Хто тут лепшы?

№ 20 (1146) 17.05.2014 - 23.05.2014 г

У горадзе Бярозе Брэсцкай вобласці ў чарговы раз прайшоў конкурс “Місс Бяроза”. Было прадстаўлена сем прывабных дзяўчат, якія вылучаліся талентам, прыгажосцю і індывідуальнасцю. Чытач можа спытаць: чым жа гэты конкурс адрозніваецца ад мноства падобных святаў прыгажосці і маладосці? А тым, што самыя прыгожыя дзяўчаты горада ў якасці конкурснага задання танцавалі беларускі народны танец.

/i/content/pi/cult/479/10211/10-1.jpg

Інтрыга захоўвалася да самага пачатку конкурсу. Якое ж было здзіўленне гледачоў, што прыйшлі падтрымаць удзельніц, калі яны пачулі, што канкурсанткам патрэбна выканаць Спораўскую польку!

Узнёслыя, у народных строях, удзельніцы конкурсу выконвалі танец, фігуру за фігурай, зараджаючы энергетыкай і хараством полькі ўсю залу. Зала выбухнула апладысментамі!

Раённая імпрэза такога ўзроўню яшчэ раз даводзіць, што народная культура выклікае цікавасць. Самыя годныя дзяўчыны горада з гонарам прэзентавалі Спораўскую польку, пры гэтым імкнуліся выканаць яе як мага лепш і вытанчаней. Хіба ж гэта не выдатны вынік у справе папулярызацыі нематэрыяльнай спадчыны Бярозаўскага раёна?..

Вольга ЛАЎРЭНЧУК, метадыст Бярозаўскага раённага метадычнага цэнтра