Агінскі з Опернай вуліцы

№ 22 (1148) 31.05.2014 - 06.06.2014 г

Колькі ж тэатраў было ў Слоніме?
На новым будынку Слонімскага драматычнага тэатра адкрылі мемарыяльную шыльду, прысвечаную Міхалу Казіміру Агінскаму (1728 — 1800) — гетману Вялікага Княства Літоўскага, мецэнату, кампазітару, заснавальніку традыцый тэатральнага мастацтва ў Слоніме. Аўтар яе — слонімскі скульптар Леанід Богдан.

/i/content/pi/cult/480/10245/14-1.jpg

 

 

Мемарыяльная шыльда Міхалу Казіміру Агінскаму.

/i/content/pi/cult/480/10245/14-3.jpg

Так выглядаў Тэатр Агінскага ў Слоніме. / Выява з фондаў Слонімскага раённага краязнаўчага музея

Сапраўды, з дзейнасцю вялікага гетмана літоўскага Міхала Казіміра Агінскага быў звязаны росквіт Слоніма ў другой палове XVIII стагоддзя. У ноч на 23 верасня 1771-га яго трохтысячнае войска было разбіта пад Сталавічамі (цяпер Баранавіцкі раён) рускімі войскамі Суворава. Пасля паражэння Міхал Казімір Агінскі эмігрыраваў. Але праз чатыры гады, атрымаўшы амністыю і секвестраваныя маёнткі, ён вярнуўся ў Слонім, дзе пабудаваў некалькі прадпрыемстваў, друкарню, заснаваў тэатр і капэлу. Па яго ініцыятыве і на ягоныя сродкі быў пабудаваны ў Слоніме і Канал Агінскага.

У тэатры Міхала Казіміра Агінскага працавалі прафесійныя беларускія, польскія, нямецкія, італьянскія оперныя і драматычныя акцёры, мастакі, прыгонны хор і балет. Тэатр меў свае філіялы ў Целяханах ды Сельдцах. Збор партытур твораў, што выконваліся на сцэне тэатра, уключаў 60 опер, 18 балетаў, 3 музычныя камедыі, 253 сімфоніі і больш за 460 іншых музычных сачыненняў. У 1781 годзе функцыянаваў “плывучы тэатр” на баржах на Агінскім канале ў Слоніме. А “дом оперы” меў вялікую сцэну, прыстасаваную для паказаў любых барочных спектакляў, оперных і балетных, для выхаду вялікай колькасці спевакоў ды артыстаў, для тэатральных баталій коннікаў і водных феерый (частка сцэны затаплялася вадой з канала і па ёй плавалі лодкі), для складаных дэкарацый, сцэнічных эфектаў. Тэхнічныя магчымасці сцэны дазвалялі паказваць і два фантаны, якія асвятляліся бенгальскімі агнямі.

Побач з тэатрам у 1765 годзе ў Слоніме пачала дзейнічаць першая кавярня (“кафенхаус”). Гэта быў сапраўды шыкоўны цагляны будынак, аздоблены ўнутры шаўковымі шпалерамі і гравюрамі на медзі. Посуд тут быў фаянсавы, варшаўскай вытворчасці.

Сам Міхал Казімір Агінскі пісаў музыку і літаратурныя творы, некаторыя з якіх былі надрукаваны ў слонімскай друкарні. Ён выдаў кнігу “Байкі і не байкі” ў двух тамах.

Тэатр Агінскага ў Слоніме знаходзіўся на Опернай вуліцы. На вялікі жаль, яго будынак да сённяшніх дзён не захаваўся. Але ёсць у Слоніме Оперная вуліца — назвы такой не мае ніводзін горад у свеце. І той, хто наведае Слонім, можа прайсціся па гэтай вуліцы, па якой некалі спяшаліся артысты ў свой славуты тэатр у Еўропе. А яшчэ захавалася аўстэрыя, пабудаваная з цэглы архітэктарам Я.Боем, які праектаваў пры палацы Агінскага шэраг барочных надворных пабудоў. Палова першага паверха аўстэрыі была адведзена пад гасціную, перакрытую чатырма ветразевымі скляпеннямі з цэнтральнай апорай. Пад гэтай часткай дома знаходзяцца шырокія скляпеністыя падвалы. Цэнтральная лесвіца вузкага вестыбюля вядзе на другі жылы паверх. Аўстэрыя — адзіная ацалелая пабудова аднаго з найцікавейшых палацавых ансамбляў Беларусі другой паловы XVIII стагоддзя. Яна сёння дае ўяўленне аб агульным характары яго барочнай архітэктуры.

Слонім часоў Агінскага нярэдка называлі палескімі Афінамі. Сюды ў святочныя дні з’язджаліся вяльможы і найбагацейшая шляхта з усяго краю і нават з Варшавы. Горад меў узорны парадак. Скверы, сады, аранжарэі ды рыбныя ставы ствараліся і даглядаліся лепшымі спецыялістамі Еўропы. Дарэчы, у Слоніме пры двары Міхала Казіміра Агінскага прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады яго пляменніка — Міхала Клеафаса Агінскага, аўтара вядомага ўсім паланэза “Развітанне з Радзімай”. Тут ён атрымаў пачатковую музычную адукацыю ў вядомага музыканта і кампазітара Іосіфа Казлоўскага...

Той тэатральны шлях, які пачаў у Слоніме Міхал Казімір Агінскі амаль 250 гадоў таму, працягваецца і сёння. У горадзе 24 гады існуе прафесійны дзяржаўны драматычны тэатр, які ставіць спектаклі па п’есах беларускіх, рускіх, польскіх, французскіх, украінскіх ды італьянскіх драматургаў. А сёлета ў сакавіку на месцы старога Народнага дома адкрыўся новы будынак для тэатра. Цяпер жа на ім з’явілася і шыльда, прысвечаная Міхалу Казіміру Агінскаму.

Сяргей ЧЫГРЫН, краязнаўца

Слонім