Манументальны пенал

№ 23 (1149) 07.06.2014 - 13.06.2014 г

Ілья СВІРЫН, рэдактар аддзела газеты"Культура"
У гістарычнай забудове Венецыі ці Кракава столікі летніх кавярняў размяшчаюцца непасрэдна на ходніках старых вулак і плошчаў альбо ў зацішных дворыках, па суседстве з абавязковай зацыраванай бялізнай. Натуральна, гэта няправільна, негігіенічна і ўвогуле не па-багатаму. Што тут казаць, калі ў такіх забягалаўках нават плазму няма куды ўплішчыць, як і пару вялізных калонак! Ну а ці ж можа быць прыстойная кавярня без тэлевізара і “ненавязлівай пазітыўнай музыкі”? Вось і даводзіцца бедным наведвальнікам слухаць пошум вякоў ды глядзець адно аднаму ў вочы...

/i/content/pi/cult/482/10259/4-11.jpgУ якасці панацэі, на Беларусі вынайшлі ўласны фармат летняй кавярні — манументальны шкляны пенал. Такіх вялікіх і прыгожых пеналаў, як у нас, мне больш нідзе бачыць не даводзілася — у іншых гарадах чамусьці звычайна абмяжоўваюцца сціплымі парасончыкамі ці ўвогуле нейкім глупствам накшталт рэтра-трамвая. У большасці выпадкаў, пеналы прысабачваюцца менавіта да гістарычных будынкаў (мабыць, проста таму, што ў цэнтры любога горада іх большасць), уносячы ў іхні знешні выгляд не прадбачаныя архітэктурнай задумай карэктывы. Затое павесіць у пенале плазму ды калонкі няма ніякіх праблем.

Вось, напрыклад, Гродна. Пра тое, што з кавярнямі ў сёлетняй Культурнай сталіцы — поўны “швах”, вядома кожнаму. Калі іншыя беларускія гарады няспынна дэманструюць станоўчую дынаміку, тут ужо які год — хіба таптанне на месцы. Нешта з’яўляецца, нешта знікае, а агулам — тая ж самая карціна. Каб дзесьці прыткнуцца ды павячэраць, даводзіцца патраціць на пошукі добрую гадзіну, а пра Wi-Fi тамтэйшыя рэстаратары, відаць, наогул не чулі. Затое, не так даўно на вуліцы Савецкай з’явіўся новы прыгожы пенал.

Так, гэта тая самая вуліца Савецкая, дзе ледзь не кожны дом — шэдэўр грамадзянскага дойлідства (за выключэннем хіба інтэрвенцый савецкага часу). Там процьма старасвецкіх утульных дворыкаў, якія дазваляюць адчуць сябе “ў Еўропе” нават без шэнгенскай візы. Ёсць, вядома, і сутарэнні, дзе водзяцца калі не прывіды, дык дакладна гродзенскі genius lоci. Але замест засваення гэтага несумненнага скарбу, там чамусьці пабудавалі пенал з дзіўнай для колішняга каралеўскага горада “губернскай” назвай.

Без сумневу, афіцыйна ён з’яўляецца “часовым збудаваннем” — ніхто б не дазволіў узводзіць шкляны капітальны навадзел у самым сэрцы гістарычнага цэнтра, які з’яўляецца суцэльным помнікам горадабудаўніцтва міжнароднага значэння. Але ўвесь цымус у тым, што гэты “летні павільён” мне давялося пабачыць... у снежні. А што, дэмантаваць такі будан па завяршэнні сезона не надта і проста. Гэта ж не столік з парасонам прыбраць.

А ўжо ў цяперашнім сезоне свой пенал прырос і да аднаго з самых пазнавальных помнікаў Мінска — вежаў-“варотаў” на Прывакзальнай плошчы. Кажуць, таксама часова. Таму, напэўна, можна было нават і не задумвацца, ці гарманічна гэты навадзел спалучаецца з велічным творам савецкага архітэктара Барыса Рубаненкі.

Здавалася б, шыкоўны неакласіцыстычны ансамбль утрымлівае процьму ўтульных месцаў для тых самых летніх столікаў. Але, падаецца, за ўтульнасцю ў нас ніхто не гоніцца. Вось і тлумны фэст ля Палаца спорту, як кажуць, атрымае пастаянную прапіску. Хаця паблізу — цэлыя кварталы старой забудовы, якія ўвечары выглядаюць спусцелымі ды безжыццёвымі. Чамусьці ледзь не ва ўсім свеце прынята бавіць суботнія вечары менавіта ў такім антуражы.

І наўрад ці наведвальнікі згаданага фэсту могуць здагадацца, што яны знаходзяцца ў “сакральным” для горада месцы яго вытоку — Мінскім замчышчы…