Крытычная сітуацыя на ўзроўні “быць або не быць”

№ 17 (1143) 26.04.2014 - 02.05.2014 г

Гістарычныя могілкі: “непрыкметны пагорак” як месца памяці
Сёлета Міжнародны дзень аховы помнікаў і памятных мясцін па ініцыятыве арганізацыі-заснавальніка ICOMOS быў прысвечаны помнікам мемарыялізацыі. Тэматычны спектр даволі шырокі, і Беларускі камітэт згаданай арганізацыі вырашыў асабліва сакцэнтаваць увагу на праблематыцы гістарычных некропаляў. Менавіта ёй быў прысвечаны “круглы стол”, які прайшоў з нагоды свята ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы і ў чарговы раз засведчыў, што тэма і сапраўды вельмі шматгранная, прычым кожны з яе аспектаў вымагае асобнага стаўлення. Як абараніць ад “чорных капачоў” археалагічныя помнікі? Як захаваць закінутыя фамільныя капліцы шляхты і каменныя крыжы — праўдападобна, найстаражытныя надмагільныя помнікі на Беларусі? Але найбольшая ўвага гэтым разам была нададзена найбольш распаўсюджанаму тыпу гістарычных могілак — звычайным пагостам, што спаконвеку месцяцца на ўскраіне кожнай вёскі або мястэчка...

/i/content/pi/cult/481/10254/4-1.jpg

Валанцёры-некрапалісты на працы.

/i/content/pi/cult/481/10254/4-3.jpg

Вось так выглядаюць тыповыя гістарычныя могілкі.

Апошні след вёскі

Як мяркуюць спецыялісты, найбольш актыўна і паслядоўна ў нас ахоўваюцца тыя пахаванні, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі ўпраўлення ўвекавечвання памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Яго начальнік — палкоўнік Віктар Шумскі — па памяці прывёў колькасць выяўленых воінскіх пахаванняў, што знаходзяцца на дзяржаўным уліку, — 7 331, і агулам у іх спачывае больш за 2 мільёны чалавек. Прычым, апрача сістэмы статыстыкі ды класіфікацыі такіх месцаў памяці, створана і даволі эфектыўная сістэма іх аховы.

Па словах архітэктара Галіны Левінай, якая займаецца тэмай увекавечвання ахвяр вайны, не забыты нават тыя трагічныя месцы, што знаходзяцца за межамі вёсак ды гарадоў. Шматлікія “ямы”, ля якіх карнікі расстрэльвалі яўрэйскае насельніцтва, сёння адзначаны мемарыяльнымі знакамі. Вось толькі, на жаль, з’явілася новая праблема.

— На месцы спаленай фашыстамі вёскі Федзькі на Віцебшчыне сёння — разараная ніва, — распавяла Галіна Левіна.

Самае прыкрае, што моцна пацярпелая ў вайну вёска ўсё ж адрадзілася ўжо ў мірны час. Знікла яна параўнальна нядаўна, у сувязі з усім вядомымі дэмаграфічнымі працэсамі. І знікла, здаецца, бясследна.

Нярэдка здараецца так, што могілкі застаюцца адзіным матэрыяльным сведчаннем даўняй гісторыі таго або іншага населенага пункта. Апошняе датычыцца і сусветна вядомай Хатыні. Дырэктар Мемарыяльнага комплексу Артур Зельскі даўно выношвае ідэю пашырыць музейную тэрыторыю і на стары вясковы пагост, што сёння апынуўся “па-за плотам”. Пакуль што ідэя так і завісла ў паветры — праз разнастайныя праблемы самога комплексу, якія ўрэшце зводзяцца да адной: браку фінансаў. Між тым, гісторыя могілак бярэ пачатак ажно ў XVII стагоддзі — разам з гісторыяй Хатыні. Адпаведна, новы пункт мемарыялу здатны спарадзіць і новае сэнсавае вымярэнне.

 — На тых могілках усё пазарастала хмызамі ў рост чалавека, — распавёў Артур Зельскі. — Некалькі гадоў таму разам з Лагойскай парафіяй больш-менш там прыбралі, але... Трэба ўжо зяленіва наноў высякаць, а ахвотных няма...

Як адзначыла мадэратар “круглага стала” Ала Сташкевіч, старыя могілкі з’яўляюцца неад’емнай часткай тыповага беларускага краявіду, а разам з тым — і культурнага ландшафту. Гэтае паняцце, якое спалучае рукачынны ды прыродны складнікі, у апошнія дзесяцігоддзі ўсё часцей ужываецца ў паважных міжнародных дакументах, прысвечаных ахове спадчыны: сёння спецыялісты лічаць патрэбным разглядаць помнік не як “рэч у сабе”, але менавіта ў арганічным для яго атачэнні. Ды, на жаль, у беларускім заканадаўстве гэтае паняцце пакуль не адлюстравана.

Намеснік старшыні Беларускага бюро ICOMOS Цімафей Акудовіч звярнуў увагу на тое, што неўзабаве гістарычныя пахаванні могуць і наогул пазбавіцца хоць якога асобнага юрыдычнага статуса: у новай рэдакцыі Закону аб пахаваннях адсутнічае такі тэрмін, як “гісторыка-мемарыяльныя могілкі”.

— Таму мы падалі прапанову надаць усім пахаванням да 1917 года пэўны спецыяльны статус, — распавёў ён. — Гэта не азначае ўнясенне кожнага з іх у Дзяржспіс, але... проста больш-менш паважлівае стаўленне. Прынамсі, каб не выкідалі на сметніцу. Бо сёння галоўная праблема ў тым, што “звычайныя” гістарычныя могілкі пакуль не ўспрымаюцца як помнікі спадчыны...

Фіксацыя імёнаў

Вёска Каралішчавічы — усяго за некалькі кіламетраў ад Мінскай кальцавой аўтадарогі. Пасярод бясконцых прамысловых зон сталічных прадмесцяў высіцца невялічкі пагорак, спрэс зарослы дрэвамі ды хмызняком. Выпадковы мінак, мабыць, і не зразумее, што насамрэч гэта старыя каталіцкія могілкі. Пліты ды камяні больш як стогадовай даўніны на добрую палову ўраслі ў зямлю, і з дарогі іх не відаць.

— І гэта цалкам тыповы прыклад для ўсёй Беларусі, — кажа Цімафей Акудовіч. — Нават спецыялісты дакладна не ведаюць, колькі ў нас такіх могілак. Нібыта, яны не ўяўляюць нічога звышцікавага: тут няма пахаванняў нейкіх знакавых постацей. Але, тым не менш...

Задача невялічкай групы валанцёраў-некрапалістаў, якая выправілася туды на талаку акурат у Вялікую суботу, — перапісаць звесткі з магільных камянёў. Апошнія ўяўляюць эксклюзіўную гістарычную каштоўнасць. Жарты жартамі, але ў большасці выпадкаў менавіта магільная пліта з’яўляецца тым адзіным следам, які чалавек пакінуў у гісторыі...

— Калі захаваецца цяперашні стан рэчаў, дык значная частка гэтага “каменнага архіва” ўжо цягам пары гадоў папросту знікне: цалкам сыдзе пад зямлю, альбо... хтосьці знойдзе для яе прымяненне ў сваёй гаспадарцы, — дадае Цімафей Акудовіч.

Методыка даволі простая: прачышчаючы сабе шлях праз “джунглі”, валанцёры адкопваюць тую частку пліты, што апынулася пад зямлёй, робяць яе фотафіксацыю ды занатоўваюць прозвішча і даты жыцця пахаванай тут асобы. Часам надпіс на пліце настолькі сцёрся, што яго ўжо немагчыма прачытаць, але калі пацерці яго вільготнай зямлёй, літары прамалёўваюцца. Так, сваё месца ў гісторыі набывае нейкая паненка Юлія Алёшкаўна, якая адышла ў іншы свет у 1905-м, маючы ўсяго 18 гадоў...

Спытаўшы ў валанцёраў, ці здараліся нейкія неспадзяваныя сенсацыйныя адкрыцці, я пачуў ад іх: пакуль не, але яны абавязкова будуць. Сабраныя пад час такіх палявых даследаванняў звесткі трапляюць у базу даных на сайце niekropali.by, якая папаўняецца энтузіястамі з усёй Беларусі. У сваю чаргу, яна з’яўляецца неацэнным матэрыялам для гісторыкаў, што распрацоўваюць самую розную тэматыку. І калі база даных будзе налічваць не пару тысяч прозвішчаў, як цяпер, а ў дзясяткі разоў больш, адкрыцці павінны здарыцца проста паводле тэорыі верагоднасці.

Дырэктар Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку Мікалай Гайба піша ва ўводным артыкуле сайта: “Даследаванне могілак дапамагае аналізаваць сацыяльнае жыццё населеных пунктаў, разнастайнасць нацыянальнага складу жыхароў, іх традыцыі і вераванні, у пэўнай ступені прасачыць эканамічныя працэсы, рух архітэктурных стыляў ды іншае. Важным з’яўляецца і маральны аспект такіх даследаванняў: захаванне гістарычнай і нацыянальнай памяці пра нашых продкаў”.

І таму немінуча паўстае пытанне аб карэнным вырашэнні лёсу гэтых “нічыйных” месцаў (фармальна, вядома, кожнае з іх мае свайго ўласніка, але...). Не век жа ім быць парослымі бур’яном.

Два шляхі: быць або...

Варыянтаў выйсця з гэтай “крытычнай сітуацыі”, як заўсёды, два: альбо нехта ўсё ж будзе апекавацца гістарычнымі могілкамі, альбо... яны канчаткова знікнуць, а на іх месцы паўстане нешта іншае — больш адпаведнае актуальным сучасным патрэбам. Тых старых магіл, якія па-ранейшаму даглядаюць сваякі, у Каралішчавічах усяго некалькі.

— Па вялікім рахунку, гэтае пытанне знаходзіцца ў кампетэнцыі мясцовай супольнасці, — лічыць Цімафей Акудовіч. — Ёй і вырашаць. Сапраўды, на Беларусі здавён была такая завядзёнка: калі сваякі працягвалі апекавацца магілай, гэтае месца лічылася святым, і ніхто яго не кранаў. А калі пра магілу забывалі, дык ужо праз паўстагоддзя замест яе можна было рабіць новыя пахаванні...

Як адзначыў пад час “круглага стала” Віктар Шумскі, падобная практыка адпавядае таксама і заканадаўству ў заходніх краінах: праз пэўны часавы перыяд надмагільныя збудаванні могуць быць знесены. І сапраўды, неяк на старых берлінскіх могілках выпадкова давялося натрапіць на сціплае пахаванне знакамітага паэта-рамантыка Адэльберта фон Шаміса. Побач была таблічка з надпісам ад рукі: не чапаць, бо за гэтую магілу заплаціла нямецкая дзяржава. А па суседстве — новыя пахаванні.

— Аднак важна, каб ліквідацыя старых надмагільных помнікаў не рабілася цішком, каб магільныя пліты дбайна захоўваліся ў нейкім спецыяльна адведзеным месцы, а не выкідаліся і не знікалі бясследна, — дадае Цімафей Акудовіч.

Гадоў дзесяць таму акурат гэтак, “цішком”, знік помнік на магіле вядомага філосафа Фларыяна Бохвіца і яго сваякоў у вёсцы Дарава, што на Ляхавіччыне. А вось родавы склеп Гартынгаў у Завушшы быў ускрыты ды апаганены яўна з канкрэтнымі мэтамі: нехта шукаў скарбы...

На думку Цімафея Акудовіча, тыя пахаванні, што маюць гістарычнае або мастацкае значэнне, павінны трапіць у Дзяржспіс — ды, адпаведна, ахоўвацца дзяржавай. А вось што да такіх сціплых могілак, як у тых жа Каралішчавічах...

— Вядома, куды лепш будзе, калі і гэтыя месцы памяці захаваюцца, бо ў большасці такіх выпадкаў “зямельнае пытанне” зусім не стаіць востра, — перакананы суразмоўца. — І тут не патрэбны нейкія звышнамаганні — хіба што павысякаць раз на год кустоўе, зрабіць нейкія сцяжынкі, падняць паваленыя пліты... Думаю, такую справу цалкам асіліць мясцовая парафія або, скажам, школа. Тым больш, гэта сапраўдная патрыятычная акцыя: зберагаць памяць пра тых звычайных дактароў, настаўнікаў, рамеснікаў, якія стагоддзе таму жылі ў тваіх родных мясцінах...

Як адзначыла пад час “круглага стала” юрыст Марына Сатоліна, для таго, каб наладзіць сістэмную працу па захаванні гістарычных могілак, дастаткова і ўжо існуючай юрыдычнай базы — урэшце, паўторымся, ніводзін гэты аб’ект не з’яўляецца “нічыйным”. Таму, як мяркуе спецыяліст, усё залежыць ад ініцыятывы на месцах.