Сцэна паказала...

№ 22 (1148) 31.05.2014 - 06.06.2014 г

“Jazz-time-2014”: штрыхі да фестывалю ў Салігорску
Гэтак ужо супала, што джаз-фестываль у літоўскім Бірштанасе і дзіцячы “Jazz-time” ў Салігорску праходзяць увесну па цотных гадах. Развагамі пра фэст у Бірштанасе я ўжо дзяліўся на старонках “К”. Надышла чарга Салігорска, дзе ў маі адбыўся традыцыйна трохдзённы — і пяты па ліку — Дзіцячы фестываль джазавай і эстраднай музыкі.

/i/content/pi/cult/480/10243/13-1.jpg

Экспрэсія "Jazz-time-2014". / Фота Настассі ЯСЮЧЭНЯ, выданне "Электронны Салігорск".

Карэктывы

Варта адразу адзначыць, што ён быў найбольш прадстаўнічы, у параўнанні з папярэднімі: у конкурсных спаборніцтвах удзельнічалі каля 400 чалавек. Нягледзячы на тое, што ў бягучым годзе “Jazz-time” атрымаў статус міжнароднага, прадстаўніцтва краін на фестывалі было больш чым сціплае: толькі Беларусь і Расія. Пэўныя праблемы перашкодзілі пашырыць лік краін-удзельніц, але, думаецца, яны будуць вырашаны да 2016-га. Зразумела, гэта наўпрост залежыць ад маштабаў фінансавання, аднак усё можа тлумачыцца адным: магчымасцю непасрэдна параўнаць узровень джазавых выхаванцаў з Беларусі і, скажам, з Літвы, Польшчы ці Украіны, дзе, што й хаваць, традыцыі падрыхтоўкі музыкантаў гэтага напрамку і больш сталыя, і больш грунтоўныя.

Яно, безумоўна, так, але ж сёлетні “Jazz-time” ўнёс у расстаноўку джазавых “аўтарытэтаў” пэўныя карэктывы. І найбольш яскрава гэта адлюстравалася ў выніках спаборніцтва ў такой намінацыі, як “Аркестр”, у якой свае праграмы паказалі як ніколі шмат калектываў: ажно дзесяць. З іх, дарэчы, тры прадстаўлялі Расію. Нагадаю, што ў 2010 годзе Гран-пры фестывалю быў уручаны аркестру Растоўскай дзіцячай джазавай школы імя Кіма Назарэтава пад кіраўніцтвам Андрэя Мачнева. І на тое былі ўсе падставы: усё ж джаз у Растове-на-Доне пачалі выкладаць больш як сорак гадоў таму! Вось чаму чакалася, што і сёлета юныя беларускія джазмены будуць з зайздрасцю слухаць праграмы расійскіх калектываў з Яраслаўля, Раменскага і Масквы. Аднак здарылася непрадказальнае: ніводзін з расійскіх калектываў не быў у стане прэтэндаваць нават на другія месцы. Аказалася, што толькі добрыя інструменты ды сцэнічныя касцюмы яшчэ не гарантуюць перамогі, калі на першым плане стаяць уласна шчырасць і музыка ды энергетыка яе паказу. У выніку перамогу ў гэтай намінацыі атрымаў аркестр Смалявіцкай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Юрыя Навінскага.

Сітуацыя тым больш цікавая, што ў складзе журы з шасці чалавек двое прадстаўлялі якраз Расію, аднак аніякіх спроб “прапхнуць сваіх” яны не рабілі. Толькі з той прычыны, што сцэна сама паказала, хто на што здольны.

Калектывы

Заўважу пры гэтым, што досвед выступленняў аркестра са Смалявічаў, як, бадай, ніякі іншы, дэманструе той плён, які дае само існаванне фестывалю ў Салігорску ў справе выхавання джазавых выканаўцаў у краіне. Патлумачу гэта. Першы раз, калі давялося пачуць гэты аркестр, аніякага ўражання я асабіста не атрымаў: гэта быў вельмі пасрэдны, тыповы духавы дзіцячы аркестр са стандартным, дастаткова далёкім ад джаза рэпертуарам. Тым не менш ён пастаянна заяўляўся ў конкурс, ягонае кіраўніцтва (аддамо належнае!) прыязджала ў Салігорск найперш з мэтай паслухаць, што і як робяць іншыя, ды пераняць лепшае з пачутага. І вось — цалкам заслужаны вынік! Калектыў нібыта перакінуў масток ад мінулага, у тым ліку і ўласнага, да сучаснасці, выдатна выканаўшы п’есу “Рок-таката” на аснове вядомага твора Баха.

Але найбольш паказальнае тое, што выпадак творчага сталення калектыву са Смалявічаў — далёка не адзіны ў гісторыі фестывалю ў Салігорску. Прыкладам, гадоў з дзесяць таму на фестывалі “Пружанскі блюз”, калі я ўпершыню пачуў біг-бэнд Салігорскай ДШМ, увагу звярнуў юны трубач Ягор Сушчэня, які трымаўся на сцэне не па гадах упэўнена і па-гаспадарску, выканаўшы сола ў “Summertime”. Мінулі гады, Ягор вырас і цяпер вучыцца ў Лідскім музычным каледжы, з якога сёлета ў Салігорск прыехаў брас-квінтэт (валторна, трамбон, туба, дзве трубы). І выступіў гэты квінтэт настолькі ўпэўнена, што ці не да апошняга праслухоўвання прэтэндаваў на Гран-пры, а сябра журы, вядомы кампазітар і тэарэтык джаза з Расіі Юрый Чугуноў назваў гэты калектыў найбольш тэхнічна дасканалым на конкурсе. Можна, канешне, казаць пра тое, што ў такім узросце яшчэ праблематычна казаць пра заканчэнне сталення музыкантаў як асоб творчых, але, тым не менш, у мяне няма аніякіх сумневаў: дзякуючы менавіта фестывалю “Jazz-time” на падыходзе да прафесійнай джазавай сцэны ў Беларусі пачынае ўтварацца здаровая канкурэнцыя. Канешне, не толькі “Jazz-time” стварае такую сітуацыю, але ж больш нідзе ў краіне няма такой нагоды, каб і дзеці, і педагогі мелі магчымасць паслухаць адно аднаго, пераняць досвед, з тым, каб упэўнена ісці далей у абраным кірунку.

Нездарма старшыня журы, знакаміты музыкант, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Ткачэнка абсалютна шчыра прызнаўся:

— Калі ў 2006-м я ўпершыню прыехаў сюды для працы ў журы, дык і падумаць не мог, наколькі дадзены форум істотны для будучыні беларускай музыкі. Тыя дзеткі, якія два-чатыры гады таму толькі намацвалі свой шлях у джазавым рэчышчы, сёння дэманструюць цалкам спелае разуменне гэтага напрамку музыкі. Фестываль развіваецца настолькі імкліва, што ў гэта мне часам нават цяжка паверыць…

Вельмі радуе, што “Jazz-time” атрымаў істотную падтрымку з боку Мінаблвыканкама, супрацоўнік якога Яўген Асташоў выканаў неацэнную па маштабах працу. Тое ж можна казаць і пра супрацоўнікаў Салігорскай ДШМ на чале з Алегам Шчэрбавым: адладжанасць працы арганізатараў фестывалю цяпер дасягае самых высокіх ацэнак.

Заўвагі

Праўда, пару заўваг арганізатарам усё ж хацелася б выказаць. Як і мінулы фестываль, “Jazz-time-2014” трансляваўся on-line ў Інтэрнэце, а таму ягоныя гледачы з розных краін маглі непасрэдна рэагаваць на пачутае. А вось з пачутым, прынамсі, у першыя два дні, праблемы такі былі. Упершыню для агучвання канцэртаў была запрошана брыгада, хоць раней “Jazz-time” абыходзіўся ўласнымі сіламі. Склалася ўражанне, што запрошаная каманда раней з джазам наогул не працавала: праблемы з агучваннем вытыркаліся ледзь не на кожным кроку. Другое: “Jazz-time” ўсё ж праходзіць на беларускай зямлі, а таму суцэльная рускамоўная рэклама дзейства выглядае неяк не зусім дарэчы. Тое ж датычыцца і фестывальнага сайта, дзе беларускамоўная версія проста адсутнічае. Дарэчы, і сам сайт мог бы абнаўляцца куды больш аператыўна, ужо пад час самога конкурсу, а не праз некалькі дзён пасля ягонага заканчэння...

Варта адзначыць, што сёлетні фэст у Салігорску пачаўся з сольнага выступлення лепшага джаз-гурта Беларусі “Apple Tea”. Удзельнік гэтага калектыву саксафаніст Ігар Люты творчы шлях пачынаў у Крывым Рогу ў складзе дзіцячага біг-бэнда пад кіраўніцтвам вядомага педагога Аляксандра Гебеля. І гэта — яшчэ адзін штрышок да таго, якое значэнне мае “Jazz-time” ў справе выхавання джазавых кадраў...

Нездарма сталы сябра журы, джазавы аўтарытэт са Швецыі, кіраўнік уласнага аркестра Ёні Лэйф Эрнст Янгтун адзначыў, што пасля знаёмства некалі з аркестрам Салігорскай ДШМ у Літве ён ужо неаднаразова запрашаў юных беларускіх джазменаў для канцэртаў у Швецыі. Гэты калектыў выступаў і на фестывалях у Расіі, а нядаўна джазавая музыка ў выкананні дзяцей з Салігорска прагучала ў Браціславе ды Вене.

У рамках “Jazz-time-2014” прайшоў майстар-клас прафесара Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных, сябра сёлетняга журы конкурсу Юрыя Чугунова, у гонар 75-годдзя якога адбыўся і аўтарскі канцэрт з твораў, якія ён напісаў найперш для юных выканаўцаў джазавай музыкі. Сімвалічнай была і ягоная сустрэча з салігорскім джазавым гітарыстам Іванам Барысавым, які ў свой час вучыўся ў Гнесінцы менавіта ў Юрыя Чугунова.

Вынікі

І на заканчэнне — апошні штрых да “Jazz-time-2014”. Вельмі добра, што арганізатары фестывалю знайшлі магчымасць адзначыць дыпломамі лепшых педагогаў. Гэта насамрэч вельмі істотна, калі тыя займаюць сваё месца. Ведаеце, калі два гады таму ў Салігорск прыехаў джазавы ансамбль са звычайнай вёскі Смалявіцкага раёна, гэта ўспрымалася як нешта на мяжы фантастыкі.

Аднак ёсць Салігорск, ёсць “Jazz-time”, ёсць ягоныя досвед і вынікі, што можна залічыць толькі да беларускай рэальнасці. Людзі задумалі, захацелі — і зрабілі. Якая ж тут фантастыка? Было б жаданне...

Пераможцы

Намінацыя “Ансамбль”: “Black & White” ДМШ імя Гайдна (Масква) і брас-квінтэт з Ліды. Намінацыя “Саліст-інструменталіст” (старшая група) Юлія і Таццяна Галавенкі (гітара, Гродзенская ДШМ), Рыма Латышава (саксафон, маскоўская ДМШ імя Стасава), Ілья Галаваты (марымба, Салігорская ДШМ), Кірыл Ляўчук (саксафон, Мінскі музычны каледж), а ў малодшай групе Уладзімір Лосік, Паліна Фраловіч, Вікторыя Герасіменя, Марыя Трафімовіч (фартэпіяна, усе — Салігорская ДШМ) і Уладзіслава Цімошчанка (фартэпіяна, Мінскі музычны каледж). Намінацыя “Аркестр”: Смалявіцкая ДШМ, кіраўнік Ю.Навінскі. А Гран-пры фестывалю ўпершыню адправіўся ў Баранавічы з біг-бэндам “Jazz Party” пад кіраўніцтвам Паўла Вароніна мясцовага музычнага каледжа. Гэты калектыў паказаўся мацнейшым за ранейшых уладальнікаў узнагароды — бэнда Салігорскай ДШМ Леаніда Карташова (лідар 2006 года) і Капыльскай ДШМ Льва Канапляніка (2008-ы і 2012-ы).

Дзмітрый ПАДБЯРЭЗСКІ, музычны крытык