Вяртанне, стварэнне, падтрымка

№ 5 (823) 02.02.2008 - 08.02.2008 г

На выніковым пасяджэнні Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКО падсумавана праца за мінулы год, разгледжаны план работы на год сёлетні.

У кастрычніку— лістападзе 2007 года дэлегацыя нашай краіны ўзяла ўдзел у рабоце ХХХIV Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКО. У выніку намаганняў, якія прадпрыняла беларуская дэлегацыя, у праекце праграмы і бюджэту на 2008 — 2009 гады былі захаваны пазіцыі, якія ўяўляюць асаблівую цікавасць для Беларусі. У прыватнасці, у выніку папраўкі, прапанаванай па ініцыятыве нашай краіны, быў уключаны пункт, які тычыцца дзейнасці па прадухіленні і змякчэнні тэхнагенных катастроф. Беларусь была абрана ў Міжурадавы камітэт па садзейнічанні вяртанню культурных каштоўнасцей краінам іх паходжання альбо іх рэстытуцыі ў выніку незаконнага прысваення. Былі дасягнуты дамоўленасці аб супрацоўніцтве па шэрагу праектаў на двухбаковай аснове — з Сакратарыятам ЮНЕСКО, на шматбаковай — з нацыянальнымі камісіямі Літвы, Польшчы, Украіны.

За справаздачны перыяд у рамках супрацоўніцтва з Сакратарыятам ЮНЕСКО ў Парыжы, Бюро ЮНЕСКО ў Маскве, нацыянальнымі камісіямі іншых краін і ў рамках пазабюджэтнага фінансавання на Беларусі пры падтрымцы ЮНЕСКО было здзейснена 27 праектаў, прафінансаваных гэтай уплывовай міжнароднай арганізацыяй на суму ў 298 тысяч долараў ЗША. Гадавы ўзнос нашай краіны складае 59 тысяч долараў ЗША.

Сярод здзейсненага ў сферы культуры — шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 200-годдзю з дня нараджэння Напалеона Орды, у тым ліку міжнародная канферэнцыя “Напалеон Орда: жыццё, творчасць, мастацкая спадчына”, стварэнне прысвечанай Н.Ордзе залы ў нядаўна адкрытай на яго радзіме ў Варацэвічах на Іванаўшчыне карціннай галерэі, адкрыццё памятнай дошкі ў гонар гэтага слыннага дзеяча культуры ў Парыжы. Сумесна з БДУ культуры і мастацтваў выдадзены DVD-дыск “Беларускі народны танец”, праведзены Міжнародная канферэнцыя “Канвенцыя ЮНЕСКО ў сферы аховы культурнай спадчыны і нацыянальныя заканадаўствы СНД”, пасяджэнне Міжнароднага савета па праекце віртуальнай рэканструкцыі дакументальнай спадчыны і бібліятэкі Радзівілаў, падрыхтоўка намінацыйнага дасье Нясвіжскай калекцыі архіўных і бібліятэчных матэрыялаў, Міжнародная навуковая канферэнцыя “Авангард культуры: мастацтва, дызайн, асяродак”. Выдадзены электронны каталог “Ювелірная пластыка старажытнага Бярэсця ХІ — ХIV стагоддзяў: майстэрства і сімволіка”, гукавая анталогія “Музыка Беларусі ХІХ стагоддзя” — электроннае выданне з запісамі 36 твораў 13 кампазітараў таго перыяду, творчасць якіх цесна звязана з Беларуссю. Да 2 кампакт-дыскаў гэтага выдання дадаецца буклет з агульнай інфармацыяй пра музыку Беларусі ХІХ стагоддзя і звесткамі пра кампазітараў. Праведзены фестываль “Музыка старасвецкіх сядзіб Беларусі”. У рамках праекта “Забеспячэнне доступу да архіва М.К. Агінскага” зроблены перавод яго архіва на мікрафільмы, якія, у сваю чаргу, будуць пераведзены на папяровую і лічбавую асновы. Частку алічбаваных матэрыялаў плануецца размясціць на інтэрнет-сайце, які стварае прапра-праўнук М.К. Агінскага Іва Залускі.

У рамках сумеснага праекта з ЮНЕСКО завяршаецца і стварэнне мемарыяльнай экспазіцыі, прысвечанай аднаму з яркіх прадстаўнікоў “Парыжскай школы” авангардных мастакоў 1920-х гадоў і ўраджэнцу Смілавічаў Мінскага раёна Хаіму Суціну. Завершаны праектныя работы па рэстаўрацыі Косаўскага палаца, падрыхтаваны прэзентацыйны фільм пра Тадэвуша Касцюшку.

На сёлетні год у рамках праграмы супрацоўніцтва з Бюро ЮНЕСКО ў Маскве запланавана падтрымка Міжнароднага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”, стварэнне рэестра нематэрыяльнай культурнай спадчыны, уключаючы ў яго і традыцыйныя рамёствы, стварэнне адукацыйнага і інфармацыйнага цэнтра на базе Нацыянальнага мастацкага музея.

У рамках праграмы супрацоўніцтва з Сакратарыятам ЮНЕСКО ў Парыжы прапанаваны наступныя праекты. “Падпольны і партызанскі друк” — праект прадугледжвае, у прыватнасці, выяўленне і алічбоўку матэрыялаў, якія захаваліся, стварэнне электроннай бібліятэкі паўнатэкставых копій найбольш каштоўных дакументаў і выданняў, стварэнне электроннага каталога “Партызанская энцыклапедыя”. Мэта праекта “Бібліятэка Храптовічаў” — выяўленне рукапісаў і выданняў з кніжнага збору Храптовічаў у Кіеве, Саратаве і Уфе, куды бібліятэка была эвакуіравана ў гады Другой сусветнай вайны, у бібліятэках Польшчы і Літвы, архівах і бібліятэках Масквы і Санкт-Пецярбурга, на Навагрудчыне ў Беларусі, выяўленне і алічбоўка вопісаў бібліятэкі, якія захаваліся, бібліяграфічная рэканструкцыя кніжнага збору Храптовічаў і інш.

Прапанаваны і праекты па стварэнні экспазіцыі традыцыйнай культуры і побыту беларусаў Віцебскага рэгіёна ў Цэнтры народных рамёстваў і мастацтваў “Задзвінне”, стварэнне атласа каштоўнасцей нематэрыяльнай культурнай спадчыны беларусаў.

 

Наш кар.