Бібліятэка вучыць... настаўнікаў

№ 21 (1147) 24.05.2014 - 30.05.2014 г

Каб бібліятэка была запатрабаванай, неабходна шукаць новыя шляхі да карыстальнікаў, імкнуцца да абнаўлення сваёй дзейнасці. Гэта добра разумеюць супрацоўнікі Светлагорскай раённай бібліятэкі. Менавіта па іх ініцыятыве быў арганізаваны Дзень спецыяліста для настаўнікаў, якія выкладаюць нямецкую мову ў гарадскіх і сельскіх школах. Партнёрам бібліятэкі ў гэтай справе выступіў Інстытут імя Гётэ ў Беларусі.

Мэта мерапрыемства — знаёмства настаўнікаў з разнастайнымі выданнямі бібліятэчнага фонду раённай бібліятэкі ды інфармацыйнымі рэсурсамі бібліятэкі Інстытута. Дарэчы, у апошняй ёсць і творы нямецкіх пісьменнікаў у перакладзе на беларускую мову.

Вялікую зацікаўленасць удзельнікаў выклікаў новы сэрвіс “Электронны абанемент Onleihe”, які дае магчымасць карыстацца электроннымі кнігамі, аўдыя- і відэазапісамі, электроннай прэсай 24 гадзіны ў суткі. Супрацоўнікі Інстытута падрабязна распавялі пра яго структуру, правялі практычныя заняткі па выкарыстанні сэрвісу, адказалі на шматлікія пытанні прысутных.

Праграму Дня дапоўнілі агляд твораў нямецкіх пісьменнікаў і кніжныя выстаўкі. Настаўнікі атрымалі буклеты аб паслугах Інстытута, а Светлагорская раённая бібліятэка — 50 кніг у падарунак коштам звыш 700 еўра. Гэта слоўнікі, даведачныя выданні, творы для дзяцей... У далейшым плануецца адкрыццё кутка нямецкай літаратуры ў адной з бібліятэк Светлагорска і абслугоўванне насельніцтва горада бібліобусам.

Валянціна РАСОШАНКА, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Светлагорскай раённай бібліятэкі