Опера на марозе

№ 23 (1149) 07.06.2014 - 13.06.2014 г

"Хакей" — ад вершаў хоку?
“Опера на лёдзе? Ды гэта немагчыма!” — сказалі б усе ў адзін голас яшчэ ўчора. Але нядаўні Чэмпіянат свету па хакеі разбурыў усе ранейшыя ўяўленні пра гэты жанр. Прэм’ера беларускамоўнай (!) аднаактовай камічнай оперы з красамоўнай спартыўнай назвай “0:1”, напісанай нашым маладым кампазітарам Вольгай Падгайскай, адбылася на крытым катку “Юнацтва — Мінск” у парку імя Горкага.

/i/content/pi/cult/482/10270/8-1.png

/i/content/pi/cult/482/10270/8-3.jpg

Сцэны са спектакля. / Фота Аляксандры КАНАНЧЭНКА.

Опера распачынала праграму “Белая ноч, або Ноч у тэхніцы бурымэ”, зладжаную Мемарыяльным музеем-майстэрняй Заіра Азгура ў рамках Ночы музеяў. Але многія ішлі менавіта на гэтую — самую, бадай, экстрэмальную частку маладзёжнай “усяночнай”.

Збоку на арэне — аркестр і хор, нібы ў філармоніі. На лаўцы запасных, бы ў кулісах, — тыя, хто выйдзе на сцэнічную... ільдзіну. Салісты спяваюць і адначасова, амаль усе, катаюцца на каньках. Тэмпература паветра — блізкая да замярзання. Ці можна ўвогуле іграць ды спяваць у такіх умовах? Але пачынаецца дзея — і артысты, у тым ліку выпускнікі і студэнты Акадэміі музыкі, дэманструючы спартыўны характар, пераконваюць нас у адваротным.

Жанравае азначэнне “хакейная опера-буф”, на маю думку, датычылася не толькі ўмоў пастаноўкі, але і выконвала відавочна рэкламную функцыю. Пэўна, невыпадкова ў агульнапрынятым тэрміне “буфа” знікла апошняя літара. Бо галоўным у новай оперы сталі не спасылкі на 1730-я гады, калі ўзнікла гэтая італьянская разнавіднасць жанру, а жаданне спалучыць неспалучальнае, ды яшчэ так, каб гэтае яднанне аказалася гарманічным і карысным для ўсіх бакоў.

Паўнавартасная сімфанічная партытура напісана з шырокім выкарыстаннем тэхнікі мінімалізму. Адпаведна постмадэрну, у яе закладзены самыя разнастайныя тэндэнцыі: неабарочныя і сучасныя “авангардныя” інтанацыі, нечаканыя спасылкі на “Яўгенія Анегіна”, бельканта, зонгі Б.Брэхта, жанр оперы-араторыі ХХ стагоддзя, дзе хор выступае ў якасці каментатара (як тут не ўзгадаць яшчэ і спартыўных каментатараў?), меладрамы ХVIII-га (гэта не душашчыпальная “мыльная опера”, а проста размоўны рэчытатыў на фоне музыкі) і інш. Завершаныя нумары спалучаюцца з разгорнутымі сцэнамі, пабудаванымі ў рэчытатыўна-арыёзнай манеры. У сюжэце — відавочныя паралелі з казкамі пра трох братоў, дзе старэйшыя разумнікі — хакеісты, а малодшы “дурань” — музыкант і кампазітар па мянушцы Дэбют. Але менавіта ён акурат у трэці раз (у трэцім тайме матча) з дапамогай чароўнай сілы Музы-Уверцюры раптоўна становіцца пераможцам. А над усім — улюбёная ў постмадэрне тэма сна. І — цудоўная, шыкоўная, сакавітая беларуская мова, дзе кідкія, трапныя вершаваныя радкі адпавядаюць жанру мюзікла.

Не зусім, праўда, склалася рэжысура. Ужо хаця б таму, што на рэпетыцыі, асабліва “сцэнічна-арэнныя” (+арандаваныя), было адведзена зусім мала часу (дадамо, на радасць спевакоў, якія не паспелі цалкам страціць голас “на марозе”). Для дасягнення напружанай, а не “млявай” кульмінацыі трэба было, магчыма, запрасіць сапраўдных хакеістаў — якую-небудзь юнацкую каманду, якая не толькі спрытна грукала б клюшкамі па лёдзе, цалкам забыўшыся на адзінока засумаваўшую шайбу, але і тэатральна, відовішчна “разыграла б” некалькі камбінацый, страціўшы тую шайбу толькі ў апошні момант, якім і скарыстаўся б Дэбют.

Будзем спадзявацца, што больш дасканалае ўвасабленне нас чакае наперадзе. Не абавязкова на лёдзе, можна і на роліках, а то і ўвогуле з дапамогай адпаведнай харэаграфіі (ёсць жа балеты і пра футбол, і пра катанне на катку). Галоўнае — праект не павінен застацца разавым. Бо ён — адна з першых беларускіх ластавак, здольных “зрушыць лёд” у разамкнёнасці акадэмічных “авангардызмаў” і маладзёжных субкультур, растапіць ільдзінку недаверу да сучаснай оперы (прынамсі, акадэмічнай, без усялякіх прыставак кшталту “рок-” ці “поп-”) нават з боку спецыялістаў. Кадры для гэтага — ёсць. Тая ж Вольга Падгайская, Сяргей Долгушаў (Дэбют) даўно працуюць і нават супрацоўнічаюць разам у абедзвюх сферах. Тым жа полымем здзяйсненняў, творчых эксперыментаў — выканальніцкіх, кампазітарскіх, арганізацыйных — палае Андрэй Якушаў (Сярэдні брат). Малады дырыжор Аляксандр Хумала, узначаліўшы Музычную капэлу “Санорус”, не толькі працягнуў закладзеныя Аляксеем Шутам традыцыі ўвасаблення сучаснай беларускай музыкі, у тым ліку оперна-балетнай, але і ўзняў іх на новую вышыню ды прадоўжыў. Ёсць і публіка! Ёсць нават піяр! Значыць, дачакаемся і маладзёжна-эксперыментальных оперных чэмпіянатаў. Тым больш, што толькі за апошні час былі напісаны некалькі новых оперных твораў...

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"