Правілы сойкі

№ 23 (1149) 07.06.2014 - 13.06.2014 г

Віктар ШАЛКЕВІЧ — не проста акцёр Гродзенскага абласнога тэатра лялек. Ён больш вядомы як бард, які часта выступае з сольнікамі. Са сваімі песнямі быў запрошаны і ў спектакль “Местачковае кабарэ” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Наша размова з ім пачалася акурат з гэтага сумяшчэння — лялек і драмы. Тым больш, што ў яго ўсё было “не як у людзей”: куды часцей з лялек бягуць у драму, — ён жа пачынаў у Гродзенскім абласным драматычным тэатры. І толькі потым узніклі лялькі.

/i/content/pi/cult/482/10268/shalkevich02.png

Фота з архіва Віктара Шалкевіча.

— У драмтэатры, — узгадвае Віктар Антонавіч, — моладзь не была асабліва запатрабавана. Нам сказалі: маўляў, вы маладыя, вось і сядзіце, пакуль вас рэжысёр не заўважыць. Ну, мы і сядзелі... Потым вырашыў адтуль сысці, бо ўсё роўна наперадзе нічога не свяціла.

— Як жа вы тады ў лялечны тэатр прыйшлі — непрафесіяналам? Бо вучыліся ж на драматычнага акцёра...

— Артыст павінен умець усё. Не толькі вымаўляць гэтак з пафасам: “Быць ці не быць?..”, адставіўшы руку ўбок, але і гутарыць з дзецьмі галасамі казачных персанажаў, каб яны паверылі, што гэта лялькі гавораць.

— А як на лялек перавучваліся?

— Вельмі проста. Па-першае, дзіцячы досвед. Калі быў маленькі, у мяне цацкі — мядзведзікі, зайцы — усе са мной размаўлялі. Ці я з імі. Па-другое, у тэатры мне ўсе дапамагалі. Калі хочаш, навучыцца можна ўсяму — дый вельмі хутка. Памятаю, у маім першым спектаклі лялька важыла 10-15 кілаграмаў. Вось гэта было сапраўды цяжка! Астатняе — не. Калі бачыш дзіцячыя вочкі, гэта такая радасць! Як па мне, дык лялечны тэатр павінен быць дзіцячым. Цяпер шмат ставяць дарослых спектакляў, і вельмі добрых, але мне яны не блізкія. Адзін толькі прыклад. Калісьці мы ігралі “Папялушку”, і нейкая дзяўчынка падышла за кулісы, прыцягнула да сябе лялечную гераіню — і пацалавала яе... Хіба з дарослымі такое магчыма?..

— Ну, для дарослых вы і без лялек ладзіце “тэатр аднаго акцёра”, калі з гітарай выходзіце на эстраду. І не адна, а многія дзяўчаты ў зале мараць кінуцца да вас з пацалункамі...

— Вы яшчэ не бачылі, як я праводжу аўкцыёны ў Мінскім гарадскім цэнтры нерухомасці, дарэчы, па-беларуску. Вось гэта тэатр дык тэатр! Ведаеце, маё крэда па жыцці — трэба займацца тым, што табе цікава.

— Дык вы ж па гараскопе — Вадалей, вам цікава ўсё!

— Не, не ўсё. Але многае.

— Да прыкладу, опера, якую вы сачыняеце, як паведамлялі ў друку. Лібрэта і музыка — усё ваша. Прытым што музычнай адукацыі ў вас няма. Як рухаецца справа? Можа, гэта не опера, а мюзікл?

— Не, без размоўных дыялогаў, усё цалкам на музыцы, ёсць і арыі, і хоры. Опер ужо дзве. Першая, “Галілейская гісторыя”, — гэта 33-ці год да нашай эры. Другая, “Эфіопскія госці”, — пра 1950-я, калі пасля смерці Сталіна да ўлады прыйшоў Хрушчоў. Па-мойму, атрымалася “сцёбна”...

У пацвярджэнне сваіх слоў Віктар пачынае спяваць адзін з нумароў — і сапраўды, “сцёбна”. Смачна, каларытна, адметна. Па мелодыцы “адгадваецца” і гармонія, і аранжыроўка. Па рытміцы — стыльнасць, а не “прывітанне з 80-х”.

— Як жа ўсё гэта вы занатоўваеце? Словы — зразумела. А ноты?

— Мне падарылі шыкоўны дыктафон, на яго і запісваю. Нават калі проста па вуліцы іду і раптам думка ў галаву прыходзіць — адразу на дыктафон. Што ж да астатняга, дык сёння ў гэтым праблем няма. Была б цікавая ідэя, а спецыялістаў, якія выкладуць усё гэта на паперы, зробяць аранжыроўку, знайсці не цяжка. Але я пакуль пра ўвасабленне не думаю. Колькі рабіў аўдыяальбомаў, заўсёды сутыкаўся з тым, што вельмі многае залежыць не ад цябе, а ад іншых. І ўсё гэта так марудна!

— Проста, вы — творца, а не арганізатар...

— Але ж гэтым даводзіцца займацца! Калі хочаш мець нейкі вынік, усё трэба рабіць самому. Сам я і музыкантаў заўсёды шукаў, і разам іх зводзіў. А тут, калі думаць пра выпуск аўдыяверсіі опер (пра сцэнічны варыянт я нават не мару, бо ў нашых рэаліях гэта немагчыма), дык столькі ўсяго давядзецца зрабіць, што страшна становіцца. Я лепш нешта яшчэ насачыняю!

— Педагагічная дзейнасць, калі вы выкладалі рэжысуру і майстэрства акцёра ў Гродзенскім каледжы мастацтваў (тады ён называўся культасветвучылішчам), таксама ад творчасці адцягвала?

— Выкладаць сапраўды вельмі цяжка. Асабліва калі ў калектыве хтосьці глядзіць на ўсё абыякава, а хтосьці імкнецца навучыць і за сябе, і за астатніх. Чаму настаўнікам так мала плацяць? Гэта несправядліва. Што ж да мяне, дык я давёў адзін курс да канца, а другі кінуў дзесьці на палове, бо ўзнікла цікавая прапанова ў тэатры. Ведаеце, калі я ўпершыню паспрабаваў перадаць ім тое, чым валодаю сам, было цікава. Калі ж набралі новы курс і я ўцяміў, што давядзецца ўсё тое ж самае паўтараць наноў, быў у роспачы: не змагу!

— Сёлета вам споўнілася 55, для вас гэта штосьці значыць?

— Анічога. Адсвяткаваў — і пайшоў далей.

— Што для вас у жыцці галоўнае?

— Быць запатрабаваным. Калі чалавек патрэбны ў сям’і, на працы, калі ён “запальвае” іншых — гэта вельмі класна. Ёсць такая прыказка — можа, крыху цынічная, але трапная: калі ў цябе перастаў званіць тэлефон, значыць, ты памёр.

— А калі раптам тэлефануюць не тыя?

— Я не разумею таго піетэту, з якім многія да мяне ставяцца. І калі пачынаюць размову з “пералічвання заслуг”, адразу скіроўваю яе ў дзелавое рэчышча: што трэба і калі. Добрых людзей нашмат больш, чым кепскіх. Але наша праблема ў тым, што, пры ўсіх разгалінаваных сродках сувязі, мы сталі больш адасобленымі, не збіраемся разам, каб зазірнуць адно аднаму ў вочы, пагутарыць у добрай кампаніі... А так думкі і з’яўляюцца — самыя нечаканыя, крэатыўныя.

— Большасць вашых думак — пра Беларусь...

— Беларусь — наша маці. І гэтым усё сказана. Вандруючы па свеце, я паўсюль сустракаю шмат беларусаў. І ва ўсіх ёсць нейкая асаблівая прывязанасць да роднай зямлі. Гэта ў генах. Для іншых народаў, бывае, уся Еўропа — родная. А для нас — менавіта свае мясціны. Гэта ўжо як нацыянальная рыса, апетая яшчэ Купалам і Коласам. Сёння ўжо амаль не заўважна розніца паміж тымі, хто нарадзіўся ў заходніх рэгіёнах Беларусі і ў яе ўсходняй частцы. Паўсюль аднаўляецца даўніна, а раней яе подых сапраўды лепш адчуваўся ў заходніх рэгіёнах, дзе больш захавалася гістарычных помнікаў мінулых стагоддзяў. Іншая справа — ці ўсе прагнуць больш даведацца пра сваю малую радзіму. А кожная ж вёсачка мае чым ганарыцца! Як для мяне, дык няма больш цікавага месца, чым роднае мястэчка Поразава. Там быў адзіны касцёл на ўсю акругу, які ўтрымлівалі самі вернікі. У ХV стагоддзі яно атрымала Магдэбургскае права, і гандаль ішоў такі, што падаткаў жыхары плацілі больш, чым Брэст-над-Бугам ці Драгічын. Я яшчэ заспеў старых, якія распавядалі і тое, чаму былі сведкамі, і шматлікія паданні — пра Матку Боскую, якая пад арэшнікам хавалася ад дажджу, пра след яе на камені, пра Трыгор’е, што стаяла на адным з узвышшаў і павалілася, пра Лісіны роў... Дый сям’я ў мяне была цікавая, мой дзед нават пабываў у Амерыцы. Столькі выпрабаванняў на лёсы людзей выпала, але яны не зламаліся, ведалі, што іх заўсёды выратуюць уласныя рукі. Тое ж Поразава цалкам згарэла ў вайну, але ўсе адбудаваліся. Ніхто не плакаўся: дайце мне тое, дайце гэтае... П’яніцаў не было. Кожны быў асобай. А сёння — запытайцеся ў людзей “за шэсцьдзясят”, што яны змогуць вам расказаць? Хіба ўласную сціслую біяграфію...

— Ну, вы да гэтага ўзросту яшчэ не дайшлі, а ўспамінаў назбіралі — на некалькі кніг! Выходзілі не толькі вашы вершы, песні, але і зборнік “Requiem па непатрэбных рэчах” — штосьці накшталт успамінаў-эсэ, з’яднаных адной тэмай, як кніга “Чамадан” Сяргея Даўлатава. Дый зараз, ведаю, пішаце нейкую “хроніку”...

— Так. Каб адзначыў, што ўсё адбываецца ў Поразаве, дык адразу знайшліся б незадаволеныя: і тое было не так, і гэтае — не гэтак. А так — нейкая мясціна. Смешная назва, можна сплесці рэальнасць і фантазіі. Паўсюль важу за сабой ноўтбук, як ёсць хвіліна — адкрываю яго і пішу. Урыўкамі. Бо трэба ж неяк і на жыццё зарабляць...

— А як сям’я ставіцца да ўсіх вашых “раскіданасцей”?

— Нармальна ўсе ставяцца. Я ж не магу сядзець на канапе! Лепшы адпачынак — паехаць на лецішча, змяніць працу разумовую на фізічную. Хату я, можна сказаць, збудаваў сваімі рукамі. Прыдбалі мы яе ў іншай мясцовасці, разабралі, перавезлі. А збіраў я сам. Нешта трэба рабіць у сваім жыцці! Некаторыя артысты сядзяць гадзінамі, косці калегам перамываюць — які з таго плён? Трэба займацца тым, што ў цябе лепш за ўсё атрымліваецца.

— У вас цудоўна атрымліваецца ўсё, што вы робіце. Але ж ці ўсе разумеюць вашу іронію, часам вельмі балючую? Асабліва ў песнях...

— Не ўсе. Немагчыма спадабацца ўсім! Але я навучыўся ставіць сябе на месца сваіх праціўнікаў. Можа, гэта штосьці акцёрскае — ужывацца ў чужую “скуру”. Але я пераношу гэтае ўменне на жыццё — вельмі дапамагае зразумець іншых. Не трэба заўсёды імкнуцца перарабляць людзей! Гэта немагчыма. А вось пасеяць у іх душах штосьці добрае — гэта куды лепш. Мая любімая птушка — сойка. Калі вы раптам бачыце, як паміж сасонак там-сям узрастаюць дубы ды асінкі, нават сустрэнецца сланечнік, грэчка, і лес паступова пачынае змяняцца — гэта сойкі нарабілі. Яны пераносілі насенне, закопвалі яго — і забываліся. А яно ўзрастала. А што было б, калі б лес выкарчавалі...

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"