А ў Лошыцы пакуль не як у Любліне…

№ 22 (1148) 31.05.2014 - 06.06.2014 г

Фестываль “Вясновы букет”: погляд спецыяліста і погляд журналіста
24 — 25 мая ў мінскім Лошыцкім парку прайшоў VI Рэспубліканскі фестываль-кірмаш рамёстваў “Вясновы букет”, дзе свае вырабы прадстаўлялі лепшыя майстры з усіх рэгіёнаў краіны.

/i/content/pi/cult/480/10224/7-1.jpg

Пад час фестывалю ў Лошыцы. / Фота Юрыя ЧАРНЯКЕВІЧА

Пра багацце зямлі беларускай...

“Багатая на таленты беларуская зямля” — такі выраз вельмі часта можна пачуць па радыё ці прачытаць у газетах. Але сапраўдны яго сэнс раскрываецца тады, калі пабачыш на ўласныя вочы багацце роднага краю і яе мастакоў. У мінулыя выхадныя ў Лошыцкім парку Мінска кожны ахвотны меў магчымасць пабачыць таленавітых майстроў з усёй Беларусі, ацаніць іх творы, а таксама даведацца пра сакрэты майстэрства: тут ладзілася штогадовая Рэспубліканская выстаўка-кірмаш “Вясновы букет”.

Уздоўж сцяжынак парку размясціліся майстры з усіх рэгіёнаў Беларусі. Саломка- і лозапляценне, разьба па дрэве і лясная скульптура, ткацтва і вышыўка, ганчарства і металапалімерная пластыка, вырабы з бісеру і прыродных матэрыялаў — чаго тут толькі ні было! Старажытныя рамёствы, сучасныя тэхнікі ды іх спалучэнні, аўтэнтыка і стылізацыя, рэчы “пад даўніну” і мадэрновыя інтэр’ерныя рашэнні — творы на любы густ.

Але, як я заўважыла, перавагу майстры аддаюць усё ж такі традыцыйным рамёствам. Так, на кірмашы было вельмі добра прадстаўлена старажытнае мастацтва выцінанкі. Майстар Любоў Гарбар з Бабруйска прывезла ўнікальныя фіранкі, набожнікі і сняжынкі. Яна распавяла, што ўпершыню зацікавілася мастацтвам ператвараць звычайны ліст паперы ў карункавы цуд яшчэ ў школцы. А сёння творчы стаж “выцінаначніцы” складае 48 гадоў! Любоў Аляксандраўна з задавальненнем дзеліцца не толькі ўспамінамі, але і досведам: у парку яна паказвала ўсім ахвотным, як са звычайнага аркуша за некалькі хвілін зрабіць птушку шчасця…

Што цікава, на Беларусі выцінанка была добра развітым мастацтвам яшчэ напрыканцы XIX cтагоддзя, мела ўтылітарныя і эстэтычныя функцыі: карункавыя фіранкі, набожнікі, падзоры, дыванкі з паперы былі таннейшыя за тканіну, а разнастайныя ўзоры на паперы зрабіць заўсёды значна прасцей. Але ў савецкія часы мастацтва выцінанкі было амаль страчана: з усяго багацця форм засталіся толькі ўпрыгожанні на зімовыя святы — сняжынкі…

Майстры Навагрудскага раённага цэнтра рамёстваў на чале з дырэктарам Наталляй Клімко адрадзілі яшчэ адзін старажытны від папяровага мастацтва — выцінанку-выбіванку. Як бачна з назвы, узоры ў гэтай тэхніцы не выразаліся, а выбіваліся з дапамогай цвіка, долата, малатка ды іншых прыстасаванняў. З першага погляду выцінанкі-выразанкі і выцінанкі-выбіванкі вельмі падобныя, але тэхнікі моцна адрозніваюцца. Тэхніка выбіванкі дазваляе ствараць узоры з больш тоўстай паперы і неабавязкова сіметрычныя. Асновай выбіваных фіранак, ручнікоў, пано з’яўляецца ячэістая сетка з цэласным узорам-вобразам. Дарэчы, сёлета традыцыі выразання з паперы “выцінанка-выбіванка” Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці быў прысвоены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Але на “Вясновым букеце” можна было пабачыць не толькі папяровыя карункі. Так, майстар Навагрудскага цэнтра рамёстваў Таісія Крупіца стварае абрусы, падзоры, капелюшы, парасоны з дапамогай шыдэлака. А майстры Цепленскага сельскага дома культуры Уздзенскага раёна — з дапамогай саломкі. На мой погляд, саломка — арыгінальны і прыгожы варыянт аздаблення вопраткі. Гэта дэманструюць строі ўдзельнікаў клуба майстроў “Скарбніца” Іўеўскага цэнтра рамёстваў. А яшчэ з саломкі можна рабіць скульптуры, лялькі і нават музычныя інструменты.

Беларуская саломка ўжо напрыканцы ХХ стагоддзя была сапраўдным брэндам нашай зямлі. Гэты від мастацтва ведаюць і цэняць амаль ва ўсім свеце. Так, дырэктар амерыканскага Музея саламянага мастацтва Морген Оўэнс-Келлі ў адным з інтэрв’ю адзначыў, што ні ў адной краіне вырабы з саломкі не нясуць у сабе столькі нацыянальных традыцый і рыс, як вырабы беларускіх майстроў.

Традыцыйныя драўляныя лыжкі, маленькія і вялікія скульптуры, дзежкі, скрынкі, палічкі і зэдлікі — чаго толькі ні прадставілі майстры-разьбяры на кірмашы! Асабліва прыемна адзначыць, што беларускае традыцыйнае мастацтва выклікае шчырую зацікаўленасць і ў прадстаўнікоў іншых народаў. Спалучаючы беларускія і родныя традыцыі, майстар па дрэве Юлдаш Хасанаў стварае ўнікальныя прадметы побыту ды сувеніры. У яго вырабах цесна перапляліся кола Перуна і азіяцкія матывы-завіткі. Гэты, так бы мовіць, “дыялог культур” нарадзіў, як мне падаецца, новы, ні на што не падобны, вытанчаны стыль.

Вельмі парадавала мяне і вялікая колькасць вышываных і тканых вырабаў: вопратка, паясы, падушкі, карціны, габелены, посцілкі. Прыемна было бачыць багатыя ды каларытныя беларускія арнаменты не толькі на аўтэнтычных рэчах, знойдзеных у бабуліных куфэрках і беражліва адрэстаўраваных, але і на сучасных абрусах ды ручніках. Майстрыхі-вышывальшчыцы перанялі старажытныя сімвалы-абярэгі ад сваіх матуль ды бабуль і зараз творча складаюць вядомыя матывы ў новыя спалучэнні, ствараючы непаўторныя арнаменты…

Настасся КОМЛІК-ЯМАЦІНА, вядучы метадыст па фальклоры Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці

...І пра Дзеда Барадзеда ў новым фармаце

24 — 25 мая ў мінскім Лошыцкім парку прайшоў VI Рэспубліканскі фестываль-кірмаш рамёстваў “Вясновы букет”, дзе свае вырабы прадстаўлялі лепшыя майстры з усіх рэгіёнаў краіны.

Гэта, так бы мовіць, канстатацыя факта. Пра разнастайныя цікавосткі маштабнага рэспубліканскага мерапрыемства распавяла ў сваім артыкуле спецыяліст з Мінскага АЦНТ. Але мяне як журналіста ў першую чаргу цікавіла тое, чым сёлетні фестываль адрозніваўся ад леташняга, ці з’явілася на гэтым прадстаўнічым форуме народных рамеснікаў нешта незвычайнае, эксклюзіўнае, тое, чым можна было б прывабіць жыхароў Мінска, якія ўжо і па краінах іншых паспелі папаездзіць, і пабывалі на шматлікіх падобных міжнародных фэстах ці то ў Польшчы, ці то ў Германіі…

Натуральна, паглядзець на “Вясновым букеце” сапраўды было на што. Напрыклад, на ручнікі з вядомай вёскі Неглюбка, пра якую цудоўна распавядала кожнаму ахвотнаму кіраўніца гуртка па ткацтве Людміла Кавалёва. А яшчэ — на эксклюзіўныя лялькі, сурвэткі, паясы дырэктара Антопальскага раённага цэнтра рамёстваў Драгічынскага раёна, майстра па ткацтве паясоў Галіны Сцепанюк — лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва. Я, дарэчы, таксама прыдбаў сабе эксклюзіў з Брэстчыны — прыгожую прыхватку.

Парадаваў, мабыць, не толькі мяне, а і кожнага знаўцу беларускай аўтэнтычнай культуры падворак Гродзенскай вобласці, дзе можна было набыць не толькі разнастайныя сувеніры ды вырабы, а і метадычную літаратуру па пэўных відах народных рамёстваў. А яшчэ за сімвалічную плату ў тры ці пяць тысяч рублёў на некаторых падворках кожны ахвотны мог апрануцца ў народны строй і сфатаграфавацца на памяць… Паслуга, дарэчы, карысталася неблагім попытам.

Карацей кажучы, уражанні ад фестывалю — пераважна станоўчыя. Але ж я так і не атрымаў адказу на пытанне пра тое, чым гэты фестываль адрозніваецца ад ранейшых. Нагадаю, што яшчэ год таму ў артыкуле, змешчаным у “К”, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута казаў пра неабходнасць “новага фармату” “Вясновага букету”. Цытую: “Сёлетняе мерапрыемства народнай мастацкай культуры стане “паказальным выступленнем” перад тым мерапрыемствам, якое пройдзе ў наступным годзе пад час Чэмпіянату свету па хакеі. Пасля фестывалю можна ўжо будзе вырашыць, што неабходна змяніць, каб яшчэ больш зацікавіць гасцей краіны нашай аўтэнтычнай культурай”. (гл. "К" № 20 за 2013 год).

Але ж, як мне падалося, пра хакейных балельшчыкаў на фестывалі якраз і забыліся. Так, менавіта на іх, якія у гэтыя дні літаральна запаланілі мінскія вуліцы, шпацыруючы па сталічных скверах ды аглядаючы навакольныя краявіды… На жаль, у Лошыцкім парку іх амаль не было. Асабіста я паразмаўляў толькі з дзвюма жанчынамі з Польшчы, якія трапілі на фэст выпадкова: іх туды запрасіла знаёмая мінская журналістка…

Вось такі вынік. І, трэба сказаць, ён быў цалкам прадказальны. Ці шмат было паведамленняў у прэсе, на тэлебачанні, радыё пра тое, што ў Мінску адбудзецца “Вясновы букет”? Ці шмат вісела расцяжак ды плакатаў, якія распавядалі б сталічным жыхарам і гасцям Беларусі аб рамесніцкім фэсце? Я, на жаль, падобнага не заўважыў. Як не заўважыў і аўтобусаў, што мэтанакіравана дастаўлялі б у Лошыцу турыстаў або балельшчыкаў, якія захацелі на свае вочы ўбачыць “багацце зямлі беларускай”…

На “Вясновым букеце” “хлеба” і ўсяго, што да хлеба, хапала: выязны гандаль пастараўся на славу. А вось “відовішчаў”, на мой погляд, на свяце бракавала. Так, былі майстры, былі іхнія вырабы, была сцэна, дзе выступалі калектывы… Але не “фішак”, нейкага эксклюзіву, заснаванага на народных традыцыях, — таго, чым можна было б прывабіць замежнага турыста, які менавіта на падобную аўтэнтыку палюе па ўсім свеце...

Кажу пра гэта з упэўненасцю, бо колісь гасцяваў на адным з традыцыйных кірмашоў у польскім Любліне, дзе сабраліся майстры-рамеснікі з усёй Еўропы. Дык вось, паглядзець на тое, як Іван Супрунчык, майстар з вёскі Цераблічы Столінскага раёна, са звычайнага палена робіць незвычайныя драўляныя лялькі, збіраўся цэлы натоўп турыстаў з розных краін свету! Справа ў тым, што народны ўмелец вырабляў свае творы выключна з дапамогай адной сякеры! Напрыканцы мерапрыемства ён, дарэчы, не толькі прадаў усе свае вырабы, але і саму сякеру: госці фестывалю казалі, што яна “нейкая цудадзейная” і прапаноўвалі за яе шалёныя грошы…

Не трэба і казаць, што ў Любліне людзей было вельмі шмат. Вакол, у натоўпе людзей, блукалі скамарохі, якія забаўлялі ўсіх прысутных, па вуліцах вазілі вазок, дзе сядзеў казачны “князь Ягайла” са світай, які, спыняючыся каля народных майстроў, адорваў сімвалічным, “княскім” падарункам кожнага… А вакол беларускіх рамеснікаў заўсёды стаяла прыкладна з два дзясяткі чалавек, якія час ад часу мяняліся. Бо што ні кажы, а паглядзець на аўтэнтычных народных умельцаў ды паспрабаваць свае сілы на ткацкім станку ці ганчарным крузе ў Еўропе можна не заўсёды і не ўсюды…

А вось чаму такога зацікаўленага натоўпу з людзей не было на мінулых выхадных у Лошыцы? Хутчэй за ўсё, як ужо казаў, амаль не спрацавала рэклама. А яшчэ, як мне падаецца, было не зусім удала выбрана месца правядзення фестывалю. Колькі гадоў таму давялося пабываць на “Вясновым букеце”, што ладзіўся на Нямізе. Народу на тым фэсце было значна — у дзясяткі разоў, скажу смела, — больш, і майстры з усёй Беларусі не былі абдзелены ўвагай мінчан… А сёлета, як прызнавалася мне тая ж Галіна Сцепанюк, усяго некалькі чалавек зацікавіліся тым, як яна тчэ пояс. Як кажуць, адчуйце розніцу…

І яшчэ. Выступленні выканаўцаў з розных рэгіёнаў Беларусі — гэта добра. Але, пагадзіцеся, — і вельмі прадказальна ды звычайна для ўсіх падобных мерапрыемстваў. А дзе майстар-класы па аўтэнтычных танцах — ад кракавяка да падэспані — для гледачоў? Дзе конкурсы на выразанне лыжак пад наглядам народных умельцаў? Дзе спаборніцтвы на лепшы выраб з саломкі? Дзе лажанне па слупе за валёнкамі ды пальцампханымі каўбаскамі? Чаму па Лошыцкім парку не хадзіў, напрыклад, Дзед Барадзед, які абдорваў бы ўсіх вясновымі букетамі ды сувенірамі? І чаму на ўваходзе гасцям фестывалю ніхто не прапаноўваў набыць ці ўзяць у часовае карыстанне льняную кашулю або спадніцу, саламяны капялюш або торбачку, апрануць пасталы або пасвісцець у дуду ці жалейку?..

Не буду сцвярджаць, што менавіта гэтага не ставала на фэсце. У Лошыцкім парку можна было б зладзіць шмат іншых цікавых акцый, конкурсаў, відовішчных мерапрыемстваў. Тады “Вясновы букет” сапраўды займеў бы той абноўлены фармат, пра які яшчэ год таму згадваў на старонках “К” Яўген Сахута…

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"