Як не стаць шасцёркай?

№ 20 (1146) 17.05.2014 - 23.05.2014 г

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ, спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"
Карты — азартная гульня і адначасова сацыялагічны практыкум. Сістэма старшынства карт у калодзе ў вобразнай форме адлюстроўвае стасункі, што рэальна існуюць у грамадстве, а казырная масць увасабляе прывілеяваную групу. Над усімі — казырны туз, але на яго ёсць “пазасістэмны” джокер. Усё — як у жыцці…

/i/content/pi/cult/479/10194/4-28.jpgДаўно склаўся класічны дызайн карт. Але ёсць яшчэ і сувенірныя, калекцыйныя карты, якія набываюць не для таго, каб скарыстаць па прамым прызначэнні, але захаваць з-за іх эстэтычных якасцей і змешчанай інфармацыі. Гэта карты рэкламнага і асветніцкага зместу. У Сеціве лёгка знойдзеце тысячы, нават дзясяткі тысяч узораў гульнёвых карт на любы густ: з гістарычнымі асобамі і мульцяшнымі персанажамі, з помнікамі дойлідства і дзяўчынамі з вокладак “Playboy”, з шэдэўрамі сусветнага мастацтва і партрэтамі эстрадных зорак...

Абсалютная большасць тэматычных калод сувенірнага характару ігнаруе саму сутнасць карт як гульні з пэўнымі правіламі. Гэта значыць, што калі на картах змяшчаюцца выявы гістарычных падзей, культурных артэфактаў або эпізоды літаратурных твораў, дык не клапоцяцца пра адлюстраванне іх іерархіі. Інакш кажучы, нешта другаснае можа быць у калодзе тузом, а штосьці надзвычай важнае, з першага шэрагу, — шасцёркай.

Мне падаецца, што менавіта такіх памылак не здолелі абмінуць у выдавецтве “Рыфтур”, калі рыхтавалі наклад сувенірных гульнёвых карт з фатаграфіямі помнікаў дойлідства Беларусі. Коратка перакажу “змест” калоды. Тузы — замкі: Нясвіжскі, Мірскі, Лідскі, Гродзенскі. Каралі — ратушы: Віцебская, Нясвіжская, Мінская, Магілёўская. Дамы — вежы: сядзібныя — у Дворышчы і Красках, Камянецкая і Замкавая — у Нясвіжы. Валеты — палацы: Віцебскі губернатарскі, гомельскі — Румянцавых-Паскевічаў, валожынскі — Тышкевіча, крычаўскі — Пацёмкіна. Дзясяткі — вакзалы: Магілёўскі, Баранавіцкі, Мінскі, Брэсцкі. Дзявяткі — нібыта, узоры побытавых пабудоў: драўляная царква ў Строчыцах, навагрудскі Дом-музей Адама Міцкевіча, млын-вятрак у Дудутках, Прыродна-экалагічны музей у Полацку (былая воданапорная вежа). Васьмёркі — установы культуры: мінская Опера, Магілёўскі, Гродзенскі драматычныя тэатры, Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Сямёркі — сядзібы: Чапскіх — у Прылуках, Дзеда Мароза — у Белавежскай пушчы, Ільі Рэпіна — у Здраўнёве, Тышкевіча — у Белавежскай пушчы. Шасцёркі — руіны: Картэзіянскага кляштара ў Бярозе, замкаў у Навагрудку, Крэве і Ружанах.

Скажам шчыра, як прапагандысцкі, асветніцкі праект гэтая калода карт сваю функцыю выконвае, і, можа, нават някепска. Чалавек, які ніколі не бываў у Беларусі, праз гэты відэашэраг атрымае агульнае ўяўленне аб гістарычнай спадчыне і культурным патэнцыяле нашай краіны. Але, нагадаю, выдаўцам было б варта парупіцца, каб іерархія помнікаў дойлідства была ў калодзе выбудавана ў адпаведнасці са значэннем апошніх у гісторыі, культуры і сацыяльнай рэчаіснасці Беларусі.

Тое, што Мір і Нясвіж пазначаны як тузы  — лагічна. Але чаму шасцёркі — Навагрудак і Ружаны? Чаму Нацыянальная бібліятэка, сімвал культурнага суверэнітэту новай Беларусі, васьмёрка? І паводле якой каштоўнаснай шкалы ратушы, што сімвалізуюць грамадскае самакіраванне, стаяць на прыступку ніжэй за замкі феадальных магнатаў? Як у адным шэрагу (дзявяткі) маглі апынуцца царква (Строчыцы) і воданапорная вежа (Полацк)? Чаму ёсць Дом-музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку, але няма Купалавай хаты ў Вязынцы? Мяркую, існуюць падставы казаць пра сур’ёзную недапрацоўку рэдактара.

Ды і мастацкі рэдактар, відавочна, працаваў без натхнення. Ёсць нараканні на мастацкую якасць здымкаў. На большасці з іх прадстаўлены фрагменты архітэктурных помнікаў, але па іх вельмі цяжка ўявіць, як выглядаюць будынкі цалкам. Асабліва няўдалыя фота Крэўскага замка, сядзібы Чапскіх у Прылуках, сталічнага Чыгуначнага вакзала, Мірскага замка.

Гэтая калода каштуе ў шапіку “Белсаюздруку” 23 з паловай тысячы рублёў. Звычайныя гульнёвыя карты — 6-8 тысяч. Пры такой розніцы ў цане і якасць павінна быць адпаведная. Яе ж няма…

Аднак, нягледзячы на пералічаныя вышэй заганы, лічу дадзены праект карысным. Раней і гэтага не было. Спадзяюся ў блізкім часе патрымаць у руках сувенірныя гульнёвыя карты асветніцкага зместу “Полацкая дзяржава” і “Вялікае Княства Літоўскае”. Было б някепска, каб турыст, які наведае Віцебск, мог набыць у якасці сувеніра карты ў стылістыцы Малевіча ці Шагала. Ды, зрэшты, любую актуальную для краіны і цікавую для турыстаў тэму можна прадставіць у такім, пакуль што нязвыклым для нас, але даўно распрацаваным у свеце (хоць бы ў суседніх Расіі ды Украіне) фармаце...

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"