Нефарматны “лапаць”, які скінуўся даўно...

№ 23 (1149) 07.06.2014 - 13.06.2014 г

Пятро ШАДУРА, журналіст, галоўны рэдактар газеты "Петрыкаўскія навіны"
Даруйце за спознены глядацкі водгук, але ўсё думаецца мне пра фільм "Талаш", зняты колькі гадоў таму на "Беларусьфільме". Таму як жыхар мясцін, дзе адбываецца дзея твора Якуба Коласа і, адпаведна, фільма, хачу выказаць сваё бачанне гэтай экранізацыі.

/i/content/pi/cult/482/10262/5-2.jpgАле пачну з іншага. Глыбока перакананы, што на запыт аб тым, што мы ведаем такога, каб расцягаць на цытаты, аб “Дрыгве” Якуба Коласа, большасць узгадае найперш менавіта: “Стой, лапаць скінуўся!”. І нічога, у прынцыпе, дзіўнага ў гэтым для нас няма. Затое стоеная іранічнасць, калі аб тым будуць паведамляць, напрыклад, нашы заходнія або ўсходнія суседзі, мае заўважацца ў падтэксце нават без бінокля.

Канешне, сама назва аповесці Якуба Коласа не такая і адназначная, як можа падацца на першы погляд, “Дрыгва” ў дадзеным выпадку — не проста багністая прыпяцкая мясцовасць і нават не змрочныя патрыярхальныя традыцыі мясцовага насельніцтва. Гэта, калі хочаце, стыхія — жорсткая, незалежная. Прыкладна так і паказаны ў творы Талаш як сукупны вобраз палешука: лагодны, разважлівы, гаспадарлівы, але стомлены гістарычнымі перыпетыямі лёсу паляшуцкага народа і краіны ў цэлым, тая дрымотная дрыгва, перанасычаная энергіяй прыгнёту, якая пачала хвалявацца.

Па сцэнарыі, які рэжысёр серыяла “Талаш” Сяргей Шульга скампанаваў сам, але са згоды сына Якуба Коласа — Міхася Канстанцінавіча, у стужцы адлюстраваны 1919 год, супрацьстаянне савецкай Расіі і панскай Польшчы, іх інтарэсы на беларускім Палессі. 76-гадовы Васіль Талаш, незадаволены стаўленнем польскіх салдат і іх паслугачоў да мясцовага люду, стварае партызанскі атрад, звярнуўшыся па дапамогу да чырвонаармейцаў. У некалькіх лініях адлюстраваны палітычныя калізіі таго адрэзку беларускай гісторыі, нацыянальная трагедыя беларусаў, вымушаных вагацца паміж захадам і ўсходам, прысутнічае і любоўная лінія.

Не ведаю, як каму, а мне фільм падаўся надта расцягнутым, недынамічным і нагадаў больш спалучэнне эпізодаў, чым плаўнасюжэтную лінію. У прынцыпе, да выканаўцы ролі Талаша, народнага артыста Беларусі Генадзя Гарбука ў “Талашы” ніякіх прэтэнзій — выдатная ігра, як, дарэчы, і ў Аўгуста Мілаванава дый многіх іншых акцёраў. Але вось сцэнарый, пастаноўка сцэн… Батальныя сцэны занадта імклівыя, выбухі — ненатуральныя. Ну а што яшчэ ёсць у нас? Што можна станоўчага ўзгадаць? Скажам, няхай сабе і з расійскімі акцёрамі, гэта “Белыя Росы” (лідар кінапракату ў СССР 1983 года); ёсць “Вадзіцель аўтобуса” з Віктарам Тарасавым у галоўнай ролі; “Альпійская балада” па Быкаве, Караткевічавы “Чорны замак Альшанскі” і “Дзікае паляванне караля Стаха”; “Сведка” па аповесці Карамазава “Суд у Слабадзе”; новага часу — пташукоўскі фільм “У жніўні сорак чацвёртага”, “Анастасія Слуцкая”, “Снайпер”… Няўжо ў гэтыя шэдэўры ўкладалі шалёныя мільярды, з-за адсутнасці якіх, па словах рэжысёра Сяргея Шульгі, “Талаш” не атрымаўся, як хацелася б, відовішчным?

І не ўпэўнівайце мяне, што, маўляў, час у фільме паказаны няпросты, таму трэба было псіхалагізм твора падаць змрочна і са шматлікімі паўзамі — так, што здавалася, быццам плёнку цягнуць валамі. Але я вось пра што. Пра майстэрства. Хаця б нашых суседзяў. Адзінаццатая па ліку серыяльная экранізацыя “Ідыёта” замесу трэцяга тысячагоддзя (2003 г.) з Мышкіным-Міронавым глядзіцца, можа, нават цікавей, чым ранейшы кінафільм-класіка з Якаўлевым. Фільм “Майстар і Маргарыта” ў рэжысуры таго ж Борткі зрабіў рэвалюцыю сярод моладзі, якой пасля сучаснай экранізацыі Булгакава не стала хапаць кніг у бібліятэках.

Гэта значыць, можна зацікавіць гледача і нефарматам, і рымейкам, калі, зразумела, падысці да гэтага крэатыўна, арыгінальна і па-сучаснаму. На прэм’еру “На спіне ў чорнага ката” “Беларусьфільма” ў Ляскавічы з’ехалася паўраёна. Няўжо былі б палешукі безуважнымі да свайго мясцовага брэнда — Талаша, калі б у масоўцы, знятай у лесе пад Навасёлкамі, — а не пад Смалявічамі! — мы ўбачылі б якога-небудзь Сцяпана ці Кузьму з Бяланавічаў?.. Так што трэба ўлічваць усе нюансы.

А так… Пара вылазіць з лапцяў, панове! Як напісаў у каментарыі на фільм адзін з інтэрнэт-карыстальнікаў: “Прасцей сказаць, запознае кіно, бо “лапаць скінуўся” даўно”. Я ж застануся са шчырай верай у сучасны айчынны кінематограф ды не толькі, бо той “лапаць” — гэта метафарычны вобраз усяго таго, што выклікае асацыяцыі з тармажэннем новага і арыгінальнага.