“Сто дзён” і год мінулы

№ 5 (823) 02.02.2008 - 08.02.2008 г

20 — 21 студзеня 2008 года Пасол Беларусі ў Польшчы Павел Латушка і Генконсул Беларусі ў Беластоку Міхаіл Аляксейчык прынялі ўдзел ва ўрачыстых вечарах выпускнікоў у агульна-адукацыйных ліцэях з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Бельску Падляскім і Гайнаўцы. Такія вечары маюць назву “Сто дзён” і праводзяцца штогод у ліцэях напярэдадні выпускных экзаменаў.

Ва ўрачыстых вечарах прынялі ўдзел кіраўніцтва, настаўнікі і выпускнікі ліцэяў, кіраўнікі органаў мясцовага самакіравання, ганаровыя госці, прадстаўнікі рэгіянальных СМІ.

Пасол Беларусі пажадаў выпускнікам паспяховай здачы экзаменаў, падзякаваў кіраўніцтву і настаўнікам ліцэяў за высокі ўзровень арганізацыі навучання, падтрымку беларускай мовы і культуры, захаванне беларускіх традыцый, перадаў ліцэям бібліятэчкі (па 100 кніг) вучэбна-метадычнай літаратуры.

У Гайнаўскім ліцэі выпускнікі разам з традыцыйным танцам “Паланэз” выканалі і беларускую “Лявоніху”. Гайнаўскі ліцэй заняў у 2007 годзе 30 месца ў рэйтынгу ліцэяў Польшчы. Заканчвае навучанне ў ліцэі ў 2008 годзе 120 вучняў.У Бельскім ліцэі беларускую мову ў 5-ці выпускных класах вывучаюць 164 вучні, а ліцэй сярод усіх падобных устаноў Польшчы ў рэйтынгу за 2007 год заняў 45 месца.

Ад імя Пасольства і Генконсульства Беларусі ў Беластоку для лепшых выпускнікоў ліцэяў 2008 года ўжо традыцыйна ўстаноўлены матэрыяльныя ўзнагароды.

24 студзеня 2008 года ў Беларускай зале Пасольства адбылася сустрэча з нававыбраным на IV кангрэсе кіраўніцтвам і актывам Таварыства “Польшча — Беларусь”, у якой прынялі ўдзел члены Галоўнага праўлення і кіраўнікі ваяводскіх аддзелаў, старшыня Таварыства супрацоўніцтва “Польшча — Усход” Стэфан Наўрат. Таварыства “Польшча — Беларусь”, дарэчы, аб’ядноўвае 2 тыс. членаў, мае аддзяленні і ў 6 ваяводствах.

У сваім выступленні перад удзельнікамі сустрэчы П.Латушка расказаў аб сучасным стане беларуска-польскіх адносін, у тым ліку і аб сітуацыі, якая склалася ў сувязі з далучэннем Польшчы да Шэнгенскага пагаднення, станоўча ацаніў разнапланавую сумесную дзейнасць Таварыства і Пасольства (толькі ў 2007 г. праведзена звыш 10 мерапрыемстваў, у тым ліку XIII Усяпольская алімпіяда па беларускаймове), адказаў на пытанні. Удзельнікі сустрэчы выказаліся за неабходнасць далейшага пашырэння дзелавых адносін паміж дзяржаўнымі беларускімі і польскімі ўстановамі, пошук канструктыўнага вырашэння візавых праблем. У ходзе сустрэчы былі таксама абмеркаваны пытанні сумеснай дзейнасці Таварыства і Пасольства ў 2008 годзе.

Сустрэча прайшла ў вельмі цёплай і прыязнай атмасферы. Для ўдзельнікаў быў таксама прадэманстраваны відэафільм аб Беларусі.

 Паводле матэрыялаў Пасольства
Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча