Што руйнаваў Напалеон ІІІ?

№ 20 (1146) 17.05.2014 - 23.05.2014 г

Ігар ВУГЛІК, кандыдат гістарычных навук, дацэнт
Аўтэнтыка — гэта ці не галоўная асаблівасць гістарычнага помніка. Ніякія зробленыя “пад дрэва” пластмасавыя панэлі, пабудаваныя наноў з сучасных матэрыялаў сцены не заменяць кавалка сапраўднага драўлянага карніза ці фрагмента кладкі. Тая ж сцяна старадаўняй Каложы распавядзе пра гісторыю беларускай культуры больш, чым багата ілюстраваны альбом.

/i/content/pi/cult/479/10198/5-11.jpgТрэба разумець, што вонкавая прыгажосць не ідэнтычная якасці помніка. Шурпатая паверхня няроўнай старажытнай сцяны невымерна больш каштоўная за новую сучасную тынкоўку, таксама як і адпаліраваная за стагоддзі рукамі паверхня стала ці парэнчаў стварае непаўторны імідж рэчы, інтэр’ера. Невыпадкова ў інтэр’ерах кавярняў еўрапейскіх гарадоў гістарычны кампанент — адзін з самых папулярных. У іх аздабленні выкарыстоўваюцца антыкварныя прадметы побыту ды фотаздымкі славутых наведвальнікаў іх установы, старых вуліц раёна. На жаль, кафэ ў стылі сапраўднага, а не эклектычнага рэтра — рэдкая з’ява для Беларусі, асабліва ў рэгіёнах.

Канешне ж, можна аднаўляць, адбудоўваць страчаныя помнікі наноў, як гэта робяць літоўцы ці ўкраінцы, але — вельмі асцярожна, па дакладных узорах, у адпаведнай тэхніцы і з падобных матэрыялаў. Думаецца, кавалкі старажытнай каменнай кладкі сцяны вала ў Нясвіжы больш цікавыя за сучасныя цагляныя абарончыя сцены. У той жа час, стварэнне навабудаў пры наяўнасці адпаведнай дакументацыі, руплівым захаванні фрагментаў старажытнай кладкі — справа патрэбная (удалыя прыклады — царква Святога Духа ў Мінску і Дабравешчанская ў Віцебску). Аднак руйнаванне будаўнічымі арганізацыямі архітэктурнага помніка і яго адбудова наноў (як гэта было з Траецкім прадмесцем і крылом Нясвіжскага замка) — рэч недапушчальная, бо такім чынам фактычна адбываецца знішчэнне помніка. Да таго ж гістарычны помнік — не месца для практыкаванняў уласных фантазій, тым больш стылістычна не вытрыманых. Яго галоўная якасць — адпаведнасць арыгіналу.

Апаненты могуць сказаць, што горад і архітэктура — рэчы жывыя, якія адлюстроўваюць творчы вопыт пакаленняў архітэктараў, прычым татальныя перамены адбываліся нават у буйных сталіцах Еўропы. Так, барон Асман пры падтрымцы Напалеона III ажыццявіў глабальную перабудову цэнтра Парыжа — было знесена больш за 20 тысяч дамоў. Але прычына заключалася не ў мастацкай, а ва ўтылітарнай канцэпцыі: неабходна было ліквідаваць мноства вузкіх вуліц, дзе парыжане сістэматычна будавалі барыкады, і стварыць шырокія вуліцы, бульвары для праходу войскаў. Акрамя гэтага, новы Парыж будаваўся як еўрапейская сталіца з адпаведным густам ды шыкам, і (хаця я аматар сярэднявечнага горада) мастацкае аздабленне ды веліч новага Парыжа не могуць не захапляць: з’яўляецца ўражанне, што вуліцы — працяг салонаў Како Шанэль. Як і інтэр’еры тых дамоў з ляпнінай, роспісамі столі, старажытнымі дзвярыма, якія, нягледзячы на змены гаспадароў (набыць жыллё ў цэнтры — не па кішэні нават нябедным гараджанам), адпавядаюць гістарычнай аўтэнтыцы.

Нават помнік прыроды — функцыя аўтэнтычнага атачэння. Калі старажытныя валуны (прынесеныя, між іншым, ледніком са Скандынавіі, Прыбалтыкі), аб’екты шматвекавых культавых дзеянняў, у якіх яны ўтваралі сэнсавы і ландшафтны цэнтр, перавозяць і кладуць адно да аднаго — гэта нагадвае каменяломню. Сумнае ўражанне выклікаюць і высаджаныя ўздоўж сцежак у Нясвіжскам палацавым парку яліны ды іншыя дрэвы, якія закрываюць выдатны краявід і ператвараюць старажытны парк у лесапасадку.

Перакананы: каб помнік увайшоў у грамадскую свядомасць, неабходна яго грамадская прэзентацыя, найперш — у сістэме масавага дасугу, паўсядзённага жыцця, побыту. Тут значную ролю адыгрываюць мясціны, звязаныя з пэўнай гістарычнай падзеяй, паданнем, легендай, міфам, якія ўводзяць артэфакт у гістарычную памяць. Чаму б не выкарыстаць у турыстычнай інфраструктуры месца старадаўняга капішча ў Мінску, якое праіснавала каля валуна на беразе Свіслачы да пачатку ХХ ст., Залатую горку, дзе прыблізна мог размяшчацца маёнтак з млынам міфічнага Менеска? Усё гэта здольнае фарміраваць грамадскую гістарычную свядомасць не горш за падручнікі ды манаграфіі. Гэта датычыцца і месцаў знаходжання вядомых асоб, прычым не дамоў з урачыстымі шыльдамі, дзе яны жылі і куды далёка не кожны трапіць, а грамадскіх месцаў іх знаходжання. Думаецца, што пры адпаведным падыходзе тыя ж кавярні, дзе сядзелі (а можа, і не сядзелі, а збіраліся пасядзець) у Віцебску Шагал ці Малевіч, забяспечылі бы іх уладальнікам папулярнасць і даход, а гісторыі мастацкай культуры — новых аматараў...

...Аднак руйнаванне будаўнічымі арганізацыямі архітэктурнага помніка і яго адбудова наноў (як гэта было з Траецкім прадмесцем і крылом Нясвіжскага замка) — рэч недапушчальная, бо такім чынам фактычна адбываецца знішчэнне помніка. Да таго ж гістарычны помнік — не месца для практыкаванняў уласных фантазій, тым больш стылістычна не вытрыманых. Яго галоўная якасць — адпаведнасць арыгіналу.