Які лёс чакае "Берагіню"?

№ 16 (1142) 19.04.2014 - 25.04.2014 г

Публікацыя ў “К” артыкула этнахарэографа і заснавальніка фестывалю “Берагіня” Міколы Козенкі выклікала рэзананс сярод чытачоў, якія занепакоены далейшым лёсам гэтага этнапраекта. Сёння мы публікуем чарговы водгук.
Ёсць успаміны, што з цягам часу становяцца ўсё больш яскравымі і значнымі. У мяне так з фестывалем “Берагіня”, на які я быў запрошаны ў чэрвені 2012 года ў Акцябрскі, вядомы і як Рудабелка — цэнтр партызанскага руху на Палессі ў час Вялікай Айчыннай вайны. І тое, што нашчадкі тых мужных партызан падрыхтуюць добры фальклорны фэст, сумневаў у мяне не выклікала, але такога, калі шчыра, я не чакаў.

/i/content/pi/cult/478/10170/4-11.jpgУражанні ад Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня-2012” — незабыўныя: сотні прыгожых абліччаў аматараў фальклору, песні… Музыка, беларускі строі, узнёслы настрой — паэзія і жыццё побач... Тры дні — няспынныя конкурсы калектываў, адзін за другі лепшых. Прычым гэта ўсё — не “папса” ў выглядзе надакучлівай самадзейнасці, а карэнныя народныя танцы, песні, фрагменты абрадаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Агульнае ўражанне ад фэсту ў мяне (чалавека, які мінуў мяжу свайго 80-годдзя і шмат чаго ў жыцці пабачыў) — каласальнае. Калі славяне змогуць адрадзіць уласную традыцыйную духоўнасць — гэта мусяць зрабіць менавіта людзі, што прайшлі “Берагіню” і падобныя “варункі” ды “горны” загартоўкі душы.

Лічу, што гэты фэст — адзін з найкарысных напрамкаў культурнай дзейнасці беларускай дзяржавы, што бездакорна праецыруецца на патрыятызм і стабільнасць самастойнай Беларусі, якая вельмі адказна ставіцца да захавання ўласнай вясковай, аграрнай інфраструктуры. Сёння гэта — аб’ектыўна-гістарычны факт. Безумоўна, “Берагіня” магла з’явіцца толькі на Беларусі. Мае калегі па фестывальным журы — напрыклад, дацэнт Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай акадэміі музыкі, мастацтвазнаўца Ірына Папова, прафесар Ровенскага гуманітарнага ўніверсітэта Мікалай Гадоўскі — гэтую маю думку, неаднаразова выказаную ў кулуарах фэсту, падзялялі. Таму мы мусім сваю “Берагіню” абараняць і захоўваць далей.

У дадзеным кантэксце лагічна вызначыць ролю і фальклору наогул, і фестывалю “Берагіня” ў прыватнасці ў культурна-ідэалагічнай падтрымцы аграрнай культуры Беларусі, ахове здаровай духоўнай асновы жыцця моладзі ў рэгіёнах. Пры граматнай культурнай палітыцы фальклорны рух (які ва ўмовах “Берагіні” інтэграваны ў шматпрыступкавую фестывальна-праектную дзейнасць) наогул здольны спрыяць далейшай стабілізацыі і развіццю вясковай, аграрнай сферы Беларусі. А, як вядома, духоўная народная культура — стрыжань духоўнай культуры нацыянальнай. Таму і меркаванні наконт нівелявання статуса “Берагіні” ў 2014 годзе з рэспубліканскага да рэгіянальнага, замест таго, каб працаваць над яе пераходам у статус дзяржаўнай праграмы (пра апошняе ёсць, дарэчы, рашэнне калегіі Міністэрства культуры за 2012 год), — нонсэнс.

Так, фестываль “Берагіня” сёння — адзіны ў краіне сістэмны адладжаны этнакультурна-выхаваўчы праект нацыянальнага маштабу, які мае 15-гадовы паспяховы досвед. Раз на два гады лепшыя дзіцячыя і юнацкія фальклорныя калектывы кожнага раёна, што працуюць з мясцовай этнаграфічнай спадчынай (як працаваць — добра прапісана навукоўцамі ў Палажэнні пра фестываль), сустракаюцца на абласных адборачных турах. Тут кожная вобласць выбірае лепшы гурт для заключнага фэсту ў Акцябрскім. Ну а кампетэнтнае журы (навуковыя эксперты-фалькларысты са сталічных ВНУ культуры і мастацтваў і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі) на фінальных імпрэзах — заўсёды разгледзіць і адданасць мясцовым караням, і мастацкі талент, і камандны дух самабытных фальклорных гуртоў. Як я ўжо казаў, найбольш здзіўляў мяне, сівога прафесара, менавіта пяшчотны ўзрост аматараў фальклору на сцэне “Берагіні”, бо гэта — нашы дзеці. І колькі б чыноўнікі ні казалі пра эканомію грошай ды часовыя праблемы галіны культуры — гэта несур’ёзна, бо хто ж эканоміць на сваіх дзецях?

Таму, лічу, тыя сродкі, што пойдуць на правядзенне фестывалю сёлета, акупяцца “з запасам”. А той духоўна-патрыятычны ўздым, які кожны раз выклікае гэты фестываль, тая радасць, задавальненне, гонар за сваю краіну — увогуле неацэнныя...

Энгельс ДАРАШЭВІЧ, прафесар кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, доктар філасофскіх навук

Фота Юрыя ІВАНОВА