Прыдбаць каня і маслабойку…

№ 16 (1142) 19.04.2014 - 25.04.2014 г

Яўген РАГІН, рэдактар аддзела газеты “Культура”
Сёння — пра самадастатковасць. Вельмі люблю гэтае слова. Яно — стрый слову “незалежнасць”. Як там Янка Купала казаў? “…Незалежнасць можа даць і праўдзівую свабоду, і багатае існаванне, і добрую славу нашаму народу”. Самадастатковасць як прага самаадукацыі ды навучання на чужых памылках — найвышэйшая праява прафесіяналізму і адноснай незалежнасці ад знешніх абставін.

/i/content/pi/cult/478/10169/4-114.jpgЯк беларускі “дарэвалюцыйны” вясковец, што жыў недзе паміж Асвеяй і Лельчыцамі, станавіўся самадастатковым (чытай: адносна незалежным ад крызісаў і сацыяльных ператрусаў)? Працаваў усім родам на зямлі, гадаваў пчол ды авечак, прадаваў жыта, мёд ды каноплі — свету белага не бачыў. Затое праз час меў магчымасць прыдбаць каня і маслабойку, карміў сябе і сваякоў, задумваўся пра тое, як займець вятрак. Спадзяваўся толькі на надзел зямлі ды ўласныя рукі. Менавіта адсюль — прадпрымальнасць, ініцыятыва, гарантаваная ўласная капейчына і перспектыва развіцця. Карацей, усё тое, што і характарызавала разумнага гаспадарніка, якога ўсе прызвычаіліся называць кулаком. Каму ён замінаў?.. Рэвалюцыі, рэпрэсіі-раскулачванні, войны, застой, перабудова, крызісы… Кулацтва знікла як клас...

На гэтым — усё пра сельгасвытворчасць. Уся вышэйпрыведзеная падводка толькі для таго, каб павесці гаворку пра самадастатковасць сельскага работніка культуры. Здаецца, і ён таксама знікае як "клас". Аптымізму дадае толькі тое, што аптымізацыя — працэс, адваротны раскулачванню. Апрача “бедных” (незапатрабаваных) устаноў знікнуць і тыя, якія не здолелі стаць запатрабаванымі, маючы для гэтага літаральна ўсе падставы. Жадання не стае, выдумкі, урэшце — прафесіяналізму. Якая тут ініцыятыва, калі дні лічыш да пенсіі? А тут яшчэ аптымізацыя з інтэграцыяй і мадэрнізацыяй. У кожным рэгіёне вядуць яе цяпер па-свойму. Агульных рэкамендацый гэтаму працэсу не дае ніхто. Таму і нагадвае ён спуск па горнай рацэ на лядашчым чоўне паміж вераломных заканадаўча-фінансавых падводных камянёў.

Што рабіць? На маю думку, пераўтвараць човен у дыхтоўны. Для ўмацавання самадастатковасці і хоць нейкай незалежнасці ад прапанаваных часам абставін. Хтосьці з апанентаў будзе смяяцца: “Ты, Рагін, прапануй яшчэ прыдбаць клубам ды бібліятэкам каня з маслабойкай!” А смяяцца няма чаго. У Культурна-забаўляльным цэнтры “Бубнаўка” Акцябрскага раёна і коні ўжо ёсць, і човен, і амфітэатр, і музей пад адкрытым небам, і хлеб з маслам для гасцей. Хтосьці толькі марыць пра кластары культуры, а ў Акцябрскім раёне ён існуе аж з 2008-га. Праўда, тады “Бубнаўка” зарабіла на сямейным адпачынку з элементамі адукацыйнага, культурнага і спартыўнага выхавання ўсяго 5 мільёнаў рублёў. А за мінулы год ужо — без малога 200 мільёнаў. І я тут — не пра камерцыю, а пра вялікую запатрабаванасць установы, выражаную ў гэткім жа па велічыні грашовым эквіваленце.

І, што вельмі цешыць ды абнадзейвае, не адзін такі аддзел на Беларусі. Маючы 200 пазабюджэтных мільёнаў у кішэні, можна падумаць і пра рост заробкаў у асобна ўзятым самадастатковым аддзеле. Інакш кажучы, каб выжыць і застацца, трэба навучыцца быць заўважным у маштабах рэспублікі. І такі абгрунтаваны самапіяр становіцца для асобных аддзелаў нормай. Яшчэ некалькі гадоў таму публікацыі нашых пазаштатнікаў на старонках “К” можна было аб’яднаць жанрам сухой і нецікавай справаздачы. Сёння ж ліставанні з раёнаў схіляюцца ў бок праблемнасці ды аналітыкі. І лідзіруюць тут Віцебшчына ды Гомельшчына. Што будзе заўтра?

Так, кадравы патэнцыял нашых вёсак састарваецца на вачах. Так, вёскі неўтаймоўна выміраюць. І я перакананы, што спыніць дэмаграфічную катастрофу павінны і здольны менавіта сельскія работнікі культуры. Пад час нашага з Кастусём Антановічам аўтапрабегу па Беларусі бачылі мы адносна буйныя паселішчы, дзе і крамы няма, і клуба. Па чым сумуюць вяскоўцы? Не па магазіне, які худа-бедна замяніла аўтакрама, а па клубе з бібліятэкай. Яны — “вёсказахавальныя”. Як прыцягнуць у такія паселішчы маладых спецыялістаў? Як сцвярджаюць спецыялісты: разумна (аптымізавана) весці гаспадаранне і развіваць “зарплатаўтваральную” пазабюджэтную дзейнасць, бо іншых фінансавых уліванняў па гэтым артыкуле пакуль не прадбачыцца…

Гадавы цыкл нашага аўтапрабегу па вёсках Беларусі завершаны. Наступны мы мяркуем прысвяціць не фіксацыі брэндаў, а як мага больш грунтоўнаму адлюстраванню працэсу аптымізацыі. І шукаць будзем найперш самадастатковых, бо вельмі ж хочацца, каб развіваліся не толькі аграгарадкі, абласныя цэнтры ды Мінск, але і вёскі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"