкавання: рускі тэкст, папярэдне набраны і правераны, аддрукоўваўся чарніламі, а ў пакінутыя прабелы ўпісваліся японскія і кітайскія словы. Затым усё разам друкавалася ў літаграфіі”.

/i/content/pi/cult/482/10285/14-4.png

/i/content/pi/cult/482/10285/14-5.png

 

 

Старонкі "Руска-японскага слоўніка".

Работу ўраджэнца Беларусі годна ацанілі мовазнаўцы. Слоўнік быў адзначаны Дзямідаўскай прэміяй Імператарскай акадэміі навук з уручэннем залатога медаля Гашкевічу. І, як адзначаюць сённяшнія навукоўцы, для сярэдзіны ХIХ стагоддзя гэтая мовазнаўчая праца была сапраўдным дасягненнем і паспрыяла вывучэнню японскай мовы не толькі ў Расіі, але і ў краінах Еўропы. Дарэчы, як помнік японскай мовы першай паловы XIX стагоддзя мовазнаўчая праца Іосіфа Гашкевіча не страціла свайго навуковага значэння і на сённяшні дзень. Напрыклад, слоўнікам дасюль карыстаюцца даследчыкі гісторыі японскай мовы.

Распавядаць пра Іосіфа Гашкевіча і ягоную навуковую дзейнасць Акіра Фурусава можа не адну гадзіну. Няўрымслівы даследчык так захапіўся велічнай асобай першага консула Расіі ў Японіі, што вырашыў абавязкова з’ездзіць туды, дзе нарадзіўся слынны беларус. І пабываў там ужо двойчы.

— У вёску Стрэлічава Хойніцкага раёна, дзе і нарадзіўся Іосіф Гашкевіч, я трапіў разам з японскай дэлегацыяй, якая выязджала ў рэгіёны Беларусі, пацярпелыя ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У паселішчы пазнаёміўся з дырэктарам Стрэлічаўскай сярэдняй школы, які запрасіў мяне прыехаць туды яшчэ раз і распавесці пра Японію ды яе жыхароў…

Запрашенне тое было прамоўлена не проста так. Справа ў тым, што Акіра Фурусава мае незвычайнае хобі: ён ездзіць па гарадах і вёсках Беларусі ды ладзіць там для беларускай дзятвы майстар-класы па арыгамі, распавядаючы пры гэтым пра гісторыю і культуру Японіі. За час свайго знаходжання ў нашай краіне ён наведаў дамы культуры і школы ў многіх рэгіёнах краіны, здолеўшы пазнаёміць са старажытнай культурай японскага народа сотні беларускіх дзяцей і падлеткаў.

Пабываў навуковец і ў Астраўцы, а таксама ў вёсцы Малі Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці. Як вядома, менавіта ў маёнтку Малі прайшлі апошнія гады жыцця Іосіфа Гашкевіча, а ў самім Астраўцы славутаму ўраджэнцу Беларусі ўстаноўлены помнік. Дарэчы, сёлета гэты раён наведала і доктар гістарычных навук, прафесар універсітэта ў горадзе Хакадатэ Курата Юка. Нагадаю, што Хакадатэ — горад, дзе і знаходзілася консульства Расійскай імперыі ў Японіі ў сярэдзіне XIX стагоддзя.

На жаль, па словах Акіры Фурусавы, у Японіі зараз мала ведаюць пра Гашкевіча, пра тое, што ён родам з Беларусі.

/i/content/pi/cult/482/10285/14-6.png

 

Акіра Фурусава з дзецьмі са Стрэлічава.

— Мабыць, найбольш памятаюць пра першага консула Расіі толькі ў Хакадатэ. Там, дарэчы, знакамітаму ўраджэнцу вашай зямлі ўстаноўлены помнік. Хаця, несумненна, усё больш японцаў даведваюцца і пра Беларусь. Спрыяюць гэтаму і падобныя канферэнцыі, што ладзяцца ў Астраўцы ды Мінску ўжо не ўпершыню. На сёлетніх Чытаннях, дарэчы, прысутнічаў і Пасол Японіі ў Беларусі Сігэхіро Міморы, а пра жыццё і дзейнасць Іосіфа Гашкевіча распавядалі не толькі беларускія вучоныя, але і замежныя навукоўцы, у тым ліку — і з маёй краіны…

Як прызнаўся Акіра Фурусава, цяпер ён працуе над рэалізацыяй аднаго амбіцыйнага праекта: стварыць разам з выкладчыкамі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта японска-беларускі слоўнік.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"