On i off абаяльнага Абломава

№ 22 (1148) 31.05.2014 - 06.06.2014 г

Нестандартная прэм'ера: а хочацца адпаведнасці...
Афіша Абласнога драматычнага тэатра папоўнілася спектаклем “Аблом off” па п’есе расійскага драматурга і рэжысёра Міхаіла Угарава. Спектакль паставіў артыст тэатра Андрыян Барткевіч. Ён жа выступіў і ў якасці мастака-пастаноўшчыка. Імя сучаснага пісьменніка (не Ганчарова ж, вядома!), перш за ўсё, звязваецца з такім кірункам у драматургіі, які пазначаецца тэрмінам “новая драма”. Да яго можна аднесці і тэксты п’ес шэрагу сучасных беларускіх аўтараў, што, як вядома, больш запатрабаваны ў расійскіх тэатрах, чым у айчынных. Геаграфія драматургаў — розная, а вось тэндэнцыя — агульная.

/i/content/pi/cult/480/10234/8-4.jpg

Дзяніс Фешчанка ў галоўнай ролі. / Фота Кацярыны СУШКО

Дарэчы, мастацкія кіраўнікі, галоўныя рэжысёры беларускіх тэатраў па-рознаму ацэньваюць гэты напрамак: хтосьці скептычна, хтосьці насцярожана, хтосьці сумняваецца ў поспеху ў гледачоў, а хтосьці не ведае, як гэтыя творы ставіць. Азнаёміцца з гэтымі меркаваннямі можна было на старонках штотыднёвіка “Культура” за 2013 год. Маладзечанскі тэатр пайшоў на пэўную рызыку. П’есу Міхаіла Угарава я ведаю вельмі даўно. Гэта версія хрэстаматыйнага рамана, адкуль узяты ключавыя персанажы ды матывы, у якой прысутнічае аўтарскі погляд на датычнасць да часу напісання п’есы. Або — да нашага часу.

Не збіраюся рабіць разбор і пакіну гэта прафесіяналам. Я ішоў на здачу спектакля з цікавасцю: як можна паставіць гэтую п’есу, каб не ўзнікла адчуванне нуды ад статычнасці або ад шматлікіх маналогаў? Першае, што кінулася ў вочы — гэта больш чым сціплае афармленне, якое складалася са стала, крэслаў, падабенства тапчана і невялікага подыума ў глыбіні сцэны. Пры параўнанні са сцэнаграфіяй апошніх сталічных прэм’ер, якія выклікалі рэзананс, мімаволі прыходзіць на розум прымаўка: у кагосьці капуста вадкая, а ў кагосьці перліны дробныя. Зыходзячы з гэтага афармлення, можна меркаваць пра аб’ёмы фінансавання спектакля і зрабіць выснову, як “выкручваецца” тэатр у новых умовах. У працэсе прагляду я пачынаў у думках праводзіць паралелі з раманам Ганчарова, з вядомай экранізацыяй Мікіты Міхалкова, прыгадваць тэрміны “обломовщина”, “штольцевщина”, пра якія яшчэ ў школьныя гады казалі настаўнікі, спрабуючы ў папулярнай форме расшыфраваць гэтыя архетыпы. Не адкажу за ўсю “новую драму”, але пасля прагляду мне здалося, што гэтай канкрэтнай п’есе катэгарычна супрацьпаказана такое ўвасабленне спосабу сцэнічнага існавання, які можна пазначыць як бытавую праўду жыцця. І пацвярджэнне сваёй думкі я знайшоў у Сеціве, прагледзеўшы спектакль Міхаіла Угарава, які ён некалі сам паставіў у Цэнтры драматургіі і рэжысуры А.Казанцава і М.Рошчына.

У сваім спектаклі рэжысёр вывеў на сцэну ўсю моладзь, што маецца ў трупе. Выключэнне складае выканаўца ролі Захара — артыст Сяргей Карзей. Я бачыў на здачы той склад, у якім адчуваецца неаднастайнасць у выканальніцкай манеры сярод артыстаў з вопытам і тых акцёраў, хто дэбютаваў на сцэне або адносна нядаўна прыйшоў у тэатр. Асабліва гэта відаць на прыкладзе выканаўцы эпізадычнай ролі Пасыльнага, на якую запрошаны супрацоўнік тэхнічнай службы. Упэўнены, што бачны патэнцыял зусім маладых выканаўцаў будзе раскрыты, а практыка прынясе свой плён. У адным пункце хацелася б максімальна правільнага разумення. Тэатр узнік не ўчора, а мае гісторыю даўжынёй амаль у чвэрць стагоддзя. Хочацца адпаведнасці статусу, гісторыі і напрацаванаму досведу ўсяго калектыву, асабліва што датычыцца прызначэння нават на эпізадычныя ролі.

Выканаўца ролі Абломава — артыст Дзяніс Фешчанка — за час працы ў тэатры ніколі не надаваў асаблівага значэння сваёй запатрабаванасці або значнасці. Ён з аднолькавым задавальненнем ды азартам прыдумляе характары сваіх персанажаў і адыгрывае іх у казках або ў эпізадычных ролях. Абломаў — першая галоўная роля Дзяніса на сцэне тэатра. Артыст задаволены, ён літаральна свеціцца, ягоныя вочы блішчаць. Яго Абломаў — лагодны, трапяткі і па-чалавечы абаяльны персанаж.

Тэатр не быў бы тэатрам, каб у ім не было месца эксперыменту і творчаму пошуку.

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр