Непастаральныя адбіткі з Дынабурга

№ 21 (1147) 24.05.2014 - 30.05.2014 г

Як брэндавыя мядзведзі пэндзля К.Савіцкага сталі кічавым сімвалам цэлай эпохі, а колішнія землі Віцебшчыны — творчым “фарпостам” для вядомага перадзвіжніка...
…Да новага жыхара ўсе гараджане ставіліся ветліва, а гарадскі галава Павел Дубровін лічыў за гонар заўсёды запрашаць мастака да сябе на гарбату. У лісце ад 25 лютага 1877 года да свайго сябра, мастака-перадзвіжніка Васіля Максімава, аўтара вельмі вядомай элегічна-настальгічнай карціны “Усё ў мінулым” (ён яе паўтарыў 42 разы!), Савіцкі з радасцю паведаміў: “Я ў якасці пустэльніка знаходжуся ў адной чароўнай глухамані Айчыны нашай — Дынабургу…”

/i/content/pi/cult/477/10165/15-3.jpg

К.Савіцкі. "Рамонтныя работы на чыгунцы".

/i/content/pi/cult/477/10165/15-1.jpg /i/content/pi/cult/477/10165/15-2.jpg

К.Савіцкі. Аўтапартрэт; "Манах".

(Заканчэнне. Пачатак у № 20)

А вось што ён піша ў лісце да Івана Шышкіна: “Дзвіна разам з разнастайнымі шлюпкамі, развалінамі-лодкамі, суднамі са шчэбенем ды іншымі грузамі, водмелямі, якія далёка прасунуты ў ваду, узвышшамі і плоскімі берагамі ўперамешку з шэрым жыллём, з групамі каржакаватых дрэў і стройных таполяў, — уяўляе з сябе чароўны матыў для жывапісу… Калі застануся тут яшчэ на некаторы час, то выпішу сюды матэрыялы з Рыгі ды пачну працаваць…”

Менавіта гады, якія правёў Савіцкі ў дынабургскай “чароўнай глухамані”, сталі для мастака сапраўды залатымі, бо менавіта тут ён намаляваў свае лепшыя рэчы, калі не сказаць — шэдэўры. На жаль, некаторыя з іх не дайшлі да нашых дзён: зніклі, напрыклад, палотны “Пастух” і “Падалянка”. Але большасць твораў усё ж захавалася, хаця арыгінал выдатнай карціны “Пажар у вёсцы” (або проста “Пагарэльцы”) таксама знік, — ёсць толькі тонавая фотарэпрадукцыя. У лісце да Івана Крамскога Савіцкі піша: “Адзін час Дынабург гарэў ледзь не кожны дзень. Пажары перапалохалі нас так, што ўжо месяц, як нашы рэчы сабраны ў клунках, каб на ўсялякі выпадак быць напагатове. Гэтыя пажары пусцілі шмат няшчасных з торбамі. Я напісаў з іх “Пагарэльцаў”...”

Але самая галоўная карціна Савіцкага з дынабургскага часу — “Сустрэча іконы”. Яна нарадзілася з кур’ёзнага факта ўласнай біяграфіі мастака. Аднойчы па заказе адной царквы ў Дынабургу Канстанцін Апалонавіч узяўся намаляваць некалькі ікон. Але суровае царкоўнае “журы” не прыняло вынік яго “праведных трудов”. Падрабязнасці прыводзяцца ў лісце мастака Васіля Максімава да дачкі: “...Цёця з Дынабурга расказала, як Савіцкі ўзяўся напісаць іконы і пісаў партрэты прыгожанькіх жанчын, сваіх сваячак, ды так падобна, што ніхто не хацеў маліцца на іхнія абліччы. Скончылася тым, што аддалі іншаму майстру перапісаць іконы”. А ўсё ж шкада, што “іконы”, створаныя Савіцкім, не захаваліся. Вельмі было б цікава паглядзець іх сёння, ведаючы, як моцна і таленавіта мог пісаць мастак сялянскія вобразы...

І тады, збянтэжаны сваім правалам як іканапісца, Савіцкі падышоў да тэмы з іншага боку і стварыў шматфігурную кампазіцыю “Сустрэча іконы”. Карціна нараджалася напярэдадні руска-турэцкай вайны 1877 — 1878 гг., якую Расія вяла за вызваленне братоў-славян на Балканах. Там, у баі пад Шыпкай, загінуў муж сястры мастака — афіцэр Сазановіч. Савіцкі застаўся ледзь не адзіным апекуном удавы і двух малалетніх дзяцей, якія па-ранейшаму жылі ў Дынабургу. І таму, абцяжараны ў сродках, мастак быў вельмі рад, калі яго карціну за вялікую суму набыў сам Павел Міхайлавіч Траццякоў. Сёння яна ўпрыгожвае адну з залаў Траццякоўкі. Аднак перш чым “прапісацца” ў знакамітай галерэі, палатно дэманстравалася на VIII Перасоўнай выстаўцы побач з такімі шэдэўрамі, як “Протадыякан” І.Рэпіна і “Жыта” І.Шышкіна. Вось што напісаў тагачасны галоўны крытык Расіі Уладзімір Стасаў наконт твора: “...Спадар Савіцкі нечакана-негадана прывёз на перасоўную выстаўку карціну, хаця і невялічкую, але выдатную, хаця і брудна, і шэра напісаную, аднак поўную такога зместу, такіх тыпаў і такой праўды, якія робяць яе адным з самых значных ды важных стварэнняў станковай рускай школы...”

Гэтую карціну, як я згадваў вышэй, можна разглядаць яе своеасаблівую паралель рэпінскаму “Хрэснаму ходу ў Курскай губерні”. У падобных сюжэтах абодва мастакі прадставілі вялізнае мноства людзей, натоўп, паказаўшы розніцу характараў і станаў. Але, у адрозненне ад Рэпіна, на грандыёзным па задумцы палатне якога адлюстраваны прадстаўнікі практычна ўсіх саслоўяў рускага парэформеннага грамадства, Савіцкі даў, галоўным чынам, вобразы сялян, але вобразы ў найвышэйшай ступені тыповыя, жывыя і глыбокія. Тут дзяды і бабулі, пажылыя мужчыны і маладыя жанчыны, падлеткі, маленькія дзеці, святары. Некаторыя моляцца шалёна, іншыя стрымана, хтосьці проста стаіць у маўклівасці, хтосьці спяшаецца, бяжыць. Цудоўна намаляваны пейзаж, коні, калёсы, сялянскія і царкоўныя атрыбуты. “У карціне сто розных жаданняў, надзей і чаканняў нясуцца з гэтых бедных чалавечых грудзей вакол іконы...”, — пісаў У.Стасаў.

У Дынабургу Канстанцін Апалонавіч, незадоўга да ад’езду з Беларусі, стварыў і першы варыянт яшчэ аднаго выдатнага палатна — “На вайну” (або “Провады на вайну”). Сюжэт быў таксама навеяны руска-турэцкай вайной. Як і ў выпадку з “Сустрэчай іконы”, прататыпамі адлюстраваных у ім персанажаў паслужылі простыя жыхары Дынабурга. Гэты варыянт у свой час трапіў пад пяро нападкаў крытыкаў, якія палічылі, што з-за мноства фігур губляецца сэнс карціны. Савіцкі вельмі засмуціўся, прыняў крытыку блізка да сэрца, і першую версію палатна схаваў далей ад вачэй людскіх. А потым і наогул парэзаў карціну на часткі, якія, мабыць, і сёння дзесьці захоўваюцца ў прыватных расійскіх альбо замежных калекцыях.

Затое больш шчаслівы лёс чакаў другі, канчатковы, варыянт шматпакутнай карціны. Яе выпадкова пабачыў імператар Аляксандр III. І — прышоў у захапленне, бо высока ацаніў “патрыятычны дух” сюжэта. Ён тут жа загадаў набыць палатно для ўласнай калекцыі (цяпер яно — у Дзяржаўным Рускім музеі ў Санкт-Пецярбургу). Праўда, у параўнанні з першым варыянтам, тут менш фігур. Ды і пастаўлена была новая задача: стварыць жывапісную эпапею журботных провадаў навабранцаў на вайну. Ідуць апошнія хвіліны развітання. Кампазіцыя будуецца з асобных груп; кожная група — сям’я, якая праводзіць свайго карміцеля. Адны персанажы — стрыманыя, мужныя, іншыя — у палоне эмоцый ды моцных перажыванняў, але ўсіх аб’ядноўвае агульная бяда. У колеравым рашэнні карціны мастак адмаўляецца ад танальнага каларыту сваіх ранніх карцін і працуе лакальнымі плямамі — яркімі, напружанымі, якія, аднак, ураўнаважваюць адна адну.

Адзінае, што не хапала Савіцкаму ў жыватворным і спрыяльным паветры ціхага Дынабурга, дык гэта цеснай сувязі з сябрамі-мастакамі, адсутнасць мастацкіх выставак, магчымасці пабачыць свае работы побач з работамі калег, каб раўнівым і прафесійным вокам адразу ж вызначыць усе годнасці ды недахопы — уласныя і сваіх сяброў-сапернікаў. Нарэшце, пра адсутнасць выставак Савіцкі шкадаваў не толькі з прафесійных прымушэнняў. Яму было шчыра шкада, што жыхары горада не маюць магчымасці атрымаць асалоду ад сузірання цудоўных твораў пэндзля і разца. У чарговым лісце да Івана Крамскога ён паведамляе: “...Ці Вы ведаеце, што я задумаў? Смяротна хочацца мне, перш чым адаслаць ці адвезці мае новыя рэчы ў Піцер, зладзіць тут выстаўку на карысць бедных гараджан і ўсіх тых жабракоў, якія мне пазіравалі, словам, з мэтай дабрачыннай для горада Дынабурга; мне страшэнна спрыяе гэтая задумка: паглядзець, як паставяцца да такой выстаўкі і што з гэтага выйдзе”. На жаль, я так нічога не знайшоў наконт таго, ці адбылася такая акцыя…

Мінула амаль пяць гадоў прабывання Савіцкага на былой беларускай зямлі, і можна дапусціць, што за гэты час ён больш-менш ачуняў пасля страты каханай жонкі. Пазней, у 1886-м, ён ізноў пабраўся шлюбам — з 20-гадовай Валерыей Іпалітаўнай Дзюмулен, якая нарадзіла яму аж сем дзяцей і перажыла мужа на 45 гадоў! Дарэчы, адзін з ягоных сыноў — Георгій — стаў потым вядомым савецкім жывапісцам, акадэмікам, лаўрэатам Сталінскай прэміі.

Але, як бы там ні было, Канстанцін Савіцкі пакінуў Дынабург з пачуццём удзячнасці да таго месца, дзе на яго зрабілі ласку пакой і натхненне, дзе ён стварыў вечныя духоўныя каштоўнасці. Няхай іх, гэтых карцін, няшмат, але ўсе яны дастойныя таго, каб імі не толькі можна было любавацца ды захапляцца, але і вывучаць сялянскую гісторыю Расіі другой паловы XIX стагоддзя. З таго часу, калі ён развітаўся з Беларуссю, і чым бы ён потым ні займаўся і дзе б ні знаходзіўся — ці то ў Пецярбургу, ці то ў Маскве, ці то ў Пензе (а пражыў мастак яшчэ 26 гадоў), ён заўсёды знаходзіўся з нязменным задавальненнем ды настальгіяй успамінаў гэтае чароўнае месца...

І вельмі шкада, што сёння жыхары латвійскага Даўгаўпілса, добра ведаючы свайго земляка, амерыканскага абстрактнага экспрэсіяніста Марка Ротку, якому там створаны музей і помнік, не ведаюць, што ў гэтым горадзе калісьці тварыў і цудоўны рускі жывапісец Канстанцін Савіцкі…

Kultura logo-L.psd

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"