Нібы дыхтоўны падручнік...

№ 20 (1146) 17.05.2014 - 23.05.2014 г

Стакгольмскі Музей сучаснага мастацтва спецыялісты лічаць адным з лепшых у свеце. І ўжо хаця б з дадзенай прычыны не выпадала грэбаваць аказіяй завітаць у гэты будынак на востраве Шэпсхольмен — у самым цэнтры шведскай сталіцы. Балазе для беларускага турыста ёсць і яшчэ адна прыемная нагода прыйсці сюды: поруч з работамі такіх сусветных знакамітасцей, як Маціс, Пікаса, Далі, у экспазіцыі прадстаўлены і творы нашых землякоў: Шагала, Суціна, Кікоіна, Экстэр… Такім чынам, колькі слоў пра мае ўражанні ад наведання таго сучаснага гмаху з надпісам “Moderna Museet”, зробленым “фірмовым” музейным шрыфтам.

/i/content/pi/cult/479/10217/13-1.jpg

/i/content/pi/cult/479/10217/13-3.jpg

Што ўразіла?

Перадусім — дэмакратычнасць, максімальная адкрытасць гэтай установы да публікі. Там няма аніякіх ахоўнікаў ці паліцэйскіх. Гэта значыць — абсалютная прэзумпцыя невінаватасці ў дачыненні да кожнага наведвальніка. Ніжнія паверхі адкрыты літаральна для ўсіх. Там можна проста адпачыць у фатэлях, прайсціся ўздоўж доўгіх шкляных шыбаў, разглядаючы навакольныя краявіды, скарыстацца санітарнымі выгодамі, набраць буклетаў, афішаў, флаераў. Дарэчы, абсалютна бясплатна.

Перад гэтым музейным комплексам наогул не стаіць задача зарабляць! Ад пачатку існавання яго наведванне было наогул вольным. Цяпер білет усё ж трэба набываць, але каштуе ён прыкладна столькі ж, колькі два талоны на праезд у грамадскім транспарце, што, пагадзіцеся, зусім мізэр. І пры гэтым дзецям, журналістам, сябрам творчых саюзаў, навукоўцам, мастацтвазнаўцам і мастакам нават такія білеты не патрэбны!

Фота- і відэаздымка? Калі ласка! І таксама задарма! Можна нават цягаць з сабой па залах заплечнікі ці сумкі, калі наведвальнік чамусьці адмовіцца ад лагічнай ідэі пакінуць іх у гардэробе. Адно правіла: несці гэтыя клункі ў руках, а не надзяваць на плечы, каб выпадкам не зачапіць які шэдэўральны экспанат.

Адпаведна, у музеі створана хатняя, нязмушаная, добразычлівая атмасфера. Гасцінныя ўсмешкі даглядчыкаў ды іншых супрацоўнікаў музея, іх заўсёдная гатоўнасць дапамагчы ў любой патрэбе наведвальніка або пракансультаваць у пытаннях мастацтва моцна кантрастуюць з тым стаўленнем, да якога мы прывыклі на радзіме. Таксама “нашага чалавека” немінуча ўразіць і поўны гендэрны, узроставы і расавы баланс персаналу музея: гэта зусім не толькі кабеты “найлепшага” веку...

Калекцыя

Калекцыю музея цяжка назваць шыкоўнай. Галоўная яе каштоўнасць у іншым — у паўнаце. Гэта нібы дыхтоўны падручнік, які паслядоўна, старонка за старонкай, адлюстроўвае плыні заходняга мастацтва за апошнія паўтара стагоддзя. Менавіта паводле такога дыдактычнага прынцыпу выбудавана ўся экспазіцыя: вось табе постімпрэсіянізм, наступная зала — кубізм, наступная — толькі экспрэсіянізм, і г. д.

Пастаянная экспазіцыя падзелена на тры часткі: з 1900 па 1939 гады, з 1940 па 1969-ты, і ад 1970-га да нашых дзён. Уразіла густоўнасць яе фарміравання і вельмі дакладны адбор твораў. Тут вы не знойдзеце акадэмізму, сацрэалізму, камерцыйнага кічу ці салоннасці. Таксама тут няма і твораў нацыянальных рамантыкаў або афіцыёзных мастакоў таталітарных рэжымаў. Толькі праблемнае, сацыяльнае, філасофскае мастацтва, што прымушае гледача думаць: Ота Дыкс, Кетэ Кольвіц, іншыя творцы, якія не баяліся “ісці супраць плыні”… Іншымі словамі, у экспазіцыі прасочваецца вельмі канкрэтная канцэпцыя: сабраныя шэдэўры маюць грамадскую і светапоглядную значнасць.

Адукацыйныя праграмы

Адной з галоўных мэт Музея сучаснага мастацтва ў Стакгольме з’яўляецца асвета ўсіх слаёў грамадства: ад дашкольнікаў да пенсіянераў. Гэтаму садзейнічаюць рознаўзроўневыя праграмы з улікам адукацыі і ўзросту іх удзельнікаў. Дзеткі маюць магчымасць не толькі вольна гойсаць па залах, але і гуляцца перад музеем на пляцоўках, створаных выдатнымі дызайнерамі. Для груп пенсіянераў прадугледжаны лекторыі з кінапаказамі і зоны адпачынку. Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі тут няма ніякіх фізічных перашкод: ад прыбіральняў да пад’ёмнікаў усё функцыянуе з улікам найноўшых дасягненняў. Наведванне штогадовых лекторыяў у музеі — абавязковае для школьнікаў. Прычым не толькі сталічных, але і з усёй краіны! З мэтай пашырэння аўдыторыі створаны і вялікі філіял музея ў горадзе Мальмё.

Сам я стаў сведкам вельмі ажыўленай дыскусіі групы студэнтаў з выкладчыкамі проста ў зале, дзе дэманстравалі шэдэўры сюррэалістычнага кіно. Для такіх музейных заняткаў прадугледжана складная мэбля і адмысловыя заслоны, каб не замінаць астатняй публіцы, што вольна фланіруе па велічэзных залах. Але пры гэтым любы мінак можа таксама ўзяць крэсла і далучыцца да студэнцкай аўдыторыі.

Зменныя выстаўкі

Ці дапасоўваюцца яны да пастаяннай калекцыі музея? Не! Хіба што ў плане ўжо акрэсленай мной агульнай канцэпцыі: ніякай салоннасці, ніякай камерцыйнасці, ніякай сумніўнай ідэалогіі. Тое ж самае датычыцца і атмасферы ды стаўлення да аўдыторыі. Адно што — тут папярэджваюць пра адказнасць за камерцыйнае выкарыстанне здымкаў без дазволу творцаў ці ўласнікаў работ.

Я трапіў на выстаўкі твораў грэчаскага мастака Хрыстадолу Панаёту і мексіканскага Габрыэля Ароскі. Асабліва ўразіў апошні. Для ягонай творчасці характэрна выкарыстанне звыклых прадметаў у нязвыклым святле. Напрыклад, скульптура “The D.S.”: аўтамабіль “Citroen”, разрэзаны ў даўжыню на тры часткі, а затым злучаны без сярэдняй. Або 45 скульптур з камянёў, выразаных індзейскім разбяром паводле малюнкаў мастака... На выстаўцы прадстаўлена і адна з самых відовішчных інсталяцый Ароскі — “Цёмная хваля”: гэта амаль 15-метровы шкілет кіта, выкананы з карбанату кальцыя і смалы. З дапамогай графіту мастак пакрыў штучныя косткі кіта складаным геаметрычным арнаментам, каб такім чынам стварыць ілюзію сумоўя паміж мастацтвам і прыродай.

Тут варта патлумачыць, што залы для часовых экспазіцый маюць агульную плошчу большую, чым наш Палац мастацтва, і таму там могуць выстаўляцца рэчы фактычна любога фармату — хоць памерам з самалёт.

Карысны досвед

Мы ў Беларусі яшчэ не падыходзілі да рэформы, “перазагрузкі” нашых адносін з музеямі. Таму, аглядаючы залы стакгольмскага “Мадэрна”, міжволі задаешся пытаннем: што з гэтага досведу можа быць карысна для нас?

Перадусім неабходна вярнуць у школьныя праграмы выкладанне мастацкай культуры і малявання ў старэйшыя класы, і частку ўрокаў праводзіць непасрэдна ў музеях. Трэба паставіць нацыянальную задачу: каб кожны беларускі школьнік штогод наведваў экскурсіі ў галоўны мастацкі музей краіны. У дадатак, павінны быць распрацаваны адмысловыя праграмы для пенсіянераў, для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Затым — адмовіцца ад меркантыльнага, камерцыйнага погляду на музейную дзейнасць. Музеі павінны садзейнічаць ТОЛЬКІ асвеце, адукацыі і навуцы. Усё астатняе — гэта не іх справы! Так, у стакгольмскім музеі ёсць элітны рэстаран, але для яго была зроблена адмысловая прыбудова, ды і займаецца ім не музейнае кіраўніцтва, а арандатар.

Нехта перакананы, што паводле каштоўных артэфактаў беларускія музеі незваротна саступаюць замежным. Але ж ці сапраўды гэта так? У нашых зборах больш чым дастаткова выбітных твораў геніяльных мастакоў. Прыкладам, Нацыянальны мастацкі музей: там артэфактаў выстаўлена ў разы (!) больш, чым у стакгольмскім “Мадэрне”. Але праблема ў іншым: у канцэпцыі экспазіцыі, сацыяльнай і адукацыйнай палітыцы.

Далей. Трэба адкрываць філіялы, спецыялізаваныя музеі, пашыраць экспазіцыйныя плошчы. Ну, напрыклад, чаму б не стварыць адмысловы Музей беларускай графікі? Неабходна ладзіць актыўную рэкламную кампанію на ўсіх узроўнях: у прэсе, на тэлебачанні, у Інтэрнэце. Усе турыстычныя фірмы мусяць мець буклеты музеяў і дбаць пра тое, каб уключыць іх наведванне ў свае экскурсіі. Турыстычныя фірмы, а не самі музеі!..

Без сумневу, апошнія павінны быць не проста сховішчам усялякіх прыгажосцей, але дзейснымі чыннікамі фарміраванняў асоб — думаючых і адказных. Музеі павінны служыць усяму грамадству. Мастацтва, як гэта ні пафасна прагучыць, павінна належаць народу! У Стакгольме я ўжо пабачыў урэчаісненне гэтай ідэі. Значыць, яна зусім не выглядае утопіяй. І калісьці ўсе ўжытыя мною “трэба” і “павінна” стануць “ёсць” і ў нашай краіне...

Сяргей ХАРЭЎСКІ, культуролаг, мастацтвазнаўца

Фота аўтара