Эксклюзіў “Вясновага букета”

№ 20 (1146) 17.05.2014 - 23.05.2014 г

Эксклюзіўныя вырабы беларускіх ганчароў, звычайная саломка, ператвораная рукамі ўмельцаў у пышныя лілеі ці шыкоўныя капелюшы, тканыя паясы з мудрай сімволікай нашых продкаў — усё гэта ды многае іншае можна будзе ўбачыць на наступных выхадных у Лошыцкім парку Мінска. Тут 24 — 25 мая пройдзе VI Рэспубліканскі фестываль-кірмаш рамёстваў “Вясновы букет”, на які запрошаны лепшыя майстры з усіх рэгіёнаў краіны.

Праграма свята, як заўсёды, вельмі насычаная. Усе ахвотныя — у тым ліку, натуральна, і балельшчыкі Чэмпіянату свету па хакеі — змогуць пабачыць выстаўкі работ традыцыйных народных рамёстваў, паўдзельнічаць у майстар-класах ды конкурсных праграмах, а таксама паглядзець канцэртныя выступленні аўтэнтычных фальклорных і аматарскіх калектываў з усіх куткоў Беларусі.

Напрыклад, Брэсцкая вобласць прывязе на Рэспубліканскі фестываль дэлегацыю прыкладна з трыццаці чалавек. Сярод іх — народныя майстры з Камянецкага, Лунінецкага, Пінскага, Кобрынскага ды іншых раёнаў, народны ансамбль песні “Рыцкі куфэрак” Маларыцкага ГДК. Таксама сярод удзельнікаў — дырэктар Антопальскага раённага цэнтра рамёстваў Драгічынскага раёна, майстар па ткацтве паясоў Галіна Сцепанюк, удастоеная сёлета спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.

Творчы “дэсант” прыкладна з сямідзесяці прадстаўнікоў Магілёўшчыны прадставіць у Лошыцкім парку рамесніцкае багацце свайго рэгіёна. Майстры з Магілёва, а таксама з Бабруйскага, Асіповіцкага, Горацкага і многіх іншых раёнаў прывязуць у Мінск свае ўнікальныя вырабы, дапамогуць усім ахвотным зляпіць глечык або стварыць самаробны шэдэўр з саломкі. А, прыкладам, народны ўмелец Уладзімір Станкевіч з Глускага раёна абяцае навучыць кожнага турыста некаторым прыёмам старадаўняга беларускага рамяства — бондарству.

На падворку Гродзенскай вобласці можна будзе ўбачыць вырабы з саломкі і лазы, керамікі ды жалеза, пагутарыць з майстрыхамі, што спрадвеку займаліся ткацтвам і вышыўкай. Там жа ансамбль Трубніцкага ЦДК з вёскі Трубніца Мастоўскага раёна прадставіць на суд гледачоў забаўляльную праграму з дванаццаці творчых нумароў. Акрамя мастаўчан, у свяце паўдзельнічаюць прадстаўнікі з Іўеўскага і Навагрудскага раёнаў.

Не менш цікава будзе пабываць і на падворку Віцебскай вобласці, дзе свае вырабы прадэманструюць каля трыццаці народных умельцаў. Дарэчы, сярод прадстаўнікоў паўночнага рэгіёна Беларусі “засвецяцца” вядомыя рамеснікі з Гарадоцкага раёна: майстар па ткацтве Марына Гушча ды Васіль Сіманковіч. Апошні з’яўляецца дырэктарам мясцовага Дома рамёстваў ды спецыялістам па лозапляценні…

Гомельшчына прывязе ў Мінск таксама даволі прадстаўнічую дэлегацыю. У яе складзе — майстры з Веткаўскага, Добрушскага, Рагачоўскага, Петрыкаўскага раёнаў, вядомыя далёка за межамі вобласці. Напрыклад, разьбяры па дрэве з Гомеля і Добруша Віктар Расолаў ды Валерый Мінкоў, кіраўніца гуртка па ткацтве Людміла Кавалёва са знакамітай на ўвесь свет вёскі Неглюбка Веткаўскага раёна ды многія іншыя.

Мінская вобласць, натуральна, таксама не застанецца ўбаку ад рэспубліканскага свята. На “Вясновы букет” прыедуць пяцьдзясят чалавек з дзевяці раёнаў Міншчыны: Барысаўскага, Пухавіцкага, Валожынскага ды іншых. Акрамя таго, у Лошыцкім парку сталіцы са сваёй канцэртнай праграмай выступіць вядомы дзіцячы фальклорны ансамбль “Вясейка” Вясейскай ДШМ са Слуцкага раёна. Так што прыходзьце ў Лошыцу! Сумна там дакладна не будзе!..

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"