Шарму б...

№ 17 (1143) 26.04.2014 - 02.05.2014 г

Ці ўдыхнеш душу ў “гербарый” ?
Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” сабрала журналістаў на прэс-паказ “мульцікаў”, знятых за апошнія паўтара года. Убачанае — уразіла, у чым ніхто і не сумняваўся, бо наша анімацыя атрымлівае прызы за прызамі на міжнародных фестывалях. За адзін мінулы год — каля дваццаці ўзнагарод. Але ж ці ведае пра тое айчынны глядач? І дзе яму ўбачыць тыя стужкі? За 42 гады існавання анімацыйнай студыі іх было зроблена — 180. А колькі з іх мы можам прыгадаць? Пра цяжкасці распаўсюджвання “мульт-прадукцыі”, пра вымушаныя творчыя прастоі нашых аніматараў на радзіме (прытым што апошнія запатрабаваны ў замежжы) і пайшла размова пасля прагляду. Ну пагаварылі (у які раз!). А што далей?..

/i/content/pi/cult/481/10249/8-2.jpg

Кадр са стужкі "Ронда-капрычыёза".

/i/content/pi/cult/481/10249/8-4.jpg

Кадр са стужкі "Песні жаўрука".

Нагадаем, “К” неаднойчы ўзнімала гэтую тэму. Што ж змянілася? Стос праблем у мультыплікатараў (як, дарэчы, і ў кінематаграфістаў, уключаючы дакументалістаў) не зменшыўся. Фінансаванне пакуль прыпынілася, бо яго механізм аказаўся не цалкам адладжаным. Зусім нядаўна, здавалася б, было Даручэнне Прэзідэнта: здымаць па паўтары гадзіны мульцікаў на год. Пад гэта было закладзена і фінансаванне. Але як атрымаць аддачу ад гэтых грошай? І якую? Што лічыць за эфектыўна скарыстаныя сродкі? Гэтыя пытанні не былі потым прапісаны, і “раздача” (на конкурснай, вядома, аснове) прытармазілася. На работу ўсёй нашай анімацыі патрэбна ў год хаця б 10 — 15 мільярдаў беларускіх рублёў. Конкурс жа аб’явілі — на 1 мільярд. На такую суму, у сярэднім, можна зняць хвілін дзесяць. Бюджэт 13-хвіліннай стужкі — ужо паўтара мільярда. І гэта прытым, што мастакі, здараецца, працуюць за паўтара мільёна ў месяц. Вось і разбягаюцца, знаходзячы працу ў Расіі...

Распаўсюджванне прадукцыі — асобная праблема, якую “К” узнімала яшчэ часцей за фінансавую. Тэлебачанне купляе мульцікі не надта ахвотна: хіба ж у час іх дэманстрацыі заробіш на рэкламе? Продаж расійскім тэлеканалам ажыццяўляецца на асабістых кантактах. DVD выпускаюцца, але гандаль імі прыносіць малыя прыбыткі. Аляксандр Ленкін, адзін з сусветна вядомых лідараў беларускай анімацыі, упэўнены, што прасоўваннем нашых стужак павінны займацца спецыяльна навучаныя прафесіяналы. Бо пакуль, на яго думку, айчынныя мультфільмы рэкламуюцца не надта настойліва. Праўда, здараецца, мы іх усё ж бачым, толькі не здагадваемся, зазначыў ён, што яны беларускія. Бывае, нешта “круцяць” перад пачаткам кінасеансу. Але мара рэжысёра — правесці акцыю “Беларускія аніматары — дзецям”. Калісьці ён ужо аб’язджаў усю Беларусь з мультфільмамі. Чаму б не зрабіць гэта наноў?

А пакуль — паспрабуем асэнсаваць убачанае: чатыры леташнія + чатыры сёлетнія стужкі. Нельга сказаць (хаця, зразумела, і хацелася б у тое верыць), што ўсе яны апрыёры лепшыя за мінулыя. І гэта нармальна! Бо мастацтва не можа развівацца паводле адно татальна ўзыходзячай лініі. Поспехі айчыннай анімацыі ніхто не аспрэчвае. Але менавіта высокі прафесійны ўзровень кожнай стужкі і дазваляе ацэньваць апошнія па тым жа высокім рахунку. Ні ў якой меры не прэтэндуючы на “ісціну ў апошняй інстанцыі”, што сталася атавізмам савецкіх часоў, усё ж дазволім сабе некаторыя думкі.

Каб сярод паказаных мульцікаў праводзіўся б конкурс, дык Гран-пры, безумоўна, атрымала б анімацыйная стужка “Ронда-капрычыёза” Ігара Волчака, выкананая ў тэхніцы камп’ютарнай перакладкі. І не таму, што гэта адзіны твор для дарослых. Проста, там ёсць усё. Філасофскі роздум пра побыт і палёт — думак, творчасці, птушак-мар, крылаў душы, свабоды. Дасканалая форма ўвасаблення гэтай прытчы, зададзеная ўжо надзвычай трапнай назвай, дзе “ронда” азначае паўторнасць — тую самую побытавую завядзёнку, а “капрычыёза” (ад слова “капрыз”) — фантазію, парушэнне правілаў. Абсалютная гарманічнасць усіх складнікаў, дзе немагчыма аддзяліць візуальнае ўспрыняцце ад гукавога, што паўстае гэткай “туманнай фанасферай”. Пранізлівы нацыянальны каларыт — без звыклых “лявоніх” з “перапёлачкамі”, дасягнуты праз воклічы “Антось!” ды такія ж “туманныя” відарысы, а галоўнае — праз само светаўспрыняцце. Нарэшце, “упісанасць” нацыянальнага ў еўрапейскае і, шырэй, сусветнае мастацтва — праз міфалагічнасць і з’яўленне напрыканцы карціны Пітэра Брэйгеля Старэйшага, якая раптам становіцца не вынікам, а зыходным пунктам расповеду.

Пошукі самаідэнтыфікацыі — і на ўзроўні ўсёй нацыі, і на ўзроўні асобы дзіцяці — сталі тэмай маляванай “Песні Жаўрука” Таццяны Кубліцкай. Мульцік напоўнены дабрынёй, нейкай асаблівай, літаральна матчынай пяшчотай. Ён спрэс беларускі — па сваіх пастэльных, папраўдзе “прыродных” фарбах, па апавядальным тэмпарытме, што нагадвае “казку на ноч”, па мяккасці агульнай інтанацыі. У ім з’яднаны такія, здавалася б, несумяшчальныя, але вельмі ўласцівыя нашай культуры рысы, як схільнасць да эпікі (падарожжы Жаўрука выкладзены зусім не па-прыгодніцку, а менавіта эпічна, бы ў своеасаблівым “летапісе”) і... імпрэсіянізм, што вядзе адлік не толькі ад В.Бялыніцкага-Бірулі, але і ад самой беларускай прыроды. Ёсць у фільме і песня — фінальная, “запраграмаваная” і сюжэтам, і назвай стужкі. Яе чакаеш — і расчароўваешся. Бо гучыць не столькі музыка, колькі гэткі... “говорок” на адной ноце. Хай бы ўжо рэп, калі з мелодыяй цяжкавата! Але, можа, гэта такая задума? Шукаў-шукаў Жаўрук сваю песню, а знайшоў — пык-мык, дзірку ад абаранка...

Затое наколькі ўпрыгожыла і без таго прыгожы, маляўнічы мульцік “Мышка” Уладзіміра Пяткевіча, выкананы метадам традыцыйнай перакладкі, яркая, часам іранічная музыка Віктара Капыцько з уласцівымі гэтаму кампазітару “спасылкамі” ў тэхніцы калажу! Месцазнаходжанне “хаткі ля сажалкі”, дзе жыве Мышка, абсалютна дакладнае: на паўднёва-усходнім Палессі, у тым яго рэгіёне, які фалькларысты называюць беларуска-ўкраінскім памежжам. Асабліва шмат мікстаў з украінскай традыцыйнай культурай у колеравым абліччы герояў, дзе спалучаюцца пярэстыя, сакавітыя фарбы, пазбаўленыя мігцення светлаценяў. І ўсё б добра, ды толькі сам тварык Мышкі (гэтак жа, як і ейнай маці) — з ратком на баку. Міжволі ўзнікае пытанне (яго, дарэчы, абавязкова задалі б мне мае дзеці, калі былі маленькімі): дык маці Мышку з дому не пускала, бо тая хварэе?..

На жаль, у некаторых беларускіх мульціках (і не толькі ў тых, што былі на праглядзе) героі спрэс нейкія, як бы мякчэй сказаць, непрыгожыя, бляклыя, без аніякага шарму ды ўнутранай энергетыкі, што перадавалася б праз выяву на экране. Пагаджуся, што яны адметныя, індывідуалізаваныя, але... непрывабныя. Як жа ў нас узнікне зачараванасць калі не прыгажосцю, дык прыцягальнасцю, ад якой дыханне перахопіць? Атрымліваецца, мы павінны іх палюбіць не па закліку сэрца, а “па загадзе”, за адно тое, што яны — нашы. З дарослымі такое пры пэўных абставінах пройдзе, з дзецьмі — ніколі. Тым больш, калі ёсць замежныя карціны, дзе нават усялякіх “пачвар” так і хочацца прылашчыць.

А што рабіць, калі героямі анімацыйных стужак становяцца... гербы беларускіх гарадоў? Тым не менш, у цыкле мікраметражных фільмаў “Аповед мінулых гадоў”, з якога журналістам паказалі нядаўні шосты выпуск, гэтая праблема вырашана. Бо тут ажывае сімволіка гербаў — дзе ўсур’ёз, а дзе і з гумарам. Асабліва ўдаўся аповед пра Бабруйск, выкананы Русланам Сінкевічам у пластылінавай анімацыі. Дый увесь гэты цыкл заслугоўвае ўвагі і падтрымкі. Праўда, ад гледача часам патрабуецца ўвага — надта пільная, на мяжы чалавечых магчымасцей, бо мігценне кадраў і сам аповед (прыблізна па дзве хвіліны на кожны герб) ідуць скорагаворкай. Ды яшчэ ў кожным выпуску сабраны адразу па шэсць серый — па колькасці абласцей Беларусі. Добра, што мультфільмы змагаюцца з цягамоцінай, але ж каб інфармацыя засвоілася, яе трэба паспець калі ўжо не “разжаваць”, дык хаця б “праглынуць”. Іначай тыя гербы ператвараюцца ў “гербарый”.

Але ж сама ідэя — “ажыўлення” сухога аповеду — магла б быць прадоўжана. Тым больш, што ў саміх аніматараў ужо ўзнікалі прапановы зрабіць экранізацыі беларускіх казак, зняць асветніцкія мульцікі для школ. Дый іншыя прыклады ёсць — хаця б сумесны расійска-беларускі цыкл “Казкі старога піяніна”. Нядаўна выйшаў шосты выпуск — пра Шапэна. Наперадзе — пра Ёгана Штрауса-сына. Былі б грошы, а фантазія — знойдзецца!..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"