Дайце ў рукі мне гітару! Або лепш... мабільнік?

№ 20 (1146) 17.05.2014 - 23.05.2014 г

Ці магчыма знайсці таго, хто за штосьці адказвае?
Наколькі запатрабавана сёння ў публікі акустычная гітара? У ЗША нават навучанне на ёй у некаторых установах закрываецца: не карыстаецца попытам, у адрозненне ад электраінструментаў, прыдатных у джазе... Дый нядаўнія Міжнародныя дні мандалінна-гітарнай музыкі “Mandolinissimo” ў рамках цыкла канцэртаў "Мінская вясна-2014” у Беларускай дзяржаўнай філармоніі абышліся зусім без гітары. Няўжо ўсё так дрэнна? І з чым сутыкаецца музыкант, калі вырашае зладзіць свой гітарны сольнік у нас ці, скажам, у суседняй Расіі? Тым больш, што прыкладаў такіх хапае.

Нагадаем два з іх — з розных гітарных сфер.

Гітарыст, спявак, аўтар шматлікіх рамансаў, запальных інструментальных кампазіцый і пералажэнняў, кампазітар і выканаўца Аляксей Скрыпнік нядаўна адзначыў 15-годдзе творчай дзейнасці. Пераможца міжнародных конкурсаў, дыпламант спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, лаўрэат прэміі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры ў намінацыі “Эстраднае майстэрства” за 2013 год, ён тройчы ўдзельнічаў у канцэртах “Славянскага базару ў Віцебску”, даваў сольнікі ў сталічнай і абласных філармоніях, Рэспубліканскім Палацы прафсаюзаў, на іншых сцэнах, у Грамадска-культурным цэнтры “На Пушкінскай” у Санкт-Пецярбургу. Яго выступленні разлічаны на самую шырокую аўдыторыю, у тым ліку на слухачоў старэйшага ўзросту, якія прыходзяць у канцэртную залу адпачыць душой. Удзельнічаюць у аўтарскіх скрыпнікаўскіх сольніках і запрошаныя артысты, сярод якіх — вядомая эстрадная зорка Надзея Мікуліч, таксама неразлучная з гітарай, а яшчэ — беларускія спартыўныя бальныя пары, пераможцы розных чэмпіянатаў свету, якія “візуалізуюць” у экспрэсіўных танцах лацінаамерыканскія рытмы і стыль фламенка-ф’южн. Супрацоўнік Магілёўскай абласной філармоніі Людміла Мацкела пісала ў мясцовай прэсе пасля аднаго з выступленняў Аляксея Скрыпніка: “Гітарыст-віртуоз скарыў магілёўскіх гледачоў цудоўным валоданнем інструментам, філіграннай тэхнікай, фантастычным тэмпам і неверагодным абаяннем”.

Лаўрэат пятнаццаці прэстыжных міжнародных конкурсаў, саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі Павел Кухта грае для іншай аўдыторыі — вытанчаных эстэтаў, прыхільнікаў невядомых у нас замежных твораў, класічных і сучасных. Але прынцып арганізацыі канцэртаў у яго — такі ж: сам сабе саліст, сам сабе прадзюсар.

— Ад філармоніі, — расказвае Павел, — мне даводзілася выступаць і ў дзіцячых садках, і ў аграгарадках. Але там конкурсныя творы не выканаеш: трэба штосьці больш вядомае, пазнавальнае, хаця і разнастайнае па стылях ды прыёмах. Для развіцця ж музыканта і, шырэй, усёй нацыянальнай культуры патрабуецца зварот да новага, сучаснага, нязведанага. Мне даводзілася граць у нямецкіх, так бы мовіць, вёсках. І я быў здзіўлены, наколькі тамтэйшая публіка разбіраецца ў гітарным рэпертуары, нават пытаецца, у якой рэдакцыі я выконваю той або іншы твор. Тое ж самае — у Аўстрыі: там гэтак жа, як і ў Германіі, выкладаюць лепшыя музыканты свету і навучаюцца, адпаведна, прадстаўнікі з усіх краін. Не кажу пра Іспанію, дзе гітара лічыцца нацыянальным сімвалам. Я граў там на конкурсе — у вялізнай зале, з аркестрам, і ўсё было чуваць без усякай падгучкі!..

Апошняе тым больш здаецца неверагодным, бо Павел не імкнецца ператварыць гітару ва ўдарны інструмент, выціснуць з яе ўсю магчымую моц гучання. Ягонай манеры ўласціва багацце тонкіх тэмбравых фарбаў, трапяткая кантылена, моцартаўскія “званочкавыя” гучанні, папраўдзе імпрэсіянісцкія “флажалеты”, магія амаль візуальнага паглыблення ў музычны матэрыял. Як вынік — у нас ён грае ў камерных залах. І ўсё роўна — нават распаўсюджваннем білетаў даводзіцца займацца самастойна.

— Супрацоўнікі філармоніі, безумоўна, дапамагаюць, — кажа Павел, — але кантраляваць усё адно даводзіцца самому. У Гродне білеты на гітарныя канцэрты распаўсюджвае Уладзімір Захараў — мой педагог па вучылішчы. У Віцебску гэтым займаюцца “сябры сяброў”. У Мінску — я. Але справа не толькі ўва мне самім! Да нас вельмі рэдка прыязджаюць вядучыя гітарысты з іншых краін, гэта стрымлівае развіццё нацыянальнага мастацтва. Год таму я запрашаў да нас такую сусветную зорку, як Роланд Дзіенс з Францыі. Сам прыдумваў афішу, дызайн, сачыняў і набіраў на камп’ютары тэксты праграмкі. Гэта было не проста выступленне знакамітасці, а — сапраўдная творчая сустрэча. У першым аддзяленні творы маэстра выконвалі нашы музыканты, у другім — ён сам...

Не менш цікавым стаўся і сёлетні праект Кухты “Віртуозы гітары” — сумесныя канцэрты з пецярбургскім гітарыстам Антонам Баранавым.

— Мы пазнаёміліся, — распавядае Павел, — на Міжнародным фестывалі-конкурсе “Віртуозы гітары”, дзе ў розныя гады станавіліся пераможцамі. Адсюль і назва праекта — як даніна павагі гэтаму буйному творчаму спаборніцтву. Хацелася паказаць дзве розныя выканальніцкія школы, дзве індывідуальныя манеры, бо Антон — з кагорты тых музыкантаў, якія, пры ўсёй грунтоўнасці адукацыі, зрабілі сябе самі. Ягоны тэмперамент надае любому твору адчуванне руху, а добрае пачуццё формы дазваляе амаль архітэктурна “адбудаваць” нават самую “раскіданую”, напаўімправізацыйную музыку. Я неаднаразова граў “сольнікі”, у тым ліку на радзіме Антона — у Пецярбургу, на такой адказнай пляцоўцы, як Клуб гітарыстаў. Але “дуэтныя” канцэрты, калі кожны грае па адным аддзяленні, а ў фінале — разам, больш цікавыя. І для нас, выканаўцаў, і для публікі. Атрымліваецца больш разнастайна, узнікае нагода для параўнанняў. А ў фінале мы ўвогуле ўтвараем своеасаблівае шоу — граем не проста дуэтам, а на адной гітары ўдваіх. Знайшлі адпаведную п’есу — “Фіга-фага” польскага кампазітара Міраслава Драздоўскага, падрыхтавалі яе літаральна за два дні. Арганізацыйныя пытанні, на жаль, так хутка не вырашаюцца...

Між тым, у той жа філармоніі гэтым займаецца цэлы аддзел. Але знайсці, хто за што адказвае, часам бывае немагчыма: адказваюць — усе і за ўсё. А значыць — ніхто і ні за што. Справа тут зусім не ў скарачэнні колькасці супрацоўнікаў (іх, дарэчы, заўсёды будзе не хапаць, асабліва дасведчаных і зацікаўленых), а ў іх асабістай адказнасці за тое або іншае мерапрыемства. Пакуль жа — музыканты (не толькі гітарысты, але і прадстаўнікі іншых спецыяльнасцей) змірыліся з такой сітуацыяй і разумеюць, што калі не займацца арганізацыяй канцэртаў самім музыкантам, дык і іх творчасць, падобна на тое, віраваць не будзе. Вядома, павінны быць крокі насустрач адно аднаму. Але ідэальны варыянт, пэўна, такі: ідэя правесці канцэрт — за музыкантам, яе творчае ўвасабленне — таксама за ім, а ўжо арганізацыйныя пытанні — за канцэртнай установай...

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"