Пад небам Іспаніі

№ 23 (1149) 07.06.2014 - 13.06.2014 г

Вучні Аршанскай дзіцячай школы мастацтваў № 1 Арсен Траскоўскі (фартэпіяна, настаўнік — Наталля Панасенка), Ягор Пруднікаў і Лізавета Яфрэменка (балалайка, настаўнік — Ірына Віслагузава) прынялі ўдзел у II Міжнародным конкурсе інструментальнай музыкі "Open Spain". У іспанскім горадзе Ларэт-дэ-Мар сабраліся музыканты з Германіі, Францыі, Італіі, Іспаніі, Украіны, Беларусі, Казахстана… Для беларусаў паездка на прэстыжны фэст аказалася надзвычай плённай.

Арсен мае досвед удзелу ў замежных конкурсах. Ягонае выкананне адрознівалася багаццем музычнай мовы, вытанчанасцю і эмацыйнасцю. Арсен стаў лаўрэатам прэміі І ступені. А вось Лізавета і Ягор на такім конкурсе — упершыню. Але дэбют атрымаўся ўдалым: вучні прызнаны лаўрэатамі прэміі ІІІ ступені. Арганізатары конкурсу наладзілі для ўдзельнікаў-настаўнікаў майстар-класы. А былі яшчэ творчыя сустрэчы, канцэрты, экскурсіі па Барселоне, паездка ў Дом-музей Сальвадора Далі ў Фігейрасе…

Нашы сёлетнія лаўрэаты былі запрошаны на чарговы конкурс, што адбудзецца ў наступным годзе ў Францыі.

Вікторыя БАНДАРЭНКА, выкладчык Аршанскай ДШМ № 1