Спектаклі пра Перамогу

№ 20 (1146) 17.05.2014 - 23.05.2014 г

Сярод сельскіх клубных устаноў прайшоў конкурс-агляд аматарскіх тэатральна-драматычных калектываў. Сёлета ён прысвячаўся 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

/i/content/pi/cult/479/10212/10-3.jpg

Тэатральны калектыў "Мясцовы час" Варапаеўскага ГПДК.

У Варапаеве ды Камаях прайшлі тэатральныя святы з удзелам тэатральных калектываў і драматычных гурткоў трынаццаці ўстаноў культуры раёна. Удзельнікі тэатральнага калектыву “Мясцовы час” Варапаеўскага ГПДК распачалі імпрэзу пастаноўкай драматычнай балады А.Дударава “Не пакідай мяне...”, створанай на дакументальным матэрыяле. Спектакль уразіў рэжысёрскай вынаходлівасцю кіраўніка тэатральнага калектыву — дырэктара ГПДК Ю.Галяш — цікавым гукавым і музычным афармленнем, падрыхтаваным акампаніятарам А.Іваніным, цэласным акцёрскім ансамблем. Вельмі пераканаўча ўвасобіў вобраз капітана Міхасёва пастаянны ўдзельнік калектыву М.Мажэйка. Журы на чале з намеснікам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі А.Сакаловай адзначыла гаспадароў тэатральнага свята дыпломам.

Спектакль па трагікамедыі А.Макаёнка “Трыбунал” тэатральнага калектыву “Пульс” Гуцкага СКЦ пад кіраўніцтвам яго дырэктара Т.Маслоўскай вызначыўся не толькі зваротам да твора нацыянальнай драматургіі, але і дэкарацыямі, творчым стаўленнем да падрыхтоўкі касцюмаў мастацкага кіраўніка Г.Вырвіч, што і было адзначана адпаведным дыпломам. Акцёрскі талент прадэманстравалі А.Кухальскі, У.Болт, А.Лукашэвіч, А.Зубовіч.

Парыжскі СДК паказаў на варапаеўскай сцэне літаратурна-драматычную кампазіцыю “Памяць свяшчэнная”, дзе найбольш яркім эпізодам з’явілася тэатралізацыя ўрыўка з аповесці Б.Васільева “А золкі тут ціхія”. За знешняй стрыманасцю настаўніка Казлоўшчынскай СШ А.Новікава — выканаўцы ролі галоўнага героя — старшыны Фядота Васкова, адчувалася і сіла характару, і небыякавасць да лёсу дзяўчат, і эмацыйная ўзрушанасць.

Адказна падрыхтаваліся да агляду-конкурсу драматычныя гурткі Дунілавіцкага СДК і Навінкаўскага клуба-бібліятэкі.

Конкурс-агляд тэатральных калектываў у Камаях адкрыў спектакль паводле твораў А.Макаёнка “Добра тое, што добра канчаецца” ў пастаноўцы народнага аматарскага калектыву “Сваякі” пад кіраўніцтвам дырэктара Камайскага СДК Г.Бразюль. А сапраўдным адкрыццём гэтага дня з’явілася пастаноўка п’есы А.Гуркова “Красавік 45-га” ў выкананні дзіцячага драматычнага гуртка Курапольскага СДК (рэжысёр — мастацкі кіраўнік В.Міхалевіч). Спектакль стаў лепшым у намінацыі “Дзіцячая пастаноўка ваенна-патрыятычнай тэматыкі”. Палескі сельскі клуб прадставіў тэатралізаваную літаратурна-музычную кампазіцыю “Была вайна — была Перамога”, астатнія ўстановы культуры — інтэрмедыі ды міні-спектаклі іншай тэматыкі.

Людміла ЧАТОВІЧ, супрацоўнік Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна