Двойчы “-issimo”

№ 23 (1149) 07.06.2014 - 13.06.2014 г

…І піянісіма для пацалункаў
Калісьці “Мінская вясна” была міжнародным фестывалем, у рамках якога ладзіліся яшчэ два, таксама міжнародныя: “Duettissimo”, прысвечанае фартэпіянным дуэтам, і “Mandolinissimo” з панаваннем гітары, лютні, мандаліны. Ці спраўдзілася сёлета азначаная ў назвах “вышэйшая ступень” італьянскага запалу ў выяўленні пачуццяў?

Колькасна — не. Бо ад першага “-issimo” застаўся ўсяго адзін юбілейны вечар: наш фартэпіянны дуэт Валерыя Баравікова і Наталлі Котавай прыехалі павіншаваць з 15-годдзем калегі з Расіі і Малдовы. Другое “-issimo” ўклалася ў два дні, выключна ў Камернай зале імя Р.Шырмы, без аркестра, нават без... удзелу гітарыстаў, месца якіх занялі балалаечнікі. А вось якасна — на абодвух святах хапала ўзлётаў, маленькіх і вялікіх музычных адкрыццяў.

Першаму канцэрту “Mandolinissimo” арганізатары далі назву “Вясновыя мелодыі кахання” — і ў зале паболела закаханых пар. Адно з аддзяленняў было прымеркавана да 150-годдзя з дня нараджэння італьянскага кампазітара Рафаэле Калачэ, але многія мэтанакіравана ішлі на сюіту з балета “Рамэа і Джульета” Пракоф’ева. Калісьці, дзякуючы ідэі дырыжора Аляксандра Анісімава і яе ўвасабленню музыказнаўцай Інай Карпук, на гэтай аснове ўзнікла літаратурна-музычная кампазіцыя. Цяпер яна была паўторана — у пералажэнні Мікалая Марэцкага для мандалін, мандол і раяля, набыўшы праз гэтыя тэмбры асаблівую інтымнасць аповеду, набліжэнне да шэкспіраўскай эпохі.

А вось на сольніку Актэта балалаек “Віцебскія віртуозы” зала была літаральна набіта школьнікамі — без усякіх “культпаходаў”, проста таму, што цікавасць да гэтага інструмента ў свой час рэзка ўзняў Віталь Карпанаў з гурта “Дразды”. Прыязджалі нават з іншых рэгіёнаў! І не памыліліся. Віцябчане склалі праграму так, каб паказаць ансамблева ды сольна ўсе разнавіднасці балалаек — ад пікала да баса. І нават у ролі ўдарных, пастукваючы па корпусе ды струнах. Паядналі ж абодва канцэрты згаданы дамрыст (і адначасова арганізатар свята) М.Марэцкі ды французская мандаліністка Сабінэ Марзэ, якія саліравалі з усімі складамі.

— Цікава было параўнаць розныя манеры выканання, — падзялілася ўражаннямі Ганна Паласмак, якая займаецца даследаваннем домравай традыцыі на Беларусі. — Руская — больш адкрытая, заснаваная на народных песенна-танцавальных традыцыях, еўрапейская — непарыўна знітавана з музыкай барока. Але шкада, што не прагучала ніводнага беларускага твора. На ранейшых Міжнародных днях мандалінна-гітарнай музыкі гэты прабел запаўнялі гітарысты. Як і духавікі, піяністы, цымбалісты, альтысты, яны пастаянна замаўляюць нашым кампазітарам новыя творы, чаго не скажаш пра музыкантаў іншых спецыяльнасцей. А між тым, домрай і балалайкай апошнім часам зацікавіліся ў Японіі, перакладаюць там на свой манер тыя ж рускія рамансы, дадаючы ў іх усходнія матывы. Так што нашым творцам ёсць пра што падумаць! Што ж да “камернасці” самога фестывалю, дык неабсяжныя памеры залы, шматтысячныя натоўпы гледачоў і ўдзел вялізных па складзе калектываў — зусім не паказчык. Чаму фестывалі павінны быць толькі аднаго фармату: “гучней ды шырэй”? Чалавечая душа прагне яшчэ і інтымнасці — у самым высокім сэнсе слова. Домра, гітара, лютня, мандаліна, балалайка — самыя, бадай, прыдатныя для гэтага інструменты. Ім патрэбны невялікія, камерныя залы — і адкрытыя сэрцы…

Японцы гэта зразумелі. А мы?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"