На выспе этнічнай аўтэнтыкі

№ 21 (1147) 24.05.2014 - 30.05.2014 г

Фальклор ратуе ад канфліктаў
Традыцыйна напярэдадні Першамая ў Мінску адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя “Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання”, у восьмы раз зладжаная Універсітэтам культуры і мастацтваў. Пад час канферэнцыі замежныя навукоўцы са Славакіі, Расіі, Латвіі, Польшчы, Кітая і айчынныя даследчыкі народнай спадчыны пацвердзілі статус фалькларыстыкі ХХІ стагоддзя як дысцыпліны шырокага культурна-антрапалагічнага напрамку, здольнай прааналізаваць і вырашыць шмат праблем сучаснага грамадства.

Сярод бясспрэчных унёскаў канферэнцыі ў сусветную навуку варта адзначыць канцэптуальны даклад легенды еўрапейскай этнамузыкалогіі — акадэміка з Санкт-Пецярбурга Ігара Маціеўскага, прысвечаны канфлікталогіі і традыцыйнай музычнай культуры, аналізу шляхоў зніжэння рызыкі сучасных міжкультурных і міжэтнічных канфліктаў сродкамі фальклору. Славацкая даследчыца Яна Суш’янкова распавяла пра музыку як сродак этнічнай ідэнтыфікацыі і прадэманстравала відэазапісы карыфеяў выканання на славацкай дудзе — гайдзе, — традыцыю якой славакі дагэтуль рупліва захавалі як “жывую”, глыбока інтэграваную і ў вясковы побыт, і ў сучаснае мастацтва. Суш’янкова — прадстаўнік універсітэта ў Нітры, у ваколіцах якой у IX стагоддзі адбывалася місіянерская дзейнасць святых Кірылы і Мяфодзія і дзе Евангелле, фактычна, было перакладзена на старажытнаславянскую мову. Цікавыя ўзаемасувязі і ўзаемаўплывы ў балта-славянскіх абрадавых спевах, якія і сёння ўрачыста гучаць на Купалле, Каляды, Вялікдзень, прааналізавала беларуска Галіна Таўлай, якая ўжо шмат гадоў з’яўляецца старшым навуковым супрацоўнікам Расійскага інстытута гісторыі мастацтваў.

У рамках канферэнцыі па традыцыі быў зладжаны канцэрт-прэзентацыя “Фальклор беларускай глыбінкі”, дзе сталічныя і замежныя аматары даўніны сустрэліся з дзіцячым фальклорным клубам “Катрынка” з Высокага Камянецкага раёна (які прадстаўляў пераемнасць народных традыцый Прыбужжа) ды аўтэнтычным спеўным гуртом “Матырынская спадчына” вёскі Матырына Ушацкага раёна (носьбітам аўтэнтычнага фальклору Падзвіння). Багатую праграму (паўночнарускія флейты-кугіклы, прыбужскія танцы, латышскія традыцыйныя гульні, беларуская дуда) мелі майстар-класы, што прайшлі пасля.

На канцэрце маладзёжных калектываў “Традыцыі і пераемнікі” ў якасці гасцей Універсітэта культуры і мастацтваў удзельнічалі лідар латышскага гурта “Maskackas spelmani”, мультыінструменталіст і спявак Анс Атаол Берзінь; міханавіцкая “Калыханка” Ларысы Рыжковай, якая ў чарговы раз даказала, што пад кіраўніцтвам таленавітага педагога да аўтэнтычнага фальклору арганічна і лёгка далучаюцца сучасныя дзеці; майстар музычных інструментаў Дзяніс Сухі, яго паплечнікі Алесь Жура, Стась Чавус і Яўген Барышнікаў, якія зухавата зайгралі беларускія танцы пад смыковую і дударскую музыку. Канцэрт быў прысвечаны 10-годдзю адзначанай дыпломам UNESCO за захаванне фальклору спецыялізацыі “Этнафоназнаўства” БДУКіМ, кожны курс якой — асобны фальклорны калектыў. Гурты “Этнасуполка”, “Страла”, “Вяснянка”, “Раме” і зводны ансамбль “Талака” неаднаразова прадстаўлялі Беларусь на буйных фэстах у Францыі, Бельгіі, Расіі, Нідэрландах, Германіі, Польшчы, Харватыі, Літве, Латвіі, Грэцыі і Славакіі. Амаль 60% студэнтаў спецыялізацыі — выпускнікі беларускіх рэгіянальных фальклорных калектываў-удзельнікаў шматступеньчатага праекта этнакультурнага выхавання — фестывалю “Берагіня”. Апошні за сваю 15-гадовую гісторыю існавання пакрыху становіцца “жывой легендай” усходнееўрапейскай практычнай фалькларыстыкі, як і аўтар яго ідэі — этнахарэолаг Мікола Козенка.

Канферэнцыя засведчыла, што чым больш паскараецца і ўскладняецца тэмп жыцця, тым з большай цікавасцю ды надзеяй паглядаюць нашыя сучаснікі на выспы этнічнай аўтэнтыкі. І лепшыя ўзоры фальклору, і спадчына асоб, якія спрыялі яго вывучэнню ды папулярызацыі, сёння ўсё больш запатрабаваны грамадскасцю. Адна з секцый канферэнцыі была прысвечана ўнёску роду Куляшовых (100-годдзе з дня нараджэння паэта Аркадзя Куляшова святкуецца сёлета) у прапаганду каранёвага мастацтва беларусаў. Як адзначылі даследчыкі, абрысы традыцыйнага светаўспрымання беларусаў відавочна “праступаюць” праз вершаваныя радкі класіка нашай паэзіі. Яго дачка Валянціна (аўтар тэлепраграмы “Літаратурная Беларусь” і літаратурных вечароў у філармоніі) шмат папулярызавала фальклор як літаратуразнаўца, педагог і перакладчык, унук Уладзімір Бярбераў стварыў першы постфальклорны гурт дударскай музыкі (“Ліцьвіны”), а жонка Аксана зачынала традыцыю этнаграфічных канцэртаў сумесна з этнамузыколагам Зінаідай Мажэйка. Маштаб унёску ў айчынную фалькларыстыку самой Зінаіды Якаўлеўны, на жаль, не напоўніцу ацэнены пры жыцці (яна пайшла ад нас сёлета ў сакавіку), сёння падаецца ўсё больш маштабным ды канцэптуальна-перспектыўным для Беларусі, і з трыбуны канферэнцыі прагучала прапанова хадайнічаць аб прысваенні імя Зінаіды Мажэйка гэтаму форуму даследчыкаў аўтэнтычнага фальклору.

Энгельс ДАРАШЭВІЧ, прафесар кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ, доктар філасофскіх навук