"А калі не спяваць аб Радзіме, дык навошта наогул спяваць?.."

№ 22 (1148) 31.05.2014 - 06.06.2014 г

30 мая не стала Генадзя Бураўкіна...
Учора памёр Генадзь Бураўкін. Паэт, чыё слова багатае той тонкасцю, далікатнай мілагучнасцю, што ёсць само каханне, сама Любоў. А яшчэ Бураўкін — той паэт, з песнямі на словы якога мы расцём, сталеем, мудрэем... Прачытаўшы (урэшце, мы ўпэўнены, што — перачытаўшы) тут вершы Генадзя Мікалаевіча, некаторыя з якіх сталі любімымі песнямі, задумайцеся на хвілінку: дык ці настолькі мы сапраўды абыякавыя да свайго, роднага, крэўнага, як тое стэрэатыпна павялося, калі ёсць такія словы і такое Слова, такая музыка і песня, што нас яднаюць — "ад калыханкі да галашэння", як пра тое пісаў Рыгор Барадулін, што пакінуў нас на самым пачатку вясны. І вось пры самым канцы мая — яшчэ адна непапраўная страта. Развітваючыя, памятаем. І дзякуем, Генадзь Мікалаевіч.

/i/content/pi/cult/480/10233/8-2.jpg

Доўгі дзень,

Цёплы дзень

Адплывае за аблокі.

Сіні цень,

Сонны цень

Адпаўзае ў кут далёкі.

Збеглі зайкі ўсе ў лясы.

Змоўклі птушак галасы.

І буслы ў гняздо схавалі

Свае доўгія насы.

Баю-бай, баю-бай,

Вачаняты закрывай.

Пакрысе

На расе

Патухаюць зоркі-сплюшкі.

Гульні ўсе,

Казкі ўсе

Пахаваны пад падушкі.

Спяць і мышкі і стрыжы.

Спяць машыны ў гаражы

Ты таксама

Каля мамы

Ціха-ціхенька ляжы.

Баю-бай, баю-бай,

Вачаняты закрывай.

*

Бязбацькавічы

Рыгору Барадуліну

 

Сорак пяты.

Незабыўны год сорак пяты...

Маёвыя песні

Пасля шэрых ваенных зім.

О, як мы ляцелі —

Толькі мільгалі пяты —

Насустрач салдатам вусатым,

Насустрач бацькам жывым.

Мы нават і спаць не клаліся

Без бацькоўскай пілоткі,

Усе ў медалях блішчастых

Хадзілі ў сяброў ля акна.

Шчаслівыя,

Мы не бачылі,

Што плакалі аднагодкі,

Якіх сурова назвала

Бязбацькавічамі вайна.

Яны тады навучыліся

Хаваць мужчынскія слёзы,

Яны тады вучыліся

Матак сваіх берагчы.

Не па гадах маўклівыя,

Зацятыя і сур’ёзныя,

Бацькоў —

У медалях, у ордэнах —

Снілі яны штоначы.

З пасівелымі маткамі поплеч

Працу любую рабілі,

Многія не паспелі

Закончыць дзясяты клас.

Сонца, сівер і слота

Твары ім агрубілі.

Здавалася, што і душы

Агрубіць нялёгкі час.

Яны служылі ў арміі,

Яны спраўлялі вяселлі.

Упарта

Бацькі несустрэтыя

Сніліся зноў і зноў.

Дарагія сябры-бязбацькавічы

Аблыселі і абвуселі.

I мы вучымся ў іх пяшчоце,

Калі няньчаць яны сыноў...

*

Патухаюць, цямнеюць высі.

Зоркі ўспыхваюць над сінявой.

Да пляча майго прыхініся

Залатою сваёй галавой.

Чуеш вецер і чуеш вечар?

Чуеш, ціха бярозы рыпяць?

На твае худзенькія плечы

Асыпае звон зарапад.

Гэта я з табой вечарую,

Туманамі цябе чарую.

Васількоў шапатлівай моваю

Зачароўваю, зачароўваю.

Роснай сцежкаю, рэчкай ціхаю

Закалыхваю, закалыхваю...

I ад рук няўмелых, нясмелых

Не схаваешся ты нідзе.

Галава твая яблыкам спелым

На калені мае ўпадзе.

Ты шапнеш мне адчайныя словы,

Што шаптаў табе ўчора я,

Вечаровая, зачарованая,

Закалыханая мая.

*

Я не ганю землі чужыя, —

Хай іх сонца не абміне.

Толькі дзе б за морам ні жыў я,

Беларусь мая снілася мне.

Так карцела — сляза закіпала, —

Каб да сэрца хаця б здалёк

Прыплывалі жалейка Купалы,

Багдановічаў васілёк...

Гэта ўсё, безумоўна, не нова.

А ці трэба, каб новым было

Поле бацькава, матчына мова

І над хатай буслова жытло?

Хіба душы свае не лечым

Ад бяздомных бядот і згрызот

Самым простым і самым вечным,

Што пранёс праз вякі народ?

І якія б шляхі ні схадзіў я,

Кліча полацкая сенажаць...

А калі не спяваць аб Радзіме,

Дык навошта наогул спяваць?

*

Калі шчасце атуліць

Ці заціхну ў журбе,

Я заўсёды, матуля,

Успамінаю цябе.

І нясу, як закляцце,

Перад Богам віну,

Што цябе, мая маці,

Я пакінуў адну.

Ты мне родная самая

Па душы, па крыві.

Ты жыві, мая мама,

Доўга, доўга жыві.

Сярод тлуму людскога

І ў прыцішаным сне

Цісне сэрца трывога —

Як ты там без мяне?

Пасля ростані горкай,

Перажыўшы зіму,

На бацькоўскім падворку

Я цябе абдыму.

Больш ніколі спакусай

Зло мяне не кране,

Прад табой павінюся,

Як ніколі раней.

 

Генадзь Бураўкін, сярод іншага, працаваў старшынёй Дзяржаўнага камітэта БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні, пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры ААН, намеснікам міністра культуры і друку Беларусі. Паэт быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі.

Калектыў рэдакцыі газеты "Культура" выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім  Генадзя Мікалаевіча БУРАЎКІНА і глыбока смуткуе з прычыны непапраўнай страты.