Мотальскі фоталетапіс

№ 20 (1146) 17.05.2014 - 23.05.2014 г

Цяперашняя вёска Моталь… Не, не магу называць вялікае мястэчка “вёскай”! Моталь яшчэ ў ХVІ стагоддзі атрымаў Магдэбургскае права, якое дало штуршок развіццю тут гандлю і рамёстваў. У СССР слова “Моталь” асацыявалася з вырабам дублёнак, “кажухоў”, па-мясцоваму. Раскрыю даўнішнюю таямніцу: на ашчадных кніжках жыхароў ляжала грошай больш, чым ва ўсім Іванаўскім раёне. Выраблялі скуры: замшу, шаўро, хром, з поўсцю, фарбавалі ў які заўгодна колер. Якое там земляробства, які там калгас! Заваленыя заказамі, шылі ва ўсіх хатах, ледзь спраўляючыся з капрызамі моднікаў...

/i/content/pi/cult/479/10219/14-1.jpg

/i/content/pi/cult/479/10219/14-3.jpg

Цяпер заказаў амаль няма, “промысел” заняпаў. У хатах майстроў вісяць апошнія нерэалізаваныя вырабы, стаяць запыленыя швейныя машынкі і… падборка чорна-белых фота ў агульнй раме. На пытанне “Хто здымаў?” вымаўлялася адно прозвішча: “Аляксей Мянюк”.

Сын фатографа Аляксандр, ужо сівы, узгадвае:

— Свой першы апарат бацька змайстраваў сам: аб’ектыў зрабіў са шкельцаў акуляраў, дыяфрагму — з паперы. Потым прадаў карову і купіў фабрычны фотаапарат — такі, сярэдні, бо добры каштаваў ажно тры каровы. Усяго за жыццё набыў бацька дванаццаць апаратаў, адзін за другі лепшы...

Спадчына палешука-фатографа Аляксея: тысячы негатываў, што захаваліся па сяле, і дзясяткі тысяч здымкаў, якія разляцеліся па ўсім свеце. Тэматыка за паўстагоддзя — з 1927 да 1977 год! — адна: жыццё і побыт землякоў-матальчан. Глядзяць са здымкаў шафёры, лесасплаўшчыкі, касцы, папрадухі, гарманісты, вайскоўцы, настаўнікі, дзеці….

Фатаграфія — занятак не з танных: матэрыялы, апараты, хімікаты — спрэс страты! Адкуль жа браліся сродкі? Брат фатографа Іван вырабляў каўбасы, а ён, Аляксей, гандляваў імі ў прыватнай крамцы з заклікальнай шыльдай “Мотальскія каўбасы”.

Тым толькі і трымалася “фотаатэлье”, бо майстар нікому не адмаўляў: дзяцей здымаў без аплаты, а той, хто не меў грошай, мог атрымаць сваё фота, скажам, за мяшэчак фасолі.

Я паспрабаваў знайсці “аб’екты”, кліентаў, хто пазіраваў.

Заслужаная настаўніца БССР Марта Данілевіч гартае альбом, узгадвае:

— 1939 год — якраз па вызваленні Заходняй Беларусі… Гэта я з сяброўкамі ў нацыянальных строях — у нашых, мотальскіх… А гэта мы ў кажушках… 1 верасня 44-га я ўпершыню ўвайшла ў клас як настаўніца. Паўкласа “першаклашак” — хлопцы-пераросткі, тыя, хто пад нямецкай акупацыяй тры гады не меў магчымасці пайсці вучыцца… А гэта 1954-ы — яны ж, ужо першы выпуск майго класа… І далей — год за годам выпускі…

У музеі перад стэндам — двое дзяўчат. Вольга Масляк, студэнтка, тлумачыць сяброўцы:

— На гэтым павялічаным фота — вяселле маіх бабулі і дзядулі. Бабулі ўжо няма, а дзядулю я паведаміла, што ў экспазіцыі красуецца іх вясельны здымак. Ён так узрадаваўся! І прыгадаў, што здымаў іх Аляксей Мянюк...

Але за свае здымкі Мянюк неаднойчы рызыкаваў жыццём.

За адно жыццё — столькі змен рэжымаў! Мяркуйце самі: нарадзіўся Аляксей Мянюк у царскай Расіі, сталеў пры польскіх панах (у той час і пачаў здымаць); у 1939-м Чырвоная Армія ўвайшла ў Заходнюю Беларусь, і Моталь пачаў жыць, як тут кажуць, “пры першых Саветах”. Тады за здымкі, зробленыя ў панскай Польшчы, органы НКУС папросту маглі арыштаваць Менюка.

На тысячах менюкоўскіх здымкаў — асобы, і ў кожнай — свой лёс, часам на мяжы трагедыі.

У 1940-м, саветызуючы вызваленую ад белапалякаў Заходнюю Беларусь, новая ўлада накіроўвала сюды кадры настаўнікаў. У Моталь прыбыла сям’я Падомскіх. Ён — дырэктар школы, яна — выкладчыца. Дачцы іх, Мілі, ледзь споўнілася чатыры гады. Можа, дзяўчынка і ёсць сярод незлічоных дзяцей на менюкоўскіх здымках (хто ж гэтага сёння дазнаецца!), але свядома здымацца ў “атэлье” Міля прыйдзе пазней, пасталеўшы, у пераломны час свайго жыцця.

Бацькі, занятыя навучаннем мясцовых дзяцей новай для іх мове — рускай, — дагляд дачкі даручылі школьнай прыбіральшчыцы Кацярыне Рацык. Вось якраз яна, напэўна, і здымалася з сяброўкамі ў Менюка, але ж сёння гэтага ніхто ўжо не пацвердзіць.

У Еўропе грымела Другая сусветная вайна, і прадбачлівы паляшук вялікую колькасць негатываў ды здымкаў, каштоўную частку сваіх фотаапаратаў таксама закапаў.

Улетку 1941-га Моталь захапілі немцы. Персанажы здымкаў, зробленых “пры першых Саветах”, — аднавяскоўцы. Здавалася б, чаго Менюку баяцца? Але на выявах — чырвонаармейцы, шыльды на рускай мове. Галоўнае ж — палова жыхароў Моталя, а значыць, і асоб на здымках, — яўрэі! Першы ж вобыск мог адурыць гэтыя, “кампраметуючыя” фатографа здымкі.

Узгадвае яго сын, Аляксандр:

— Амаль уся наша вуліца была яўрэйская. Насупраць нас жылі яўрэі, часта забягалі да нас. Іх бацькі ставілі нас, хлопцаў, сваім дзецям у прыклад: маўляў, глядзіце, з якім апетытам ядуць малыя Менюкі!.. Немцы пачалі аблаву, спалоханая суседка прыбегла да нас. Маці мая кажа ёй: “Давай, Малка, дзяцей тваіх схаваю!” А тая, павагаўшыся, не схацела… Няма Малкі, няма і яе дзяцей…

І гэтыя суседзі Менюкоў, і кліенты Аляксея ляжаць сёння на месцы іх расстрэлу ў прылеску, пад каменем з надпісамі на беларускай мове ды іўрыце…

Уварваліся немцы і ў дом настаўнікаў-яўрэяў Падомскіх. Сам дырэктар паспеў збегчы, а жонку яго немцы ўвапхнулі ў калону і пагналі ў той самы прылесак, адкуль ніхто не вярнуўся...

Чатырохгадовую Мілю школьная прыбіральшчыца ледзь паспела на руках вынесці з хаты. Кацярына некалькі дзён хавала яе па суседзях, кожную ноч — у іншым доме. Людзі таксама рызыкавалі: немцы бязлітасна расстрэльвалі і тых, хто асмельваўся хаваць яўрэяў...

Нарэшце Кацярына прынесла знямоглую дзяўчынку ў дом святара айца Георгія Раждзялоўскага. Айцец Георгій, удавец, выхоўваў сваіх пяцёра дзяцей. Убачыўшы Мілю, амаль беспрытомную, сказаў: “Дзе пяцёра сірат, там і шостае дзіця”.

І Міля засталася ў доме праваслаўнага святара. Яна прабыла там усе гады акупацыі. Што айцец Георгій хавае яўрэйскае дзіця, ведаў увесь Моталь, ведалі і немцы. Аднойчы рыпнуўся было патруль, аднак яго камандзір завёў са святаром размову пра кветкі, якія ўпрыгожвалі сядзібу, і, як кажуць, “рэціраваўся”. Пэўна, вялікі аўтарытэт мясцовага святара ўратаваў усіх ягоных дзяцей...

А Аляксей Мянюк працягваў здымаць і ў гэтыя гады ліхалецця. Аднак фота тых часоў пасля выгнання немцаў ні закопваць, ні ўвогуле хаваць кудысьці яму не было патрэбы. І вось чаму.

Аляксандр, сын фатографа:

— З маленства дапамагаў бацьку: сушыў карткі, абразаў, глянцаваў, увогуле любіў перебіраць здымкі... Але нідзе ніколі не траплялася аніводнай фотаграфіі немцаў — ніколі ніводнай!..

Напрыканцы вайны Аляксей кароткі час пабыў у партызанах. Хата згарэла, а закапаны “фотаскарб”, вядома ж, захаваўся. З 1944-га, пры “другіх Саветах”, органы НКУС-МУС маглі прыгадаць Менюку, што ягонае “атэлье” ў гады акупацыі не закрывалася. Але гэта яму “даравалі”. Высветлілася, што ён сваім майстэрствам дапамагаў падпольшчыкам: вырабляў фота для іх фальшывых дакументаў.

Сын фатографа Аляксандр:

— Па справах працы (я рамантую халадзільнікі) наведваю навакольныя вёскі. Дык у якую хату ні ўваходжу, узніму вочы — бачу ў рамцы фотаздымкі бацькавы, якія я глянцаваў! Людзі ішлі ў войска і не вярталіся, людзі раз’язджаліся назаўсёды — і ўсе заходзілі да бацькі, каб зняцца “на добрую доўгую памяць”. Такім чынам, здымкі цяпер у Амерыцы, Аўстрыі, Ізраілі, Польшчы — незлічоная колькасць! Адкапаныя даваенныя фота загінулых яўрэяў забраў прадстаўнік нейкай нацыянальнай абшчыны з Пінска...

Якая яшчэ вёска мае такі фоталетапіс, як Моталь, працягам у паўстагоддзя! Ды што там “вёска”: на тысячах адбіткаў занатаваны ўсяго адным чалавекам няпросты лёс, складаная гісторыя ўсёй Беларусі...

Аўтар: Уладзімір АРЛОЎ
кінарэжысёр