Квест і сэнсар

№ 16 (1142) 19.04.2014 - 25.04.2014 г

Хто ў дзяцінстве не хацеў дакрануцца да таемнага, зазірнуць у напластаванні эпох і стагоддзяў? Дзякуючы новым тэхналогіям ды крэатыўнаму падыходу да музейнай справы гэтыя памкненні становяцца рэальнымі.

/i/content/pi/cult/478/10188/13-3.jpg

Так, новы праект у стакгольмскім Музеі старажытнасцей Міжземнамор’я і Блізкага Усходу з дапамогай 3D-мадэлей і гіганцкага сэнсарнага экрана дазваляе наведвальнікам трапіць унутр старажытнага саркафага. Дасягнуць жаданага эфекту “пранікнення” ў аўтараў экспазіцыі атрымалася дзякуючы выкарыстанню камп’ютарнай тамаграфіі.

У якасці стала выступае велізарны сэнсарны экран, які дазваляе наведвальнікам разгарнуць лічбавую копію забальзамаванага цела, што належала егіпецкаму жрацу. Перад гасцямі музея, якія самі кіруюць зменай малюнкаў на экране, па чарзе з’яўляюцца ўсе напластаванні, у якія мумія была “загорнута” — ад саркафага да рэшткаў цела. Можна паглядзець мадэль з любога боку, наблізіць асобныя ўчасткі, каб лепш іх разгледзець.

Цікавы праект стартаваў і ў нашай краіне. Так, у Гродне з’явілася магчымасць накіравацца на пошукі скарбаў у Стары замак. Супрацоўнікі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея распрацавалі квест-гульню “У пошуках скарбаў”, разлічаную, у першую чаргу, на вучнёўскую моладзь. Згодна з правіламі, складаюцца каманды з 5-20 чалавек, якія прымаюць удзел у пазнаваўча-забаўляльнай гульні-падарожжы па музеі. Камандам прапануецца выконваць паэтапныя заданні, у выніку якіх яны змогуць знайсці скарб караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя, схаваны, паводле легенды, у Старым замку. У бліжэйшы час супрацоўнікі музея распрацуюць падобную гульню і для іншых узроставых катэгорый.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"