Калі б грошы цалкам заставаліся ў нас

№ 21 (1147) 24.05.2014 - 30.05.2014 г

Мікалай ХУЧАЎ, Хоцімскі райвыканкам
Да Хоцімскага раёна з Мінска трэба дабірацца ці не ўвесь светлавы дзень. Мяжуе гэтая беларуская зямля з Браншчынай, мае свае старадаўнія традыцыі. Тут ёсць не абы-які аматарскі тэатр, нястомна крэатывяць бібліятэкары ды клубнікі, радуюць сувенірамі майстры-рамеснікі. Падавалася б, усё — як і ва ўсіх. Але…

/i/content/pi/cult/477/10162/12-1.jpg— Аптымізацыю я называю ўпарадкаваннем. У выніку яго зніклі ў нас два сельскія клубы і столькі ж бібліятэк. І скарацілі мы іх не таму, што ёсць такі загад. Проста, у вёсках гэтых зусім мала людзей засталося. Якраз тая сітуацыя, калі эканамічна нявыгадна ўтрымліваць штат, плаціць камуналку і гэтак далей… А маральную патрэбу вяскоўцаў у культуры задавальняем пры дапамозе аўтаклуба, кінаперасоўкі, бібліобуса. Словам, без нашай увагі людзі не застануцца.

Падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя для таго, каб у Хоцімску з’явіўся дадатковы аб’ект культуры. Паколькі РДК у нас — прыстасаваны і знаходзіцца ў былым кінатэатры, дык пашырыць ягоныя магчымасці мы вырашылі вось якім чынам. Пад пакоі для работы гурткоў выкарыстаем будынак, дзе размяшчалася рэдакцыя райгазеты. Усе народныя калектывы будуць валодаць сваімі памяшканнямі. Месца тут хопіць і для нашага аддзела. Усе гэтыя аб’екты знаходзяцца ў цэнтры, побач, ля сквера, у якім працуе наша аглядавае кола.

Дарэчы, пасля праходжання дыягностыкі кола распачало чарговы сезон. За тры майскія дні ад гэтай паслугі мы зарабілі пятнаццаць мільёнаў рублёў, хоць цана білета не перавышае трох тысяч. Бяром масавасцю. Між тым, рухавікі на коле час ад часу ламаюцца, іх неабходна раманатаваць. А кошт на білеты я не магу ўзняць, бо людзі адмовяцца ад такой дарагой паслугі… Вось і атрымліваецца, што працуем не дзеля прыбытку, а для элементарнай дзіцячай радасці. Прынамсі, аглядавае кола, якому ўжо шмат гадоў, знаходзіцца ў нас далёка не ў кожным райцэнтры Беларусі...

Хтосьці па-ранейшаму сцвярджае, што за кошт пазабюджэту мы можам павысіць заробкі работнікаў нашай сферы. Мы аблічвалі сітуацыю. Для таго, каб давесці сярэднямесячны заробак да трох з паловай мільёнаў, мне трэба выкарыстоўваць па 70 мільёнаў пазабюджэтных рублёў. А гэта практычна ўсё, што мы зарабляем. І плюс камунальныя плацяжы ды падаткі. Мы нават з раённага бюджэта выкарысталі 15 мільёнаў, каб выплаціць людзям заработную плату. Вось калі б пазабюджэтныя грошы заставаліся ў нас у поўным аб’ёме і не выкарыстоўваліся для падатковых ды іншых пагашэнняў, тады б можна было іх дзейсна выкарыстаць для павышэння заробкаў. Іншых варыянтаў няма…

Урач павінен атрымліваць добры заробак? Канешне! Але ўрачы бываюць рознымі: адзін аперацыі штодня робіць, другі на прыёме грамадзян сядзіць. Заробкі ж — амаль аднолькавыя. Тая ж сітуацыя і ў сферы культуры. Нашы работнікі — таксама розныя. Хтосьці кіруе народным калектывам і пастаянна гастралюе, а хтосьці проста час адбывае на працы, выконваючы працоўны мінімум. Дык і тут заробкі, няма сумнення, не павінны быць аднолькавымі! Інакш — ураўнілаўка. Такая ж карціна назіраецца і пры параўнанні заробкаў работніка з вышэйшай спецыяльнай адукацыяй і без яе. Хіба ж гэта добра?!

Настаўнік з вышэйшай катэгорыяй атрымлівае больш, у параўнанні з педагогам-пачаткоўцам. Які сэнс бібліятэкару ці клубніку імкнуцца да вышэйшай адукацыі? Не, я сваіх да гэтага прымушаю. У раёне ці не 90 працэнтаў клубных работнікаў і ці не 100 працэнтаў бібліятэкараў яе маюць. Чалавек дзесяць стаіць “у чарзе” па дыплом. Паказчык — адзін з лепшых па Магілёўшчыне. А як інакш? Дыпламаванага спецыяліста, ды яшчэ такога, які кіруе народным ці ўзорным самадзейным калектывам, “аптымізаваць” немагчыма.

Так што за кадры я не хвалююся. ЦРБ у Рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” заняла днямі І месца. Не адстаюць і клубнікі. У раёне — 14 народных калектываў. І гэта, я перакананы, не мяжа. Бо кіраўнікі такіх уганараваных фарміраванняў адчуваюць асабістую адказнасць, не спяць у шапку, гастралююць па Расіі ды прыносяць аддзелу стабільны прыбытак...

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"