Сад-сінтэз

№ 23 (1149) 07.06.2014 - 13.06.2014 г

У галерэі “Акадэмія” Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў ажыццёўлены эксперыментальны выставачны праект “Сад”. У экспазіцыі былі спалучаны дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, відэа, графічны дызайн і… парфума. Яшчэ і музыка грала. Для нашых культурных рэалій такі сінтэз — справа, можа, і не звышнаватарская, але нязвыклая.

/i/content/pi/cult/482/10271/8-5.jpg

Курыравалі праект студэнты, што навучаюцца па спецыяльнасці “Мастацтвазнаўства”. Яго мэта — выявіць мастацкімі сродкамі настрой веснавога абуджэння прыроды, якое ў сэнсе метафізічным сімвалізуе творчы пачатак. Праект “Сад” уяўляў з сябе дыялог пакаленняў, бо ў ягоных рамках сённяшнія студэнты-мастацтвазнаўцы Акадэміі працавалі са шклом, створаным студэнтамі, што навучаліся дэкаратыўна-прыкладному мастацтву ў 1970 — 1980 гадах. Спецыяльна для выстаўкі парфюмерам быў распрацаваны водар, які дазваляў успрымаць вясну не толькі на вока. Тэму веснавога саду дапаўнялі фотаздымкі, відэа, работы студэнтаў-мадэльераў. Хаця, канешне ж, галоўнае тут — шкло.

Зразумела, курсавая работа адрозніваецца ад творчай. Навучанне і самарэалізацыя — рэчы розныя паводле вызначэння. Але мне пасля наведання выстаўкі захацелася даведацца, як склаўся лёс тых студэнтаў 1970 — 1980 гадоў. Было б шкада, калі б з нейкіх прычын прадстаўлены тут патэнцыял застаўся нерэалізаваным.

Беларускае мастацкае шкло вывучана не так грунтоўна, як наша ткацтва або кераміка. Мы маем у краіне добрую тэхнічную базу, наладжаную вытворчасць, нават вытворчы брэнд (шклозавод “Нёман”), але імёны нашых творцаў — спецыялістаў мастацкага шкла, на жаль, не на слыху ў шырокай грамады. Выстаўка ў галерэі “Акадэмія”, спадзяюся, паспрыяе цікавасці да гісторыі гэтага віду дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Беларусі. А ўсвядомленая наяўнасць даўняй гісторыі пазітыўна адаб’ецца на іміджы сённяшніх майстроў мастацкага шкла і брэндаў, на якія гэтыя майстры працуюць.

На здымках: работы з экспазіцыі.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"