Гучная песня Ціхінічаў

№ 5 (823) 02.02.2008 - 08.02.2008 г

Адметнасці культурнай сферы Рагачоўшчыны не толькі ў тым, што тут паспяхова выконваецца раённы складнік абласной праграмы “Моладзь”, распрацаванай летась упраўленнем культуры Гомельшчыны; не толькі ў тым, што ў рэгіёне пад пільным кантролем знаходзіцца кадравае пытанне: больш за 80 працэнтаў спецыялістаў маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю, 18 з 247 вучацца завочна ў ВНУ, ССНУ, 15 — мэтавікі, якія вучацца стацыянарна. І не ў тым нават, што ўсе даведзеныя планы мясцовы аддзел летась перавыканаў і па выніках абласной выніковай калегіі названы адным з лепшых на Гомельшчыне. Адметным і вартым паўсюднага пераймання падаецца іншае: улады раёна ўсяляк падтрымліваюць аддзел культуры і першарадным абавязкам лічаць не толькі нарошчванне сельгасвытворчасці, але і паралельнае якаснае пераўтварэнне культурнай сферы: удасканальванне і матэрыяльнай базы, і форм работы з насельніцтвам. Толькі адзін штрых: пры паўсюднай эканоміі бюджэтных сродкаў будаўніцтва ў сферы культуры — мінімальнае, але штогод з’яўляюцца новыя тыпы ўстаноў з абавязковай мадэрнізацыяй і формы, і зместу. Напрыклад, у старым будынку раённай школы мастацтваў неўзабаве адкрыюцца зала для прэс-канферэнцый і карцінная галерэя (новая ДШМ упрыгожыць прылеглую да райвыканкама тэрыторыю ўжо сёлета), а леташняе адкрыццё Грамадска-культурнага цэнтра ў аграгарадку “Ціхінічы” дазволіла пазбавіцца ад прыкрага даўгабуда (збіраліся калісьці ўзвесці гандлёвы цэнтр, але сіл не хапіла) і падштурхнуць вёску да новага кроку ў сацыякультурным развіцці. Гэтыя і іншыя пераўтварэнні супалі з прыходам на пасаду старшыні райвыканкама Віктара БАНЧУКА, які лічыць, што канцэртны раяль (такі, як у Ціхінічах) павінен быць у кожным аграгарадку: і як сімвал таго, што вясковыя дзеці ў параўнанні з гарадскімі ніяк не абдзелены ў рэалізацыі магчымасцей, і як абавязковая ўмова выхавання новай свядомасці новага пакалення.

Гэтае шматграннае слова “культура”

Мне могуць запярэчыць: узаемадзеянне ўлад і іх падначаленых структур рэч абавязковая і заканадаўча замацаваная. Згодны цалкам: так павінна быць.

Але бывае, на жаль, не заўжды. Іншым разам рэнтабельнасць вытворчасці, паказчыкі намалотаў і надояў для пэўных кіраўнікоў больш надзённыя ў параўнанні з праблемамі культуры, якая ў раёне застаецца спрадвечнай падчаркай з працягнутай рукой... Рагачоўскі старшыня райвыканкама ў размове можа бясконца аперыраваць лічбамі і фактамі, звязанымі з мясцовай культурай, а яе развіццё ў сённяшніх умовах лічыць ці не самай прэстыжнай для рэгіёна справай.

— Віктар Леанідавіч, як ацэньваеце леташнюю работу аддзела культуры? Што з выкананага грэе вашу душу?

— Пачну з традыцыйных нашых святаў, якія сталі візітоўкай раёна. Народ да іх прызвычаіўся і лічыць неад’емным складнікам жыцця. І галоўную ролю ў гэтым, натуральна, адыгрывае аддзел культуры, які прафесійна аб’ядноўвае насельніцтва вакол мясцовай духоўнай спадчыны. Госці з бліжняга і дальняга замежжа шчыра здзіўляюцца, калі бачаць такую актыўнасць і самадзейных артыстаў, і гледачоў. І вельмі істотна, што клопат пра людзей стаў для аддзела культуры галоўным. Раён наш — адмысловы. У сельскай мясцовасці пражывае 35 тысяч чалавек, столькі ж— у Рагачове. Усе сельскія ўстановы культуры — а гэта 29 СДК, два сельскія клубы, Дом народнай творчасці ў вёсцы Курганне, Раённы цэнтр рамёстваў у вёсцы Стрэнькі, Дом рамёстваў у Востраве і Цэнтр культуры і адпачынку ў аграгарадку “Ціхінічы” — адпавядаюць самым сучасным патрабаванням... Так склалася, што вёска Ціхінічы пэўны час не мела клуба. Прыйшлося пайсці на нестандартнае рашэнне: перапрафіліравалі недаўзведзены гандлёвы цэнтр пад установу культуры. Няблага папрацавалі праектанты. Будынак атрымаўся арыгінальны і па форме, і па змесце. Цяпер там дзейнічае неблагое кадравае ядро. Безумоўна, такія пераўтварэнні — не танныя. У Грамадска-культурны цэнтр укладзена 2,7 мільярда рублёў. У адным будынку — і бібліятэка, і музычная школа, і пакой для заняткаў харэаграфіяй, і Цэнтр культуры і адпачынку з дыскатэчнай залай і пакоямі для арганізацыі гуртковай дзейнасці. Плюс да ўсяго месціцца тут камбінат бытавога абслугоўвання і дабудоўваецца гасцінічны комплекс, які на першы час забяспечыць жыллём маладых спецыялістаў культуры, у якіх Ціхінічы яшчэ маюць патрэбу. У перспектыве — узвядзенне фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Таму дзейнасць ГКЦ Ціхінічаў будзе ладзіцца з адначасовым выкарыстаннем магчымасцей ФАКа.

Адкрытае акцыянернае таварыства “Ціхінічы” развіваецца пад патранатам Нацыянальнага банка РБ і яго старшыні Пятра Пятровіча Пракаповіча. Сёлета праектныя работы завершацца, і прыступім у другой палове года да будаўніцтва.

— Аграгарадок “Ціхінічы” з пункта гледжання сацыякультурнага развіцця — з’ява унікальная хаця б з той прычыны, што не ва ўсіх беларускіх вёсках ёсць такая шыкоўная зала для заняткаў харэаграфіяй. А як выглядаюць Ціхінічы з пункта гледжання арганізацыі вытворчасці?

— Добра, што вы, як чалавек сферы культуры, задаяце такія пытанні. Для любога кіраўніка сацыяльнае не павінна знаходзіцца збоч ад вытворчага, бо за ўсімі гэтымі нюансамі— паўнацэннасць нашага жыцця, узровень заробкаў, дабрабыту, нашага духоўнага развіцця. Таму заўжды слова “культура” выкарыстоўваю і ў дачыненні да сельгасвытворчасці... Так, на малочна-таварных фермах “Ціхінічаў” — суперсучаснае замежнае абсталяванне, работу якога кантралюе камп’ютэрная тэхніка. Але поспех справы, як і ва ўстановах культуры, вырашае, натуральна, не тэхніка, а людзі. І калі чалавек і працуе, і адпачывае ў выдатных умовах, не горшых за гарадскія, ён адчувае асалоду ад жыцця. Укладзеныя грошы акупляюцца ростам прадукцыйнасці працы. І мы ўдзячныя Нацыянальнаму банку, яго кіраўніцтву, якое наўпрост удзельнічае ў адраджэнні беларускай вёскі... А ўсяго ў вытворчую сферу раёна ўкладзена за тры апошнія гады каля 80 мільярдаў рублёў. За гэты час Рагачоўшчына з апошніх месцаў абласнога спаборніцтва здолела выйсці ў сярэдзіну. Раён упэўнена набірае тэмпы развіцця. І робіць гэта не без актыўнага ўдзелу работнікаў культуры і горада, і вёсак.

— Побач з райвыканкамам узводзіцца школа мастацтваў. Таксама ваша ініцыятыва. Але і стары будынак быццам неблагі? Якія мэты ставілі, калі распачыналі чарговы культурніцкі праект?

— Тры з паловай гады таму, калі прыйшоў на пасаду старшыні, адразу вырашыў ліквідаваць даўгабуд, які ніяк не ўпрыгожваў цэнтр горада. Аж 18 гадоў таму тут была закладзена першая цагліна. Адрадзілі замарожаную будоўлю. Сёлета мяркуем здаць школу мастацтваў пад ключ.

А стары будынак таксама будзе выкарыстаны аддзелам культуры з максімальнай карысцю для раёна: неўзабаве там адкрыецца карцінная галерэя. Я проста перакананы, што любы беларускі райцэнтр павінен яе мець. Гэта красамоўны паказчык развіцця культуры і цудоўны доказ таго, што Рагачоўшчына заўжды была багатая на таленты.

“Працаваць — не перашкаджаю, абыякавасці — не дарую”

Начальнік аддзела культуры Рагачоўскага райвыканкама Міхаіл ЗАЙЦАЎ на пасадзе гэтай чацвёрты год. Але ўжо паспеў даказаць сабе і людзям, што ў культуры ён — невыпадковы, а на кіраўніцкай пасадзе — ініцыятыўны, дзеяздольны і прынцыповы. Вучыўся ў Рагачоўскай музычнай школе, браў удзел у самадзейнасці. Бацька, музыка-самавук, творца ад Бога, марыў, каб сын стаў не футбалістам, а музыкантам. Таму далей была не школа алімпійскага рэзерву, а Гомельскае музвучылішча імя Нестара Сакалоўскага. Пасля размеркавання працаваў на Жлобіншчыне, служыў у войску, быў акампаніятарам у Рагачоўскім ДК, потым там жа — метадыстам, загадчыкам метадкабінета. Скончыў музычна-педагагічны факультэт педінстытута імя Максіма Горкага, да 2004 года цудоўна спраўляўся з абавязкамі выкладчыка педвучылішча па класах “музыка і спевы” і “рытміка і харэаграфія”. Апошнія гады — начальнік аддзела культуры... У падыходах да выканання штодзённых абавязкаў ён вельмі падобны на старшыню райвыканкама. Дзейнічае па прынцыпе “Працаваць — не перашкаджаю, абыякавасці — не дарую”. Талент кіраўніка арганічна сумяшчае з талентам творцы: 20 гадоў таму стварыў фальклорны калектыў “Добры вечар”, з’яўляецца яго нязменным мастацкім кіраўніком. Гурт стаў народным, на леташнім Міжнародным фестывалі “Жывая вада” ў Харкаве заняў другое месца. У рэпертуары — песні Рагачоўшчыны, па-майстэрску апрацаваныя і аранжыраваныя Міхаілам Зайцавым.

— Якія высновы, Міхаіл Фёдаравіч, зрабілі для сябе за тры гады працы на пасадзе начальніка аддзела культуры?

— Калі спецыяліст ініцыятыўны і мае жаданне працаваць, дык не варта яму перашкаджаць. Мой абавязак — стварыць умовы, садзейнічаць у пачынаннях, адсочваць вынікі. А яны ёсць: пяцігадовая выхаванка Даша Дзенісенка з раённай школы мастацтваў (эстраднае аддзяленне) на Мінскім конкурсе “Вікторыя” за свае спевы атрымала дыплом трэцяй ступені... Пасля бліскучых перамог на дзіцячых конкурсах “Еўрабачання” Гомельшчына імкнецца не толькі замацаваць, але і палепшыць поспех. На гэтай хвалі якасна ўзмацнілася работа з моладдзю і ў райцэнтры, і ў вёсках. Прыклад таму — Ціхінічы, дзе сёння праходзіць чарговы тур раённага конкурсу юных спевакоў. А ў вёсцы палова насельніцтва моладзь, а гэта — 700 чалавек, і кожны патрабуе індывідуальнага падыходу. Да гэтага скіроўваю культасветработнікаў: абуджайце жаданне тварыць і працуйце дыферэнцыравана з любой групай насельніцтва. Досвед раённай школы мастацтваў распаўсюджваем у раёне. У Ціхінічах вы ў гэтым пераканаецеся.

— Абласная праграма “Моладзь” стала ўзорнай для іншых рэгіёнаў Беларусі. Як выконваецца адпаведная раённая праграма?

— З 2004-га ладзім раённы конкурс “Лепшая сям’я года”. Народны маладзёжны тэатр “Мэтр” пры ГДК паспяхова выступае на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах у Роўне, Бранску, на “Арт-сесіі” ў Гомелі. Паўсотні ўдзельнікаў узростам ад 13 да 19 гадоў узорнай студыі “Дотык”, якая сёлета адзначыла дзесяцігоддзе, упрыгожылі сваім выступленнем мінулы Усебеларускі фестываль нацыянальных культур у Гродне... Дарэчы, звыш ста нашых спецыялістаў — моладзь да 30 гадоў. Для іх вучоба — асобная: метадычныя дні, семінары-практыкумы па арганізацыі работы клубных аб’яднанняў, канферэнцыі па экалагічным, патрыятычным выхаванні і фарміраванні здаровага ладу жыцця. Усе 311 клубных аб’яднанняў раёна так ці інакш працуюць на станаўленне маладой творчай асобы... Экскурсійнае абслугоўванне падлеткаў — адзін з 15 відаў платных паслуг. Разам з Музеем народнай славы ладзім вандроўкі па горадзе “Гістарычныя і памятныя мясціны Рагачова”, “Помнікі Вялікай Айчыннай вайны”. У планах — асваенне 12 гістарычных турмаршрутаў па раёне, ажыццяўленне этнаграфічнага праекта “З народных крыніц” па папулярызацыі сярод школьнікаў традыцыйных промыслаў і народнага мастацтва Рагачоўшчыны.

Раён маладзее. Вельмі адказна ставіліся да паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі, да развіцця разумнага дыскатэчнага руху. У кожным СДК ёсць планы тэматычных дыскатэк і вечароў адпачынку “Краіна здароўя”, “СНІД не даруе”, “Дарогай у Здараўляндыю”, “І доўгім хай будзе твой век”. У час такіх мерапрыемстваў ладзяцца сустрэчы з супрацоўнікамі міліцыі, юрыстамі, урачамі, спартсменамі. Гэтым досведам наш метадычны цэнтр, якім кіруе Ірына Седлер, гатовы падзяліцца з любым аддзелам культуры Беларусі. Тэлефануйце, прыязджайце — заўжды рады супрацоўніцтву з аднадумцамі... Пазалетась распрацавалі Палажэнне і абвясцілі раённы конкурс інфармацыйна-забаўляльных дыскатэчных праграм “Запальвай!”. Па леташніх выніках лепшымі ў гэтым кірунку сталі Стаўпнянскі, Паболаўскі, Зарэчанскі СДК, Курганскі сельскі дом народнай творчасці. Вельмі паказальны, на мой погляд, прыклад: у Ціхінічах нават тады, калі не было сталага клуба, а мясцовыя культасветнікі арандавалі пад дыскатэкі сельсаветаўскія памяшканні, план па аказанні дыскатэчных паслуг заўжды перавыконваўся. А што ўжо казаць пра сённяшні размах дзейнасці, калі з’явіўся ў вёсцы Грамадска-культурны цэнтр!

— Міхаіл Фёдаравіч, як спрацавалі за год?

— Цяжкім для нас ён быў. Маю на ўвазе і ліквідацыю ціхініцкага даўгабуда і здачу ГКЦ у аграгарадку, якую правялі ў снежні. Але вытрымалі экзамен, думаецца, з годнасцю. Мы даказалі сваю дзеяздольнасць. Раённыя бюджэтныя ўкладанні ў культуру летась павялічыліся амаль да 4 мільярдаў. Як вы ўжо ведаеце, сёлета будзе здадзена новая школа мастацтваў, дзе запланавана выкладаць і жывапіс, і харэаграфію, і ігру на народных інструментах. З’явяцца тут і лабараторыя традыцыйных промыслаў, і студыя гуказапісу, і канцэртная зала. Думаем і над стварэннем салона-магазіна па рэалізацыі прадукцыі трох нашых дамоў рамёстваў. І не толькі таму, што гаворка пра гэта ў маштабах Беларусі вялася на пасяджэнні выніковай калегіі Міністэрства культуры, а яшчэ і па той прычыне, што неабходнасць гэтага ў раёне даўно наспела: турыстаў і гасцей — шмат, дык ці ж варта нам губляць прыбыткі?!

За год колькасць народных калектываў павялічылася на два і дасягнула 14-ці. А ў маім разуменні званні “народны” і “ўзорны” — усеагульнае прызнанне творчай дзейнасці. І першая прыступка для далейшага самаўдасканалення...

Усе даведзеныя планы аддзел культуры ў мінулым годзе перавыканаў. І па платных паслугах, і па энергазберажэннях — ва ўстановах культуры ўстаноўлена 20 прыбораў уліку цяпла. Зэканомлена летась 63,6 мільёна рублёў за кошт укаранення энергазберагаючых тэхналогій...

Яшчэ адно неаспрэчнае дасягненне.

Летась — ужо 12 гадоў запар — у раёне прайшло ўзнагароджанне прызам “Залаты Рог” па самых розных намінацыях за дасягненні ў сферы культуры. Прыз прыдумала вядучы спецыяліст аддзела культуры Людміла Волкава, а яго ўручэнне стала адметнай падзеяй на Рагачоўшчыне.

Леташні год пераможны і тым, што наш народны тэатр, якому ўжо 40 гадоў, з п’есай “Прымакі” паводле Янкі Купалы заняў у вобласці першае месца сярод аматарскіх калектываў...

— Ваша бачанне перспектыў у раённай сферы культуры?

— Хацелася б, каб у нашы ДК ішла максімальная колькасць наведвальнікаў, каб клубы сталі цэнтрамі грамадскай і грамадзянскай актыўнасці, каб чытачоў стала больш у бібліятэках — і гарадскіх, і самых аддаленых вясковых. А ўсё гэта залежыць толькі ад нашага прафесіяналізму! Летась у раёне ўтварыліся два аграгарадкі, сёлета з’явяцца яшчэ чатыры. У кожным будуць працаваць філіялы школы мастацтваў.

У Ціхінічах — не ціха

Пацвярджэнне слоў і старшыні райвыканкама, і начальніка аддзела культуры я знайшоў у вёсцы Ціхінічы. Сапраўды, у той дзень тут праходзіў раённы конкурс эстраднай песні. Мясцовыя шкаляры запоўнілі канцэртную залу шыкоўнага Грамадска-культурнага цэнтра. “Будучыя нашы спецыялісты!” — пазіраў на прыгожых спевакоў Міхаіл Зайцаў. Узгадваючы колькасць мэтавікоў у раёне, сумненняў не выказваю. На тысячы квадратных метраў ГКЦ зала для дыскатэк; памяшканне для галерэі, дзе неўзабаве размесціцца выстаўка манет Нацыянальнага банка, а экспазіцыя традыцыйнага мастацтва ўжо дзейнічае; пакоі для гурткоў (кулінарнага і касцюмернага); більярдная; канферэнц-зала. Я ўжо не кажу пра тры камп’ютэры, два музычныя цэнтры, швейныя машыны, халадзільнік, СВЧ-печ, лічбавы фотаапарат... Дык вось, на фоне гэтай раскошы маладым вяскоўцам не толькі спяваецца добра, але і перспектывы адкрываюцца самыя зманлівыя. Многія з іх, як я пераканаўся, ужо гатовы пасля школы ісці ў ВНУ культуры, каб вярнуцца дыпламаванымі творцамі-культасветнікамі ў родную вёску. У кепскую не вярнуліся б.

У ліквідацыю даўгабуда рэспубліка, вобласць і раён уклалі 2,7 мільярда рублёў. Новаму будынку — 2 месяцы. Але да добрага прызвычайваешся імгненна. Як паказала апытанне, без ГКЦ вяскоўцы свайго жыцця ўжо не ўяўляюць.

Вельмі нялёгка цяпер мясцовым клубным работнікам. Яшчэ ў снежні з матэрыяльнай базы нічога не было, і раптам — усё, ды яшчэ з прыкідкай на перспектыву, ды яшчэ з катэгарычным падыходам спадара Зайцава: “Праз месяц праверым і прааналізуем работу кожнага ціхініцкага культасветніка!”. Таму і не дзіўна, што дырэктар ГКЦ збіраецца сёлета паступаць ва Універсітэт культуры. У штаце — акампаніятар і мастацкі кіраўнік, два майстры-метадысты для гуртковай работы. Яшчэ два спецыялісты патрэбны, як паветра. Згадалі з Міхаілам Зайцавым колішнюю практыку ВНУ, ССНУ культуры, якія прымушалі сваіх выпускнікоў рэалізоўваць творчыя дыпломныя праекты на сцэнах вясковых клубаў. Гэта пэўным чынам і дысцыплінавала, і дапамагала адаптавацца ў новых умовах, а канкрэтны вынік уласнай крэатыўнасці павышаў аўтарытэт ва ўласных вачах і ўзводзіў будучага маладога спецыяліста ледзь не ў ранг ганаровага грамадзяніна вёскі. Чым не першасны стымул для замацавання дыпламаваных спецыялістаў у правінцыі, якая на сёння амаль не адрозніваецца ад горада? Словам, не ўсё забытае — кепскае...

А пакуль культасветнікі Ціхінічаў працуюць у рэжыме максімальнай напружанасці — каб апраўдаць давер вяскоўцаў, каб напоўніць сучасную форму ГКЦ адпаведным зместам. Не без дапамогі раённага метадцэнтра правялі навагоднія святкаванні, рыхтуюцца да Масленкі, цішком задумваюцца аб інавацыях, каб неўзабаве агаломшыць вёску нестандартным культурніцкім праектам. І Ціхінічы, і Зайцаў чакаюць выніку. А яго не можа не быць. Толькі дыскатэчная зала прынесла за двухмесячнае існаванне ГКЦ каля мільёна рублёў.

Суладным хорам сваю песню спявае і калектыў ДШМ. Тут таксама шмат прыкладаў ініцыятыўнасці, якую прынята адносіць да карыснага прафесійнага досведу. Яшчэ нядаўна школа з 12-цю вучнямі была філіялам адпаведнай раённай структуры. Таццяна Раманцова, правёўшы сярод вяскоўцаў анкетаванне, абышоўшы ледзь не кожны падворак Ціхінічаў, сабрала 80 вучняў (для ператварэння філіяла ў школу патрэбна як мінімум паўсотні навучэнцаў). Так і з’явілася ў аграгарадку ДШМ з аддзяленнямі харэаграфіі, жывапісу, народных інструментаў, акардэона і фартэпіяна, а Раманцова стала дырэктарам школы мастацтваў.

Заключылі летась дамову з Гомельскай абласной філармоніяй. Канцэртная зала ГКЦ стала яшчэ і філарманічнай пляцоўкай. Упаўне натуральная справа пры наяўнасці раяля за 35 тысяч долараў, набытага для вёскі за кошт абласных сродкаў!

Не горшы чым у горадзе і пакой для харэаграфічных заняткаў. Але ўражвае не столькі ён, колькі майстэрства харэографа Вольгі Бандарэнка і акампаніятара Святланы Жалязновай, колькі тое, што два дзесяткі юных танцораў увобмірг і ўпэўнена сядаюць на “шпагат”. У лік рэкардсменаў ДШМ па заслугах занесены і юны Антон Ткачук, які займаецца тут і жывапісам, і вучыцца іграць на баяне. Словам, Ціхінічы пазбавіліся ад патрыярхальнай цішы, разгарнулі якасна новую старонку свайго вясковага быцця, на якой і юныя, і сталыя вяскоўцы з прагай да культурніцкай асветы ўпэўнена пішуць свае біяграфіі.

“Чытала ў “Культуры” прамову міністра на пасяджэнні выніковай калегіі Міністэрства, — паведаміла з радасцю Святлана Касьянава, загадчыца мясцовай бібліятэкі, якая таксама размешчана пад дахам ГКЦ. — Па камплектаванні бібліятэчных фондаў Гомельшчына названа ў ліку лепшых!”. Натуральна, Святлана Сяргееўна, у гэтым — і ваша заслуга. За мінулы год ва ўстанове з’явілася 500 новых найменняў літаратуры, а фонд перавысіў 15 тысяч адзінак.Ціхініцкая бібліятэка таксама ўражвае — і мэбляй, і музычнай апаратурай на 5 мільёнаў рублёў — для правядзення літаратурна-творчых мерапрыемстваў, і пакоем псіхалагічнай разгрузкі, і асобнай залай для праграмнай школьнай літаратуры нашых класікаў. А яшчэ нядаўна бібліятэка, як і ДМШ, месцілася на арэндаваных у сельсавета і ФАПа тэрыторыях. Вось такія аграгарадскія пераўтварэнні, якімі Рагачоўшчына мае поўнае права ганарыцца.

Па-сутнасці, культура Ціхінічаў ва ўмовах новай матэрыяльнай базы робіць першыя свае крокі. Але крокі прадуманыя і метадычна падмацаваныя. І доказам таму тое, што аграгарадок у аспекце свайго культурнага развіцця паспеў стаць за два месяцы прэзентацыйным брэндам усяго раёна, а мясцовы ГКЦ здолеў пераўтварыцца ў цэнтр духоўных зносін не толькі мясцовай грамады, але і творцаў усёй Рагачоўшчыны. Якой будзе чарговая старонка — пакажа час.

 Андрэй СТАРЖЫНСКІ
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск — Рагачоў — Ціхінічы — Мінск

Фота аўтара