Маўляў, яго не зразумеюць…

№ 23 (1149) 07.06.2014 - 13.06.2014 г

Каму форум адмаўляе, а хто адмаўляецца ад яго?
Другі Адкрыты форум пластычных тэатраў Беларусі “ПлаSтформа-2014” скончыўся яшчэ ўзімку. І раптам, як вельмі аддалены па часе водгук, — “круглы стол”, прысвечаны і самому фестывалю, і, шырэй, эксперыментальнаму тэатральнаму руху, развіццю пластычнага мастацтва ўвогуле. Хтосьці быў здзіўлены: ці не зарана яшчэ піярыць трэці фэст? І што гэта за такое “абмеркаванне”: не адразу, “па слядах” мерапрыемства, а калі апошняга ўжо, як кажуць, і след прастыў?..

/i/content/pi/cult/482/10260/4-12.jpg

Ініцыятар і натхняльнік "ПлаSтформы-2014" Вячаслаў Іназемцаў у адным з фестывальных прадстаўленняў. / Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Арганізатары лічаць, што ўсё — у самы раз. І, прызнацца, не памыляюцца. Справа тут не толькі ў прымаўцы, што сані, маўляў, трэба рыхтаваць улетку, але і ў фармаце “work in progress” (даслоўна — “незавершаны”), які прапанавала для форуму маладая даследчыца сучаснай харэаграфіі Святлана Уланоўская — у тым ліку, на старонках часопіса “Мастацтва”. Бо менавіта так існуюць сёння многія еўрапейскія фестывалі, прыцягваючы да сябе ўвагу не раз на год ці нават два-тры, а пастаянна — праз бурлівае каляфестывальнае жыццё: творчыя сустрэчы, прэм’еры, лекцыі, дыскусіі, майстар-класы ды іншыя падзеі. І ўсё гэта — “пад шыльдай” фестывалю. Нешта падобнае, толькі куды больш кампактнае па часе рабіў летась Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТэАРТ”, правёўшы за тры папярэднія месяцы некалькі “круглых сталоў”.

Цяперашні “круглы стол” папярэджваўся насычанай, відовішчнай прэзентацыяй, якая пачыналася ўжо на вуліцы, “палохаючы” мінакоў, і працягвалася ў некалькіх залах Цэнтра сучасных мастацтваў. Ужо нават па гэтым “відэашэрагу” можна было пераканацца, наколькі сучаснае пластычнае мастацтва разнастайнае, багатае на жанравыя адгалінаванні, як яно цікава можа спалучацца з іншымі відамі, нават з жывапісам, дапаўняючы выставачныя праекты і надаючы ім новыя сэнсавыя адценні.

Невыпадкова адной з тэм зацікаўленай размовы стала жанравая палітра “ПлаSтформы”. Нагадаем, азначэнне апошняга форуму крыху змянілася: акрамя пластычных, туды дадаліся эксперыментальныя тэатры, а кіраўнік гродзенскага танц-тэатра “Галерэя” Аляксандр Цебянькоў увогуле прапанаваў пайсці па тым шляху, які абрала Польшча, дзе распаўсюджаны тэрмін “перфарматыўнае мастацтва”. Бо сучасныя спектаклі куды шырэй за фарматы драматычных, харэаграфічных, лялечных і да т.п., яны часцей набліжаюцца да разнастайных варыянтаў перформанса, выкарыстоўваюць яго выразныя сродкі на новы манер, апелюючы найперш да глядацкіх асацыяцый, замяняючы “пераказ гісторыі” філасофскімі пошукамі.

Сапраўды, як тут не пагадзіцца, што нам патрэбны не толькі шырокамаштабныя фестывалі, сінанімічныя слову “свята”, якія ахопліваюць усю гарадскую прастору і “сябруюць” з лепшымі прыкладамі масавай культуры, але і фестывалі эксперыментальныя, што не абыдуцца без творчых дыскусій, спрэчак, палярнасці меркаванняў, але будуць рухаць мастацтва наперад. Бо для гэтага каштоўны нават няўдалы эксперымент: па меншай меры, ён указвае “тупіковы” шлях, па якім рухацца не трэба.

Яшчэ адной набалелай тэмай стаўся праславуты недахоп сцэнічных пляцовак.

— Здараецца, ёсць добры спектакль, — кажа кіраўнік пластычнага тэатра “ІнЖэст” Вячаслаў Іназемцаў, — але ён разлічаны прыблізна на трыццаць гледачоў. Не таму, што астатнія, маўляў, яго не зразумеюць, а таму, што яго трэба ўспрымаць менавіта з невялікай адлегласці, адчуваючы атмасферу і энергетыку на ўзроўні працягнутай рукі. А ў нас такіх пляцовак няма! Таму, рыхтуючы кожны чарговы фестываль, штораз сутыкаюся з тым, як спалучыць у адзін вечар, па сутнасці, неспалучальнае. Вядома, даводзіцца ісці на кампрамісы, бо тую ж залу Палаца чыгуначнікаў трэба напоўніць…

З-за гэтага, дарэчы, некаторыя паказы шмат чаго страчваюць. Дый самі праграмы атрымліваюцца незбалансаванымі: побач з вядомымі калектывамі, якія ўжо можна назваць прафесійнымі, выступаюць пачаткоўцы. І хаця для апошніх такое суседства можа лічыцца прэстыжным, спрыяльным для далейшай творчасці, бо дысцыплінуе, вымушае раўняцца на лідараў, гледачы, здараецца, пакутуюць. Ды ўсё ж, каб маладыя калектывы былі сабраны ў нейкую асобную праграму, пэўна, гэта было б “утульней” і для іх саміх, і для публікі, якая б мэтанакіравана ішла паглядзець на тых, “хто прыйшоў у мастацтва”, і даравала б некаторыя пралікі, ведаючы, што перад ёй пачаткоўцы…

На “круглым стале” наконт гэтага выказваліся практычна ўсе: і самі ўдзельнікі, і ўласна гледачы-прыхільнікі таго ж “ІнЖэста”, даведаўшыся пра абмеркаванне праз сацыяльныя сеткі, і арганізатары, і крытыкі. Тым не менш, усе ў адзін голас адзначалі, што сёлета калектывы-ўдзельнікі зрабілі вялікі прафесійны рывок. Хаця, той жа Іназемцаў не хавае арганізацыйных праблем: прафесіяналы, бывае, адмаўляюцца, а пачаткоўцам — наадварот, адмаўляе форум…

Свой погляд выказаў доктар філасофскіх навук, прафесар, вядомы тэатразнаўца і крытык Вадзім Салееў:

— На маю думку, прафесійны драматычны тэатр зараз зніжае свой узровень, а аматарскі, наадварот, — павышае. Бо матэрыяльная падтрымка там бывае часам вышэй. Але, усё роўна, самі ўдзельнікі, здараецца, атрымліваюць ад свайго мастацтва больш задавальнення, чым глядач, бо ў кожным творы павінна быць не толькі самавыяўленне, але і адпаведны мастацкі ўзровень…

“ПлаSтформа” прынцыпова не мае конкурснага складніка: усе выступаюць на роўных, без усялякіх размеркаванняў, хто на якім месцы апынуўся (маўляў, у мастацтве — усе першыя, кожны ў сваёй “культурнай нішы”). Але гучалі і прапановы ладзіць “інтэрактыўныя” трансляцыі ў Інтэрнэце — онлайн ці ў запісе: гэта не толькі папулярызавала б сучаснае мастацтва, але і дазваляла б адсочваць, што карыстаецца большым попытам гледачоў.

Бо галоўнае, што робіць гэты форум, — фарміруе культурнае асяроддзе. З аднаго боку, калектывы бачаць адно аднаго, могуць завязваць творчыя стасункі, выходзіць на сумесныя праекты. З іншага ж — усё гэта ўплывае на густы гледачоў, паступова прывучае публіку не толькі да традыцыйнага мастацтва, але і да альтэрнатыўнага, а таксама да іх разнастайных міксаў, дзе кожны зможа знайсці нешта сваё.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"