Ад дзетак і майстроў

№ 16 (1142) 19.04.2014 - 25.04.2014 г

На выстаўцы, што адкрылася ў Доме-музеі Элізы Ажэшка, — вялікая колькасць велікодных падарункаў: яйкі і лялькі, баваўняныя вырабы, лыжкі і паштоўкі... Іх збіралі па Гродне і па раёне ад народных майстроў. Прадстаўлены і работы дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі з Гродзенскага дзіцячага хоспіса.

/i/content/pi/cult/478/10185/10-9.jpg

Кіраўнік апошняга Вольга Шульга кажа:

— На выстаўцы выхаванцы сумесна з валанцёрамі і бацькамі дзетак прадстаўляюць свае работы да Вялікадня. Гэта робіцца ў рамках дабрачыннага праекта “Цуд велікодны”, які мы ладзім чацвёрты год запар, каб паказаць тыя таленты і магчымасці, што маюць дзеці з інваліднасцю. Таксама хацелася б прыцягнуць увагу да сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю, і тут можна ўбачыць розныя творы іх аўтарства: работы з бісеру, дрэва, бутэлькі, дэкараваныя ў тэхніцы дэкупаж, лялькі ў беларускіх строях...

На адкрыццё выстаўкі завіталі святары са Свята-Пакроўскага сабора ды Гродзенскай каталіцкай вышэйшай духоўнай семінарыі, каб распавесці прысутным пра традыцыі адзначэння Вялікадня.

Ксёндз Віталь Сідорка, выкладчык Гродзенскай духоўнай семінарыі, кажа, што яго найбольш уразіла выстаўка работ дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі:

— Можа, гэтыя дзеткі і маюць нейкія цялесныя абмежаванні, але дух жа нельга абмежаваць. Па выстаўцы ў музеі добра бачна, што радасць, прыгажосць і святло Вялікадня яны таксама па-свойму ўсведамляюць: радуюцца, перажываюць, бо іхнія душы — сапраўды светлыя. Ісус выразна сказаў у сваім Евангеллі: “Калі не станеце як дзеці — не ўвойдзеце ў Божае Царства”. І, можа, нам, дарослым, часам варта браць прыклад з гэтых дзяцей...

Андрэй МЯЛЕШКА

Гродна

Фота аўтара