“Берагіня-2014”

№ 20 (1146) 17.05.2014 - 23.05.2014 г


Чэслаў ЖЫХ, кіраўнік ансамбля народнай музыкі “Гулянок” Смаргонскай дзіцячай школы мастацтваў імя М.К. Агінскага:

— Пачытаў у папярэдніх нумарах вашай газеты разважанні наконт фестывалю “Берагіня”. Ансамбль “Гулянок”, кіраўніком якога я з’яўляюся, выступаў на ім апошнія два разы. Уражанні — цудоўныя! Я пабываў на такіх фестывалях у Польшчы, у Літве, і калі прыехаў на “Берагіню” ўпершыню, то быў прыемна здзіўлены. Гэта адзіны беларускі, дзіцячы, аўтэнтычны форум. Але лепш за мяне скажуць мае вучні...

Патрык МІТЭРКА, удзельнiк узорнага ансамбля “Гулянок” (гармонік):

— Дзіцячы гурт “Гулянок” я наведваю ўжо восем гадоў. Калектыў працуе з творамі таленавітых землякоў. Тут мы адкрываем для сябе скарбы музычнай спадчыны Смаргоншчыны, праз якія спазнаём шчырасць і дабрыню беларусаў. Таксама знаёмімся не толькі з малавядомымі творамі, але і з музычнымі інструментамі, з тэхнікай выканання на іх.

А якая асалода дзяліцца набытымі ведамі з іншымі, радаваць аматараў народнай музыкі цікавымі адкрыццямі! Магчымасць такога абмену набыткамі даюць фестывалі народнай творчасці. Я вельмі рады быў прымаць удзел у Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня”, дзе заняў першае месца. Менавіта тут я пазнаёміўся з новымі сябрамі, даведаўся пра музыку і танцы розных куткоў Беларусі. Вельмі шмат цудоўных уражанняў засталося пасля святкавання Івана Купалы...

Уладзіслаў КАНАПЕЛЬКА-ШУМКОЎСКІ, удзельнік гурта “Смаргонскія гарэзы”(барабан-акардэон):

— Мне пашчасціла пабываць на “Берагіні” двойчы. Калі я прыехаў сюды ўпершыню — быў, бадай, самы малодшы з “гарэзаў”, але ўжо тады мяне захапіла незвычайная атмасфера фестывалю. Мне спадабалася ўсё: яркія народныя касцюмы, танцы, якіх раней не бачыў, народныя песні, новыя сябры, удзел у канцэртах... Калі даведаўся, што “Смаргонскія гарэзы” будуць удзельнічаць у “Берагіні” другі раз, то вельмі ўзрадаваўся і чакаў паездкі з нецярплівасцю ды хваляваннем...