Час выбраў яго

№ 5 (823) 02.02.2008 - 08.02.2008 г

28 студзеня споўнілася 65 гадоў з дня нараджэння нашага выдатнага кінарэжысёра Міхаіла Пташука... На жаль, з жыцця ён пайшоў нечакана і заўчасна, як гэта часта здараецца з сапраўднымі Творцамі. Але, развітаўшыся з гэтым светам, ён не развітаўся з намі, — Пташук працягвае жыць у сваіх фільмах, вучнях, у справах, якія ён здзейсніў сам альбо ініцыяваў. І — у сваіх словах-думках-вобразах, што паспеў занатаваць у мемуарах. Яны, дапоўненыя публікацыямі розных гадоў, прысвечаных майстру, успамінамі пра яго родных, блізкіх, сяброў, выйшлі не так даўно ў свет асобнай кнігай, якая так і называецца: “Міхаіл Пташук”. І сёння нам хацелася б яшчэ раз “агучыць” некаторыя з тых думак, што пранёс Майстар праз усё сваё жыццё...

* * *
Усё, што я зняў, мае адносіны да беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. І Уладзімір Караткевіч, і Іван Шамякін, і Васіль Быкаў — гэта ўжо гісторыя. У кожным фільме, знятым па творах гэтых пісьменнікаў, ёсць часцінка мяне самога, маёй маці, суседзяў — людзей, сярод якіх я вырас.
 /i/content/pi/cult/147/1017/Ptashuk1.jpg

Міхаіл Пташук

Калі ўважліва паглядзець на
мае фільмы, можна пераканацца, што ў кожным з іх адна і тая ж хата паводле планіроўкі. Чытаючы аповесць “Знак бяды”, я бачыў свой дом, у якім вырас і з якога так рана пайшоў “у людзі”. Бачыў, як ходзяць быкаўскія героі па маім доме. Я ведаў кожны Рух Сцепаніды са “Знака бяды”, кожны рух Івана Батрака з шамякінскага рамана “Вазьму твой боль”. Не трэба было нічога выдумляць. Усе героі рухаліся па маім федзюкоўскім доме. Мне было лёгка з імі, я ведаў кожны іх крок, таму мізансцэны нараджаліся самі, лёгка прымаліся акцёрамі, ім было зручна ў іх. І сёння, калі працую над раманам Багамолава “Момант ісціны”, ці “У жніўні сорак чацвёртага”, усе вясковыя сцэны зноў ажываюць у маім федзюкоўскім доме. Я ведаю, што стаіць на кухні, што вісіць на сцяне ў вялікім пакоі, чым накрыты стол, як працякае жыццё чалавека днём, вечарам, які стан дома ў розны час сутак. Гэта ўсё мая эмацыянальная памяць. І чым даўжэй жывеш, тым яна мацней спрацоўвае.
Калі раней бег ад самога сябе, ад свайго мінулага, дык цяпер праходзіш адваротны шлях. На гэтым шляху адбываецца вяртанне самога сябе, таму што там няма нічога выдуманага, толькі праўда, якая, урэшце рэшт, належыць не толькі табе аднаму, а — з прыходам фільма на экран — усяму народу.

* * *
Наш народ любіў кіно, любіў сваіх куміраў, на сустрэчах у кінатэатрах, работнікі якіх атрымлівалі мізэрную ў параўнанні з артыстамі зарплату, накрывалі такія сталы, што заходняму гаспадару кінатэатра і не снілася! Такой любові да кіно, як у нашых людзей, няма ні ў адной краіне! Любоў нашага народа да кіно можна параўнаць з любоўю бразільскіх балельшчыкаў да футбола!..

* * *
Чалавек не можа жыць без ідэала, і гэты ідэал ён заўсёды шукаў і шукае ў мастацтве! Асабліва наш чалавек, у якога, акрамя кіно і дома, нічога не было! Я ў дзяцінстве чакаў, калі ў нашу хату-чытальню раз на месяц прывязуць кіно. Мы любілі адзін аднаму пераказваць сюжэты фільмаў, якія дэманстраваліся раней. Народ скупляў у кіёсках фотаздымкі артыстаў. У маёй жонкі захаваліся фотаздымкі любімых артыстаў! Хто з моладзі сёння захапляецца гэтым? Веру, што ўсё вернецца, таму што нашы дзеці — адлюстраванне нас, і ім калі-небудзь захочацца ўспомніць, чым жылі іх бацькі, што і каго яны любілі.

* * *
Самым складаным было рашыцца, рызыкнуць, кінуцца ў вір! Па сутнасці, кожная сапраўдная карціна для рэжысёра — эксперымент! Як і наша жыццё — ад пачатку і да канца! Кожны дзень прыносіць нейкі новы досвед, і яго нішто не заменіць — ён можа быць толькі сваім, уласным!

* * *
Рэжысура ў кіно пастаянна вымагае кампрамісаў. Увесь час шукаеш аптымальныя рашэнні — часта вымушаныя. Запіў акцёр — здымаеш іншага. Забылі бараду ў грымёрнай — тут жа прыдумваеш: здымаем акцёра са спіны. Неабходна сонечнае надвор’е, а на небе няма і прасвету. Задумана масоўка на трыста чалавек, а асістэнты сяк-так набралі пяцьдзесят. Знялі цудоўную сцэну, а матэрыял пайшоў у брак, перазняць немагчыма. Кампрамісы не даюць задрамаць на хаду: увесь час неабходна шукаць выйсце, каб хоць неяк захаваць першапачатковую задуму. Калі яна, канешне, ёсць, гэтая задума!

* * *
У мяне няма ні на кога крыўды, я не хаваю зла, усё дрэннае я хутка забываю, па прыродзе сваёй я чалавек лёгкі, эмацыянальны, мама ў дзяцінстве называла мяне “ліхое” за маю залішнюю непаседлівасць, а я думаю: не будзь усяго гэтага ў маім характары, не было б таго Пташука, які ён ёсць! Я думаю не толькі пра сябе, тое ж самае я магу сказаць пра сваю дачку, жонку, маленькага ўнука Мішку. Тое, што дадзена Богам, — наша! Тое, якім мяне стварыў Бог, — і ёсць я, і ніхто іншы!

* * *
Першыя ўступныя кадры фільма (“Знак бяды”. — Т.К.) павінны былі быць падобнымі на фотакарціны для этнаграфічнага музея. Яны ёсць у кожным доме, у кожнай савецкай сям’і, у сямейным альбоме тых, у каго ёсць Памяць, хто памятае не толькі ўласныя пражытыя дні і пражытыя гады, але хто захоўвае ў сваёй памяці жывое жыццё сваіх блізкіх — бацькоў, дзядоў, продкаў… Для каго гісторыя свайго народа — свой уласны лёс!
Чалавек з памяццю — гэта чалавек, які памятае пра мінулае і думае пра будучае! Які можа ствараць сёння! І калі мы жывём, мы памятаем!

* * *
Што б ні казалі калегі пра мой рэжысёрскі дыктат, але калі заканчваецца фільм, рэжысёр застаецца з ім сам-насам. Гэта дзівоснае пачуццё!Дзевяць месяцаў прайшло, і вось-вось пачнуцца роды. Ты адзін з карцінай. Нібыта пачыналі ўсе разам, так добра працавалі, была вялікая група, а ўжо нікога няма, усе на іншых карцінах. Усе чакаюць! Уся студыя
 /i/content/pi/cult/147/1017/Ptashuk2.jpg

падчас здымак “У жніўні 44-га”.

замірае ў чаканні.
Асабліва калегі. Усе чакаюць, што ты народзіш! Пачвару ці прыгажуню? У гэтыя хвіліны я прыслухоўваюся толькі да сябе. Я нікому не веру, мне не патрэбны нічые парады, таму што ніхто акрамя мяне не ведае, што я хачу зрабіць. Гэтае чаканне — страшная рэч! Да гэтага неабходна прызвычаіцца! І вось тут мае рацыю Быкаў, калі кажа пра характар.
На гэтым этапе — як нідзе! — неабходны рэжысёру характар, таму што шмат дарадчыкаў, у кожнага сваё адчуванне матэрыялу фільма, свае густы, якія, як правіла, не сыходзяцца з тваімі. У цябе свой стыль, дрэнны ці добры, але твой! Так, паўтараюцца памылкі! У большай ці меншай ступені, але паўтараюцца!
Вось і сёння, прыступаючы да новага фільма, ужо “наеўшыся” гэтых памылак, думаеш, як ад іх застрахавацца. Але яны немінуча будуць! Не гэтыя — іншыя, але будуць! Я спрабаваў іх загадзя пралічваць, але як іх пралічыць?..

* * *
Так і не зрабілі студыйны музей Турава. Першыя тыдні яшчэ ўспаміналі пра Віцю, але потым забыліся пра яго, нібыта і не працаваў на студыі. Так было і з Віталем Чацверыковым, і з Барысам Сцяпанавым, так, пэўна, будзе і са мной! Балюча пра гэта пісаць, але, магчыма, гэта і ёсць жыццё? Мы жывём тымі, хто побач, каго бачым, з кім штодня сустракаемся! А як жа быць з памяццю?

* * *
30.01.1990, аўторак. (…)
Сёння мне сорак сем гадоў. Трыццаць тры гады таму, калі я ішоў у Ляхавічы выпісваць метрыку, я памыліўся ў падліках. Нарадзіўся я не дваццаць восьмага, як запісана ў пашпарце, а трыццатага студзеня сорак трэцяга года, у суботу, калі садзілася сонца.

* * *
Я ўдзячны Госпаду Богу, што ён так шчодра асыпаў маё жыццё сваімі дарамі і быў такі літасцівы да мяне, грэшнага. З першага фільма я адчуў тое, чаго многія мае калегі не ведаюць усё жыццё.
 /i/content/pi/cult/147/1017/Ptashuk3.jpg

... і падчас здымак стужкі “Чорны замак Альшанскі”.

Мне здавалася тады, што
зняць добры фільм — драбяза, ніякіх затрат: ні душэўных, ні фізічных. І ўзнагародай — прызы ў Еўропе!
Я глыбока памыляўся. А прычына маіх памылак — у маім вясковым мінулым. Усё, акрамя вясковага жыцця, яго працоўнага ладу, падавалася лёгкім, а ўжо зняць кіно — адно задавальненне! Ну што такое напісаць, прыдумаць сцэнарый — драбяза! Гэта ж не дровы секчы, не араць, не сеяць, не цягаць мяшкі з бульбай. Гэта не работа!
Мне ўсё давалася лёгка. (…) Хаця адчування лёгкасці ў нашай прафесіі дабіваешся пякельнай працай.
Нас вучылі з першага курса, што ўсё неабходна рабіць лёгка: іграць, ставіць, рухацца па сцэне, хутка схопліваць, быць унутрана рухавым, лёгкім, вытанчаным, іначай гэта не мастацтва. Гэта запавет Яўгена Баграціёнавіча Вахтангава, гэта школа майго настаўніка Барыса Яўгенавіча Захавы. За пяць гадоў мяне так вымуштравалі ў вучылішчы, што я не прымаю іншай школы, не разумею іншага стаўлення да мастацтва.

* * *
Маё самае любімае месца — здымачная пляцоўка. Я не ўяўляю сваё жыццё без гэтага чарадзейнага месца. Менавіта на ім нарадзіліся ўсе мае фільмы, што прынеслі мне столькі радасці ў жыцці, што хапіла б на ўсіх калег на студыі “Беларусьфільм”.

* * *
Мы доўга ішлі моўчкі, і я разумеў, што адбываецца на душы ў айца Аляксандра. Калі спыніліся каля яго дома, ён сказаў:
— Можа, мы з табой больш не ўбачымся, я хачу, кааб ты тое-сёе запомніў. Першае. Бойся не мець самага любімага занятку ў жыцці, радасці і патрэбы — малітвы. Бойся маліцца не розумам і сэрцам, а вычытваць механічна, “папугаем”. Бойся людзям скардзіцца на сваё здароўе, на няўдачы. Ні пра кога нічога дрэннага не кажы, не зласлоў. Прывучай сябе да радаснай думкі, што жыццё без вечнасці — абсурд, няпраўда і падман… 

ПадрыхтавалаТаццяна КОМАНАВА
Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА 

Фільмаграфія Міхаіла Пташука

1973 г. — “Пра Віцю, пра Машу і марскую пяхоту” (сцэнарый — А.Усаў, аператар — Ю.Кліменка);
1975 г. — “Лясныя арэлі” (сцэнарый — І.Пяткевіч, аператар — Ю.Марухін);
1978 г. — “Час выбраў нас” (сцэнарый — А.Петрашкевіч, У.Халіп, аператары — Ю.Марухін (1 — 2 серыі), В.Нікалаеў);
1980 г. — “Вазьму твой боль” (сцэнарый — І.Шамякін, аператар — В.Нікалаеў);
1984 г. — “Чорны замак Альшанскі” (сцэнарый — У.Караткевіч, аператар — Т.Логінава);
1986 г. — “Знак бяды” (сцэнарый — Я.Грыгор’еў, О.Нікіч, аператар — Т.Логінава);
1988 г. — “Наш браняпоезд” (сцэнарый — Я.Грыгор’еў, аператар — Ю.Ялхоў);
1992 г. — “Кааператыў “Палітбюро” (сцэнарый — Я.Грыгор’еў, аператар — С.Мачыльскі);
1995 г. — “Гульня ўяўлення” (сцэнарый — Э.Брагінскі, аператар — В.Спарышкоў);
1995 г. — “Макбет” (сцэнарый — А.Дудараў, аператар — В.Спарышкоў);
2000 г. — “У жніўні 44-га…” (сцэнарый — В.Багамолаў, аператар — В.Спарышкоў);
2001 г. — “Песня Розы” (сцэнарый — В.Сакалоўскі, аператар — Д.Гучыарда).