А яшчэ татачка распавядаў, што яму на ўсё жыццё запомнілася свята Ушэсця, калі дзяўчынкі на каўнерыкі прышпільвалі галінку бэзу… Водар той застаўся ў памяці мастака, у яго творчасці назаўжды! Кожную вясну майстэрня ператваралася ў бэзавы сад! Пасля шэрай восені ды працяглай зімы абуджалася жыццё і… той самы доўгачаканы бэз! “Калі я не “распішуся” гэтымі букетамі, я не магу пачаць новы творчы год”, — заўсёды казаў тата. А потым пленэр… Спачатку на дачы, пасля — у вёсачцы, на радзіме жонкі. І вось на палотнах, здаецца, зацвітаюць бэзавыя сады! Я заўсёды ўзімку рыхтвалася да татавай “пары цвіцення”. Купляла падрамнікі, халсты, фарбы, пэндзлі. Грунтавала па яго асабістым рэцэпце. І чакала, як зачараваная, ягонага сёлетняга “цвіцення”…
Мінулы год спыніў “пару цвіцення” ў зямным жыцці мастака: 10 сакавіка Барыс Аракчэеў пайшоў у Эдэмскі бэзавы сад… Але на ягоны дзень народзін, 19 красавіка, я зрабіла падарунак татачку і прыхільнікам яго творчасці — выстаўку “Калі квітнее бэз…”: гэта нацюрморты і пейзажы, якія я сама ўбачыла ўпершыню. Яны былі напісаны ў апошнюю ягоную вясну… Смела напісаныя, нібыта юнак, студэнт эксперыментуе! Ніколі не скажаш, што гэта 86-гадовы мастак так дёрзка трымае ў руцэ пэндзаль! На маю думку, апошні творчы перыяд жыцця найбольш поўна раскрывае своеасаблівы стыль жывапісца Барыса Аракчэева. І кожны год да Дня нараджэння я буду выстаўляць росквіт барваў Барыса Аракчэева на палотнах! Менавіта з апошніх работ!..
Так было і сёлета. Выстаўка “Пара цвіцення” працуе зараз у Крупках. Гэты горад любіў Барыс Уладзіміравіч. Праз яго праходзіла дарога на радзіму жонкі Галі. І вечны спачын атрымаў мастак непадалёк ад гэтых мясцін, ля вёскі Гара. Там нарадзілася яго Муза. Тут, у Крупках, знаходзіцца і галерэя, якая, упэўнена, атрымае імя мастака. Пры жыцці Барыс Аракчэеў падарыў ёй шмат значных карцін, зрабіўны першы каштоўны ўнёсак яшчэ ў 2005-м пад час яе адкрыцця сваім маштабным жывапісным творам...