Мэта мерапрыемства — знаёмства настаўнікаў з разнастайнымі выданнямі бібліятэчнага фонду раённай бібліятэкі ды інфармацыйнымі рэсурсамі бібліятэкі Інстытута. Дарэчы, у апошняй ёсць і творы нямецкіх пісьменнікаў у перакладзе на беларускую мову.
Вялікую зацікаўленасць удзельнікаў выклікаў новы сэрвіс “Электронны абанемент Onleihe”, які дае магчымасць карыстацца электроннымі кнігамі, аўдыя- і відэазапісамі, электроннай прэсай 24 гадзіны ў суткі. Супрацоўнікі Інстытута падрабязна распавялі пра яго структуру, правялі практычныя заняткі па выкарыстанні сэрвісу, адказалі на шматлікія пытанні прысутных.
Праграму Дня дапоўнілі агляд твораў нямецкіх пісьменнікаў і кніжныя выстаўкі. Настаўнікі атрымалі буклеты аб паслугах Інстытута, а Светлагорская раённая бібліятэка — 50 кніг у падарунак коштам звыш 700 еўра. Гэта слоўнікі, даведачныя выданні, творы для дзяцей... У далейшым плануецца адкрыццё кутка нямецкай літаратуры ў адной з бібліятэк Светлагорска і абслугоўванне насельніцтва горада бібліобусам.
Валянціна РАСОШАНКА, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Светлагорскай раённай бібліятэкі