Станчым мроі пра Мрожэка!

№ 20 (1146) 17.05.2014 - 23.05.2014 г

Кантрасты “Дамскага танга”
Прэм’ера чорнай камедыі “Дамскае танга” ў Новым тэатры цікавая ўжо таму, што пастаўлена паводле п’есы “Удовы” Славаміра Мрожэка — знакамітага польскага пісьменніка і драматурга, аднаго з класікаў тэатра абсурду. Таму зусім не абсурд — адразу два погляды на адзін спектакль.

/i/content/pi/cult/479/10207/8-2.jpg

Анжаліка Меттэ (злева) і Таццяна Папова ў спектаклі "Дамскае танга".

/i/content/pi/cult/479/10207/8-4.jpg

Вячаслаў Шакаліда (злева) і Сяргей Толсцікаў у спектаклі "Дамскае танга".

/i/content/pi/cult/479/10207/8-5.jpg

Артыст Ігар Падлівальчаў у сцэне са спектакля.

Не сакрэт, што менавіта Славамір Мрожэк стаўся самым, бадай, папулярным “абсурдыстам” на постсавецкай прасторы, і гэта неаднойчы адзначалі расійскія тэатразнаўцы. Якой жа ўбачылі ягоную творчасць беларускі рэжысёр Венедыкт Расстрыжэнкаў і наш Новы тэатр?

Атрымаўшы права на пастаноўку, творчая група выказала і сваё права на аўтарскае бачанне п’есы. Яно пачынаецца ўжо з новай назвы: не “Удовы”, а “Дамскае танга”. Вядома, гулліва танцавальную “этыкетку” прадаць лягчэй, чым звязаную са смерцю. Але ў дадзеным выпадку гэта не проста “камерцыйны” ход. Словазлучэнне “дамскае танга” падкрэслівае пластычнае рашэнне, выводзіць на сцэну не шэсць персанажаў, па колькасці артыстаў, а сем: далучаецца Танга (балетмайстар — Марына Баранава). Як сімвал падсвядомасці (а менавіта плынь падсвядомасці дае жыццё абсурду!), бо менавіта ў танцы героі спектакля змяняюць партнёраў і, у рэшце рэшт, канчаткова знаходзяць свае “паловы”, хай і ў жыцці “пасля жыцця”. Як сімвал зменлівасці (усе танга ў спектаклі — розныя) і пастаянства. Як сімвал вечнага паядынку. Нават калі Смерць танчыць яго сольна, усё роўна атрымліваецца не гармонія суладдзя, а непрыхаваная барацьба: змаганне полымя (чырвонага абруса, знятага са стала) і попелу (гнуткай постаці ў чорным) — жыцця і смерці.

Новая назва, бы змена шыльдачкі, адразу настройвае на значную, у параўнанні з першакрыніцай, перапрацоўку тэксту. Справа зусім не ў яго беларускамоўным перакладзе, які быў зроблены дырэктарам тэатра Васілём Мартэцкім (беларуская мова, вядома, куды бліжэй да польскай, чым руская). Справа, найперш, у прынцыпова новай паслядоўнасці сцэн. Замест падзелу на “жаночую” і “мужчынскую” паловы п’есы ўзнікае іх пастаяннае чаргаванне. Калі “ў кадры” з’яўляюцца то адны, то другія героі (астатнія пры гэтым заміраюць, нават адварочваюцца ад залы), атрымліваюцца не толькі спасылкі на “мантаж”, уласцівы кіно, але і на новыя абсурдысцкія ды разам з тым дакладныя псіхалагічна распрацаваныя сувязі паміж персанажамі.

Перад намі — яркія тыпажы, блізкія да своеасаблівых масак, што падкрэслена ўжо грымам. Першая Удава (Наталля Капітонава) — “тыповая” бландзінка, гэткая смяшлівая дурніца. Другі мужчына (Павел Чарноў) — інтэлектуал з гіпертрафаваным пачуццём уласнай значнасці. Чым, на думку рэжысёра, не ідэальная пара? Другая Удава (Кацярына Ермаловіч) — спакушальная жанчына-вамп з відавочнымі прыкметамі яшчэ і жонкі-матухны, якая кантралюе кожны крок свайго “выхаванца”. Першы Мужчына (Аляксей Верашчака) — “сапраўдны” мача, не пазбаўлены комплексу капрызнага, неўраўнаважанага дзіцяці. Разам яны — яшчэ адна пара, якая складаецца на нашых вачах у час танцаў. Трэцяя Удава (Арцём Пінчук) — “таямнічая незнаёмка” з відавочнай схільнасцю да бязмежнай улады, бо толькі гэта можа прынесці ёй асалоду. Афіцыянт (Валерый Агаян), хаця і з замахамі “шэрага кардынала”, — ён і ёсць “афіцыянт”, не толькі паводле прафесіі, але і па складзе жыцця. Трэцяя ідэальная пара? Удосталь насмяяўшыся, разумееш: ёсць пра што задумацца. Не толькі пра смерць, але і пра выбар жыццёвага шляху, сваёй “ідэальнай пары”.

Дарэчы, творы тэатра абсурду не заўсёды ўвасабляюцца камедыйна. Памятаю, якім адкрыццём для нашай публікі гадоў дваццаць таму стала “Лысая спявачка” Э.Іанеска ў парадыйнай пастаноўцы Мікалая Пінігіна (ён жа, дарэчы, ставіў у тым жа Купалаўскім тэатры і мрожэкаўскіх “Эмігрантаў”). Гумар Расстрыжэнкава — іншы, звязаны не з моднымі сёння “асучасніваннямі”, “актуалізацыяй” дзеяння (ды што ў п’есе асучасніваць, калі яна напісана ў 1992-м!), а, наадварот, з уласцівым постмадэрну ўкрапваннем элементаў ранейшых эпох. Следам за аўтарам, пастаноўшчык не адасабляе тэатр абсурду ні ад псіхалагічнага тэатра, ні ад тэатра масак, а нават робіць гэтыя ўзаемасувязі яшчэ больш заўважнымі, пераносячы нас амаль на стагоддзе назад, у часы У.Меерхольда. Рэжысёр не проста выкладвае літаратурны тэкст на выкшталцоную тэатральную талерачку, а на яго аснове стварае самастойную тэатральную кампазіцыю, заснаваную на сінтэзе жанраў і відаў мастацтваў. У сцэнічных строях (мастак — Дар’я Волкава) і акцёрскай манеры змяшаны стылявыя дэталі, што паходзяць са старажытнагрэчаскай трагедыі, італьянскай камедыі масак, рамантызму, эстэтыкі Сярэбранага веку, побытавай культуры часоў нэпа, цыркавога мастацтва, аперэты. Такім “рознакаляровым” почыркам (пры максімальна простай і функцыянальнай сцэнаграфіі) спектакль быццам наўмысна абвяргае ўсё больш папулярную сёння на Захадзе строгую вытрыманасць у адным стылі. І — выйграе за кошт багацця асацыятыўных сувязей.

Рэжысёр надзвычай дакладна “падзяліў” ролі, зрабіўшы Трэцюю Удаву — Смерць — мужчынскім персанажам з тонкай жаночай пластыкай. Скрупулёзна распрацаваў кожную дробязь — ад інтанацыі да жэсту і погляду. Але не ўсім артыстам пакуль хапае таго “смаку”, той разняволенасці ды натуральнасці ігры, што мяжуе з імправізацыйнасцю. Некаторыя, як падалося, крыху “недайграюць” тое, што было задумана, тэкст і рухі не становяцца для іх сваімі, “роднымі”. Праўда, я глядзела трэці паказ, які традыцыйна лічыцца самым “правальным”: маўляў, кураж прэм’еры ўжо сышоў, а майстэрства найвышэйшага пілатажу яшчэ не надышло. Можа, так яно і ёсць. Як справядліва лічыць сам Расстрыжэнкаў, кожны паказ гэтага няпростага для артыстаў спектакля, які іграецца далёка не штодзень, патрабуе дадатковай рэпетыцыі. Але яно таго вартае. Бо тая пастаноўка магла б упрыгожыць любую фестывальную сцэну. Дый для гастролей у Польшчу, не кажучы пра блізкае замежжа, быў бы прыдатны.

 

Кантрасты “Дамскага танга”

Увасабленне творчасці вядомага прадстаўніка тэатра абсурду Славаміра Мрожэка на сцэне Новага драматычнага тэатра — гэта сапраўдны феномен. Па словах дырэктара Васіля Мартэцкага, да красавіка 2014-га глядач гэтага тэатра не бачыў нічога падобнага.

Рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Венедыкт Расстрыжэнкаў не ўпершыню звяртаецца да драмы абсурду. У свой час ён паставіў у Мінскім абласным драматычным тэатры такія спектаклі, як “Кароль” усё таго ж С.Мрожэка, а таксама “За зачыненымі дзвярыма” Жан-Поля Сартра. Пастаноўкі такога кшталту разлічаны не на масавага гледача. Але ўсё ж гэта не перашкодзіла ім быць прынятымі і ацэненымі публікай.

Галоўная тэма цяперашняга “Дамскага танга” — гэта тэма смерці і таго, як людзі да яе ставяцца, пра што кажуць у апошнія хвіліны свайго жыцця і ўжо пасля яго. Міжволі задаешся пытаннем: а ці ёсць сэнс калі не ў жыцці, дык хоць у смерці герояў гэтага спектакля? Задумваешся і пра ўласны лёс...

Рэжысёр паказаў проціборства полаў, жаночае неабсяжнае жаданне дамінавання, бессэнсоўнае і бяздзейснае чаканне чагосьці. Лоб да лба сутыкаюцца разнаполыя інтарэсы, ствараючы велізарную прорву непаразумення і абсурднасці, якая мяжуе з жорсткім непрыкрытым цынізмам. Мне таксама, як і гледачам, было смешна, але ў глыбіні душы не менш сумна. Кантрасныя пачуцці суправаджалі мяне цягам усяго гэтага спектакля. Дарэчы, тое, што ён на беларускай мове, для мяне было нечаканасцю.

Першыя адчуванні ад спектакля — пошласць атмасферы, нейкая бяздзейная нуда, прадчуванне развіцця ілюзіі жыцця на фоне пярэстых дэкарацый. Сцэнаграфія выканана пераважна ў двух колерах: чорным і чырвоным. Дадаюць яркасці яшчэ ружовы, фіялетавы і прыглушае рэдкі белы. Святло — кропкавае, у залежнасці ад таго, на каго накіравана дзеянне. Гэта ўзмацняе засяроджанасць на пэўным моманце спектакля — у той час як усё астатняе застывае ў непатрэбнасці.

Героі “Дамскага танга” адлюстроўваюць яскравасць характараў і абсалютную палярнасць — пачынаючы ад тэмбру голасу і заканчваючы вопраткай ды колерам валасоў. Маналог Другога Мужчыны аб геаметрычным размяшчэнні сталоў завастрае ўвагу гледача на бессэнсоўнасці таго, што адбываецца ў жыццях персанажаў. Афіцыянт — нібы назіральнік за ўсім. Думаю, рэжысёр невыпадкова абраў для гэтай ролі мужчыну ва ўзросце: старэйшае пакаленне быццам назірае праз гэтага героя за моладдзю, якая часам дарма растрачвае сваё жыццё. Немалаважны ў спектаклі танец, які служыць у нейкай ступені апраўданнем назвы пастаноўкі. Танчаць героі пачуццёва, тонка, але гэтыя танцы таксама розныя, у залежнасці ад таго, хто і з кім танчыць.

Рэжысёр спектакля вельмі выразна прапрацаваў канцэпцыю апошняга. Ён прымушае задумацца: а ці не жыву я ў хлусні і пустэчы? Неадназначныя эмоцыі, выкліканыя пастаноўкай, дапамагаюць адчуць усю недасканаласць, а часам і абсурднасць гэтага свету. Нездарма жанр спектакля вызначаецца як “чорная камедыя”, бо тут прасочваецца думка пра тое, што небессэнсоўную смерць трэба здолець заслужыць яшчэ пры жыцці...

Вікторыя ГОМЗА, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"