У джынсах і вышыванцы? А што!

№ 20 (1146) 17.05.2014 - 23.05.2014 г

Пра этна на шпільках
Пасля вайны бацька хадзіў у вышыванцы з беларускім арнаментам. Была, памятаю, і сарочка з украінскай вышыўкай. Ён з ахвотай насіў то адну, то другую. Прынамсі, перавагу родным матывам у адзенні не надаваў. Думаецца, з той прычыны, што паваенная мода была збольшага інтэрнацыянальнай. У Вялікай Айчыннай перамаглі разам, таму і пераймалі "модныя" схільнасці правераных сяброў па зброі. Вялікай папулярнасцю ледзь не да 1970-х карысталіся на Беларусі і цюбецейкі, моду на якія прывезлі тыя, каму давялося бавіць эвакуацыю ў Сярэдняй Азіі. Хто памятае цяпер пра тыя цюбецейкі?..

Еўропа моду на этнаадзенне (ці на яго этнаэлементы ў самых розных строях) ніколі, падаецца, не губляла. На леташнім Міжнародным форуме "Традыцыйная культуры як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства" (мерапрыемства праходзіла ў Магілёве і сабрала фалькларыстаў з 13 краін) доктар гістарычных навук, супрацоўніца Інстытута гісторыі Латвіі пры Латвійскім універсітэце Анетэ Карлсане гаварыла з гонарам пра лытышскі нацыянальны строй, якім цяпер прынята карыстацца не толькі ў звычайным ужытку, на вуліцах і ў грамадскіх месцах, але і на афіцыйных прэзідэнцкіх мерапрыемствах. Сімвал ідэнтыфікацыі — не толькі пашпарт. А колькі было эмоцый на магілёўскім форуме, калі ўсе пабачылі дэфіле нашых дзяўчат у адаптаваных да сённяшняга дня сукенках, вырабленых на навукова-вытворчым рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве беларускіх народных рамёстваў "Скарбніца"! У тых вытанчаных строях — хоць у оперу, хоць у кавярню. Але засталіся яны не больш чым арыгінальнай моднай калекцыяй, якая так і не адважылася "пайсці" ў народ. Чаму? Пытанне лепш задаць мадэльерам, што заблыталіся ва ўласных канцэптах, прадстаўнікам вельмі цяжкай на ўздым лёгкай прамысловасці, менеджарам і піяршчыкам нацыянальнага.

Можна доўга спрачацца, ці пасуе вышыванка джынсам, а спрэчку выйграе толькі той, хто так пашые "ўзорную"кашулю, што без джынсаў яе і ўявіць цяжка будзе. І пераствораная на сучасны манер маларыцкая спадніца са шпількамі ад Дзіора — не эклетыка, не постмадэрн, а прага не згубіць свае беларускія вытокі і адначасова — не адстаць ад Еўропы. Па-мойму, натуральныя жаданні. Як казаў графік Уладзімір Лукашык, можна хадзіць у пастолах і распяваць пры гэтым песні Макартні.

І не згадаў бы пра гэта ўсё, каб не ліст з Маларыты, які друкуецца на гэтай старонцы. Наш сталы пазаштатнік піша пра тое, як кіраўнік Раённага цэнтра народнай творчасці Валянціна Струнец паспрабавала стварыць з нуля тканы гальштук, які, з аднаго боку, стаў бы лагічным "асучасненым" працягам традыцыйнага строю, а з іншага — утрымліваў бы традыцыйны арнамент пазамінулага стагоддзя на мужчынскіх гальштуках-наватворах. Вельмі ўхвальная крэатыўная ідэя, за якую проста павінны ўхапіцца мадэльеры, менеджары і піяршчыкі…

Пра другую задумку распавяла выконваючая абавязкі кіраўніка Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея Наталля Кулеш. Справа ў тым, што на музейным сайце gantsevichi.museum.by адкрылася віртуальная выстаўка "Ганцавіцкія паясы". Тут прэзентавана каля паўсотні тканых рэчаў, якія ствараюць у вёсках Люсіна, Макава, Дзяніскавічы, Хатынічы. Найстарэйшы пояс выраблены ў пазамінулым стагоддзі. Быў пару гадоў таму на Ганцавіччыне, бачыў люсінскіх пастухоў, што носяць свае торбы менавіта на такіх паясах — яркіх, зручных, паласатых, шматколерных з "беражкамі". Яны і для джынсаў падыходзяць (спражкі не трэба: завязаў на вузел — і хадзі красуйся). Я без жартаў: вельмі стыльна. Графічнасць малюнка ў паясах, скажам, Чашніччыны, крыху іншая. Але і яны цудоўна спалучаюцца з сучаснай маладзёжнай (дый не толькі) вопраткай. Слова — за мадэльерамі, менеджарамі, піяршчыкамі. Але спадзеў на іх самі ведаеце які. Калі б лёгкая прамысловасць парупілася, мы замежных гасцей хакейнага чэмпіянату ўжо цяпер здзіўлялі б нават джынсамі, пашытымі на манер палескіх порткаў. Але чаго няма, таго няма. Затое я ведаю, якія праекты ў перспектыве могуць рэалізоўваць нашы раённыя дамы рамёстваў. Хто першы?..

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"