Што прынесла не першая “...Ластаўка”?

№ 22 (1148) 31.05.2014 - 06.06.2014 г

Конкурс Манюшкі паставіў пытанні...
9 — 12 мая прайшоў Другі Адкрыты конкурс імя Станіслава Манюшкі “Убельская ластаўка”, на які з’ехаліся 32 вакалісты з пяці краін, у тым ліку з Кітая, Расіі, Украіны, Чэхіі. Праслухоўванні трох тураў ладзіліся ў Беларускім дзяржаўным музычным тэатры, які выступіў ініцыятарам і арганізатарам творчага спаборніцтва. Заключны канцэрт, паводле даўняй традыцыі, адбыўся ў Чэрвені — непадалёк ад мястэчка Убель, дзе нарадзіўся слынны оперны класік, чыё імя носіць конкурс. Да выступленняў пераможцаў на чале з Дзіянай Нурмухамедавай з Башкартастана дадалася опера С.Манюшкі “Слова гонару”, год таму пастаўленая Камерным музычным тэатрам “Галерэя” пры Палацы культуры прафсаюзаў Беларусі.

Для горада Чэрвеня, безумоўна, галоўнай падзеяй стаўся оперны спектакль, пастаноўка якога з самага пачатку была разлічана на разнастайныя выязныя паказы. Ды ўсё ж на конкурсе галоўнае — не фінальная імпрэза, а самі праслухоўванні: агульны выканальніцкі ўзровень, тэндэнцыі развіцця і самога творчага спаборніцтва, і нацыянальных школ, прадстаўленых на ім. Арганізацыя конкурсу палепшала, узнікла адчуванне свята. Усё праходзіла паводле запланаванага графіка, засталося хіба яшчэ больш удасканаліць буклет. Змяшчэнне на сайце тэатра некалькіх вакальных зборнікаў Манюшкі дазваляе папулярызаваць ягоную творчасць у розных краінах і, што яшчэ важней, прэзентаваць яго не толькі як польскага, але і як беларускага класіка.

У параўнанні з леташняй “...Ластаўкай”, значна ўзнялася выканальніцкая планка. Арганізатары, вядома, могуць ганарыцца тым, што знакаміты Павел Пятроў — саліст Вялікага тэатра Беларусі (і, “па сумяшчальніцтве”, трэцякурснік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі) — атрымаў тут толькі ІІІ месца і спецпрыз “За лепшае выкананне твора С.Манюшкі”, хаця з’яўляецца абсалютным пераможцам колькіх міжнародных конкурсаў, уключаючы манюшкаўскі ў Варшаве, і літаральна на нядаўніх “Дэльфійскіх гульнях” у Валгаградзе атрымаў чарговае “золата”. Дык наша “Убельская ластаўка” — мацнейшая? Не будзем перабольшваць. Бо такі расклад сведчыць хіба пра тое, што да любога конкурсу трэба ставіцца сур’ёзна. І хаця Пятроў сапраўды быў самым, бадай, перспектыўным, першы тур ён “праваліў”, бо ў спевах не паказаў нічога, акрамя самалюбавання.

Асаблівасцю сёлетняй “...Ластаўкі” сталася вялікая колькасць моцных тэнараў. А вось з барытонамі штосьці не склалася: да трэцяга тура ніхто з іх не “дацягнуў”. Затое ў складзе журы пераважалі менавіта барытоны, а тэнараў  не было ніводнага. Узначальваў журы, паводле традыцыі, заслужаны артыст Беларусі, кіраўнік творчага калектыву “Беларуская капэла”, прафесар Віктар Скорабагатаў — даследчык і папулярызатар творчасці С.Манюшкі ды іншай беларускай старадаўняй музыкі. Ён па праве можа лічыцца заснавальнікам ды ідэйным натхняльнікам конкурсу — і цяперашняга, і ўсіх ранейшых, што з 2000 года ладзіліся пад той жа назвай сярод сярэдніх спецыяльных музычных устаноў і малодшых курсаў вышэйшых.

Узрадаваў ужо першы тур, рэпертуар якога заўсёды становіцца своеасаблівай праверкай на пачуццё стылю і формы. Бо народная песня з яе шматлікімі куплетамі вымушае сур’ёзна выбудоўваць драматургію, каб пазбегнуць манатоннасці паўтораў. Выкананне ж старадаўняй арыі ХVI — ХVIII стагоддзяў патрабуе ведання спеўных законаў барока і класіцызму, каб нават самыя цяжкія фіярытуры спяваць максімальна лёгкім, палётным гукам. Справіліся з гэтым, у адрозненне ад ранейшых творчых спаборніцтваў, вельмі многія, што адразу зрушыла конкурс у бок Еўропы, дзе не прынята занадта “рамантызаваць” і тым самым “асучасніваць” строгія каноны даўніны. Відавочнай была і розніца паміж нацыянальнымі вакальнымі школамі. Самымі, бадай, стыльнымі ў выкананні еўрапейскай класікі падаліся двое беларускіх спевакоў, якія зараз працягваюць навучанне ў Чэхіі. Дый амаль усе студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, уключаючы кітайцаў, вылучаліся асаблівай музычнасцю, тонкасцю інтэрпрэтацыі, піетэтам да “аўтарскага почырку” пэўных творцаў і эпох. На жаль, гэтага нельга было сказаць пра шматлікіх украінскіх вакалістаў. Усе з прыгожымі, на дзіва моцнымі галасамі, яны не асабліва клапаціліся пра гэткія “дробязі” еўрапейскіх традыцый, таму іх спевы часцей нагадвалі малюнак шырокім пэндзлем.

Яшчэ больш выявілася фарсіраванне гуку ў другім туры, дзе трэба было выступаць на вялікай сцэне. Асобна трэба адзначыць нашых канцэртмайстраў (да Таццяны Панасюк і Кацярыны Слабадніцкай, адзначаных дыпломамі, я абавязкова дадала б Андрэя Тышко), бо яны часам пераўзыходзілі спевакоў у майстэрстве, асабліва ў адчуванні стылю і прыгажосці гуказдабывання. Ну а трэці тур, як і заведзена на прэстыжных спаборніцтвах, ішоў пад аркестр тэатра.

Конкурс у малодшай групе, дзе спаборнічалі навучэнцы сярэдняга звяна, таксама востра паставіў пытанне культуры выканання, якая залежыць не столькі ад галасавых даных, колькі ад агульнага інтэлекту спевакоў. Тут адразу вылучыліся лідары: Міхась Кляпец з Маладзечанскага каледжа імя М.К. Агінскага (дыплом і спецыяльны прыз), Ірына Кавальчук (Першая прэмія), Зміцер Мулярчык (Трэцяя прэмія) з Мінскага каледжа імя М.Глінкі і Уладзіслаў Вітушка (Другая прэмія) з Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры БДАМ. На жаль, сярод адзінаццаці ўдзельнікаў (першы тур павінен быў праходзіць на месцах) аказаліся толькі мінчане і маладзечанцы. Астатнія музычныя ўстановы сваіх прадстаўнікоў не даслалі, што вымушае задумацца аб прычынах — зусім не матэрыяльнага кшталту, бо гэты конкурс, дзякуючы спонсарскай падтрымцы, не толькі не патрабуе ўступнага ўзносу, але і бярэ на сябе ўсе выдаткі па пражыванні ўдзельнікаў. Да ўсяго, сёлета дадаўся яшчэ і такі неабходны для вакалістаў, асабліва пачаткоўцаў, майстар-клас па сальфеджыа кандыдата мастацтвазнаўства, дацэнта Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі Таццяны Літвінавай.

А тое, што “...Ластаўку” праводзіць цяпер уласна Музычны тэатр, толькі надае ёй вагі. І вымушае ўзгадаць лепшыя сусветныя традыцыі, калі разнастайныя творчыя конкурсы — выканальніцкія і кампазітарскія — часта ладзяць самі творчыя калектывы, зыходзячы, у тым ліку, са сваіх уласных патрэб. Вось і гэтае спаборніцтва адкрыла не толькі ўжо знаныя оперныя імёны згаданага Паўла Пятрова і Віктара Мендзелева (Другая прэмія), але і трэцякурсніцы БДАМ Маргарыты Таран (дыплом). Літаральна выгадаваная гэтым конкурсам (упершыню яна атрымала на ім спецпрыз яшчэ чатыры гады таму), яна магла б стаць цудоўнай субрэткай, а можа, нават гераіняй... Ды ўсё ж: што перашкаджае атрымаць Адкрытаму конкурсу імя С.Манюшкі больш высокі статус?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"