Беларусь і Венесуэла: культура без віз

№ 5 (823) 02.02.2008 - 08.02.2008 г

29 студзеня ў Нацыянальным прэс-цэнтры адбылася прэс-канферэнцыя на тэму “Развіццё супрацоўніцтва Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла і Рэспублікі Беларусь”, прысвечаная 11-й гадавіне ўсталявання дыпламатычных адносін паміж дзвюма нашымі рэспублікамі.

Павераны ў справах Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь Амерыка Дыяс Нуньес распавёў, што кантакты паміж нашымі рэспублікамі развіваюцца не проста стабільна, а — прадуктыўна і надзвычай эфектыўна. У першую чаргу, безумоўна, гэта эканамічныя стасункі паміж Беларуссю і Венесуэлай. Але ж, як зазначыў спадар Нуньес, у бліжэйшым будучым Венесуэла зацікаўлена значна актывізаваць і ўдзяліць большую ўвагу наладжванню і культурных узаемаадносін паміж нашымі краінамі. Тым больш, што шэраг крокаў у гэтым накірунку ўжо зроблены. У прыватнасці, Венесуэла прыме актыўны ўдзел у выстаўцы-кірмашы, што неўзабаве адкрыецца ў беларускай сталіцы.

Культура і адукацыя — гэтыя накірункі супрацоўніцтва на сённяшні дзень набываюць усё больш рэальныя абрысы. Так, пасля наведвання венесуэльскімі спецыялістамі мінскіх сярэднеадукацыйных школ з іспанскім ухілам было вырашана арганізаваць у некаторых з іх так званыя “класы Лацінскай Амерыкі”. Ёсць пэўныя захады і па наладжванні стасункаў на ўзроўні паслядыпломнай адукацыі. Немалы інтарэс выклікала і наша Нацыянальная бібліятэка — на сённяшні дзень падпісана праграма супрацоўніцтва паміж ёю і Нацыянальнай бібліятэкай Венесуэлы. У рамках гэтай праграмы будзе арганізаваны шэраг сумесных мерапрыемстваў. Акрамя бягучых акцый у беларускім “дыяменце” адкрыецца пастаянна дзеючы “куток Венесуэлы”.

У планах міжкультурных абменаў — мастацкія выстаўкі, падчас якіх мы не толькі прадставім беларускае выяўленчае мастацтва ў Венесуэле, але і зможам на ўласныя вочы пабачыць, чым жывуць творцы такой далёкай і, адначасова, такой блізкай да нас лацінаамерыканскай краіны. Зрэшты, не толькі выяўленчае мастацтва станецца сёлета “культурным мастком” паміж Беларуссю і Венесуэлай. Як было зазначана, да 5 ліпеня — Дня незалежнасці Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла — у Мінску плануецца арганізацыя шэрагу культурных акцый. Бадай, самым цікавым станецца прыезд у беларускую сталіцу Маладзёжнага сімфанічнага аркестра Венесуэлы (а нашы музыканты наведаюць, адпаведна, венесуэльскі Каракас). Вядуцца перамовы і адносна прысутнасці венесуэльскіх пасланцоў на такім знакавым для Беларусі форуме, як “Славянскі базар у Віцебску”.

А яшчэ, дадаў спадар Нуньес, венесуэльскі бок зацікаўлены ў наладжванні цеснага супрацоўніцтва ў галіне спорту і турызму. Тым больш, што ўражанні першых беларускіх турыстаў, якія наведалі Венесуэлу, пацвердзілі: нам ёсць што паглядзець адзін у аднаго. І ў галіне гісторыка-культурнай спадчыны, дый проста таму, што кліматычна мы даволі моцна рознімся: беларусам, несумненна, будзе цікава акунуцца ў лацінаамерыканскі трапічны клімат, у той час, як венесуэльцы, верагодна, не адмовяцца крыху “памерзнуць” для таго, каб пабачыць сапраўдную снежную зіму, якой у іх ніколі не бывае. І для актывізацыі гэтага ўзаемнага турыстычна-пазнавальнага інтарэсу сёння ідуць актыўныя перамовы адносна таго, каб адмяніць турыстычныя візы для грамадзян нашых краін. А гэта значыць, што Беларусь і Венесуэла стануць яшчэ бліжэй.

Наш кар.