Мроі ў рамках дыяфрагмы

№ 5 (823) 02.02.2008 - 08.02.2008 г

Калі размова зайшла пра партфоліо, я ўявіла сабе пару дзесяткаў фатаграфій мілавідных дзяўчатак. Анфас, профіль, “ракавы” погляд, буйны план, поўны рост… З неахвотай разгарнула пухлую папку, якую мне прапанавалі паглядзець у Імідж-дызайн-студыі “Вадалея”, і… не магла адарваць вачэй. На адной старонцы гарэзліва ўсміхалася каларытная беларусачка, на другой скакала лёгкакрылая страказа, на трэцяй у вачах каўбоя выразна чытаецца: “Узброеная і небяспечная”. Асабліва ўражваюць дакладна перададзеныя на паперы дзіцячыя эмоцыі. Натуральнасць і выразнасць фотаработ Людмілы РАЛЬКО не маглі застацца без найвышэйшай ацэнкі прафесіяналаў: у красавіку 2007 года ў Польшчы на Міжнародным конкурсе “Міні-Міс і Міні-Містэр Свету-2007” дзяўчына атрымала “Гран-пры за высока артыстычную фатаграфію” — плакаты, календары, партфоліо Кацярыны Браневіч і Настассі Гуцікавай (Дыплом і Залатая Карона). Праз месяц у Маскве на Міжнародным дзіцячым конкурсе прыгажосці і таленту “Міні-Міс і Міні-Містэр Крыштальная карона Свету-2007” пераадолела пастаўленую планку, заваяваўшы “Гран-Пры Свету-2007 за фотадызайн” (Спецыяльны персанальны дыплом), “Гран-пры за лепшае партфоліо Свету-2007” (Крыштальны дыплом).

 /i/content/pi/cult/147/1016/Maxima1.jpg
— “Міні-Міс і Міні-Містэр Свету-2007” і “Міні-Міс і Міні-Містэр Крыштальная карона Свету-2007” — вашы першыя міжнародныя конкурсы.
І адразу такі поспех. Чым вы так уразілі журы?
— У адборачных турах прымалі ўдзел каля трохсот фатографаў з Македоніі, Грэцыі, Венгрыі, Польшчы, Эстоніі, Латвіі, краін СНД. Сярод іх было нямала тытулаваных асоб, фотадызайнераў са славутымі імёнамі.
Для здымак некаторыя заможныя бацькі куплялі сукенкі ад Данатэлы Версачэ, за партфоліо выкладвалі дзесяткі тысяч долараў. А маіх гераінь нават папялушкамі назвалі, бо касцюмы занадта сціплыя, стылізаваныя.
Аднак перамагла наша каманда, бо бяром мы іншым — духоўнасцю, прафесіяналізмам, зместам, энергетыкай, харызмай, характарам.
— Па якіх крытэрыях ацэньвае журы партфоліо?
— Па-першае, звяртаюць увагу на натуральнасць.Фатографы іншых краін часцей за ўсё проста пераапраналі сваю мадэль. Надзень капялюшык, павярніся сюды, руку на пояс... Звычайна фатографы навязваюць дзецям сваё бачанне. Але калі гэта супярэчыць унутранаму стану дзетак, яны замыкаюцца ў сабе. У “Вадалеі” іншы падыход. Перад тым як да мяне на пляцоўку прыйдзе дзіця, творчы кіраўнік студыі Кацярына Пашкевіч праводзіць з ім тэсціраванне на вобразнае мысленне, стварае віртуальны вобраз. Яны разбіраюць асацыятыўныя рады — які колер, гук, эмоцыі ўзнікаюць адносна той ці іншай рэчы. Таму я здымаю не анёла ўвогуле, а анёла, якім яго бачыць дзяўчынка — ганарлівым, упартым, далікатным. Мне важна перадаць энергетыку, злавіць сапраўдныя эмоцыі, каб вочы блішчэлі, каб у іх чыталася думка. Тады ў гармонію прыходзяць і рукі, і ногі, дзіця іграючы пазіруе.
Па-другое, ацэньваецца мастацтва пераўвасаблення, вялікія балы выстаўляюцца за разнастайнасць вобразаў. Суддзі заўсёды параўноўваюць наступны вобраз з папярэднім. І калі гучыць здзіўленае: “І на гэтым здымку тая ж дзяўчынка?!”, можна лічыць, што ты паспяхова справілася са сваёй працай.
Зразумела, сочаць і за кампаноўкай кадра, ці правільна падабрана святло, ракурс, улічваецца дызайнерская апрацоўка. Сучасныя тэндэнцыі конкурсаў таленту і прыгажосці такія, што паступова ўскладняецца аздабленне здымка. Гэта ўжо не “партрэт на фоне”, а сапраўднае мастацкае палатно з выкарыстаннем камп’ютэрных эфектаў.
— У студыю прыходзяць розныя дзеці: спартсмены, танцоры, спевакі. Ці ўзнікаюць падчас працы з імі “прафесійныя” складанасці?
— Зразумела, з’яўляюцца пэўныя акалічнасці. Узяць хаця б спартсменаў. У гімнастак “балючае месца” — выраз твару. На спаборніцтвах трэба заўсёды быць засяроджаным на тэхніцы, роўна трымаць насок, кантраляваць пазваночнік. Таму дзяўчынкі моцна заціскаюць вусны. А пасля выканання трукаў ім неабходна стаць у эфектную позу і паказаць усмешку — я заву яе выскалам. На фатаграфіях гэта выглядае вельмі жудасна. Спартсменка па скачках у ваду, калі выступае, сціскаецца, уцягвае галаву ў плечы. І такіх сітуацый шмат. Таму перад партфоліо, у студыі абавязкова займаюцца разняволеннем, акцёрскім майстэрствам.Увогуле, здымак выйдзе шыкоўным, калі адносіцца да малечы, як да асобы. Бывае, што хлопчык вельмі непаслухмяны, спрабуе ўлезці, куды не трэба. Ці дзяўчынцы раптам падасца, што ў аднагодкі больш прыгожы ўбор, — пачынаюцца капрызы. Балазе, вопыту хапае ўлагоджваць гарэзаў, бо з ранніх гадоў даглядала шматлікіх пляменнікаў.
— Многія “нязручнасці” можна схаваць пры дапамозе камп’ютэрнай апрацоўкі і мантажу кадраў…
— Так, сучасныя камп’ютэрныя дасягненні ў фотаіндустрыі прынеслі вялікую колькасць адкрыццяў у галіне аздаблення і апрацоўкі фатаграфіі. Аднак, на маю думку, яны спарадзілі і вялізную праблему: зніжэнне прафесіяналізму. Некаторыя сучасныя фатографы лічаць, што дакладнасць кадра не мае асаблівага значэння. Маўляў, цёмны здымак з дапамогай спецыяльных праграм высветлім, дрэнна скампанаваны кадр падрэжам, цёмныя кругі пад вачамі (якія з’явіліся з-за няправільна выстаўленага святла) замалюем. Нівеліруецца
 /i/content/pi/cult/147/1016/Maxima2.jpg
значэнне асобы фатографа, фарміруецца ўстойлівае меркаванне як сярод аматараў, так, на жаль, і сярод прафесіяналаў, што з дапамогай
Photoshop’а бесталенная фатаграфія ператворыцца ў твор мастацтва. Таму мне вельмі падабаецца, як працуе Міхаіл Маруга. Ён першапачаткова выстаўляе святло, вывярае кадр, каб пасля як можна меней апрацоўваць яго. Я таксама імкнуся адразу здымаць прыгожа і правільна.
Тады фотавыпраменьвае жывую энергетыку.
— Зараз па Мінску вісяць рэкламныя бігборды з вашымі работамі. У якіх яшчэ праектах вы прымалі ўдзел?
— Разам з аднакурсніцай і каляжанкай Ірынай Бышкінай пад кіраўніцтвам Кацярыны Пашкевіч рабілі плакаты, бігборды, запрашэнні да пяцігоддзя БРСМ, рыхтавалі паліграфічную прадукцыю да спаборніцтваў па мастацкай гімнастыцы “Baby Cup”, афармлялі каталог “Банк рэкламных твараў-2007”. Апошні атрымаў добры рэзананс— трэць дзяцей запрасілі на здымкі ў рэкламе для “Марка”, “Купалінкі”, “Фэнсі”, “Контэ” і іншых айчынных гандлёвых марак. Каталог складаўся як з тых, кто дасканала валодае мастацтвам стварэння сцэнічнага вобраза, так і з дзетак, якія пакуль нічога не ўмеюць, аднак мараць здымацца. Сярод апошніх была Дзіяна Талпыга, якая сёння з’яўляецца тварам дзіцячых набораў. Яскравы праект атрымаў добры працяг. Сёлета выйдзе падобны каталог пад патранажам БРСМ. Яго размяркуюць сярод прадпрыемстваў. Тады дзеці будуць адчуваць сябе больш запатрабаванымі.Вельмі цікавым атрымаўся сацыяльны праект “Радзімічы”. Марына Голубева выпусціла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” кнігу “Радзімічы”, а потым запрасіла “вадалееўцаў” стварыць ілюстрацыйны дадатак да сваёй мастацкай аповесці. Ірына Бышкіна на тыдзень адправілася ў экспедыцыю па Гомельскай і Магілёўскай абласцях, здымала ў Чачэрскім гісторыка-этнаграфічным музеі,
 /i/content/pi/cult/147/1016/Maxima3.jpg
Крычаўскім раённым краязнаўчым музеі, у вёсках. Потым я займалася апрацоўкай здымкаў, мантажом, кампазіцыяй, афармленнем. Неверагодны зарад эмацыйнасці атрымала ад гэтай працы.
Ніколі не думала, што вясковыя бабулькі настолькі ўдала могуць стварыць неабходыя вобразы перад аб’ектывам. Да заданняў фатографа падыходзілі з выдумкай: на кожную просьбу — напрыклад, “вазьміцеся за хустачкі”, “станьце ў круг” — яны знаходзілі тэматычную песню! Іх імпэт перадаўся нам, пазітыўная творчая атмасфера панавала ўвесь час.
Да таго ж, нас кансультавала гістарыёграф Рэгіна Гамзовіч па абрадах, касцюмах, раскопках, таму праца была вельмі пазнавальная і з пункта гледжання гісторыі.
— З першых крокаў вы ўзялі вельмі высокую планку. Што наперадзе?
— Перш-наперш — хутчэй вярнуцца на здымачную пляцоўку. Мацвейка падрасце, і, спадзяюся, у сакавіку я зноў вазьмуся за фотаапарат. Трэба рыхтаваць партфоліо для новых дзетак, якімі яшчэ будзе ганарыцца наша краіна. І задумваюся аб прафесійным конкурсе фотадызайнераў міжнароднага ўзроўню. Для ўдзелу патрэбна падаць асабістае партфоліо і крэатыўныя распрацоўкі. У мяне ўжо ёсць ідэі… 

Даведка
Людміла РАЛЬКО нарадзілася ў 1986 годзе ў Салігорску. Скончыла з адзнакай Слуцкую мастацкую школу. Вучыцца на пятым курсе Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў на факультэце дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва па спецыяльнасці “фотаграфіка” (кіраўнік — Вячаслаў Семянько). Са снежня 2006 года працуе ў Імідж-дызайн-студыі “Вадалея”, што пры Рэспубліканскім палацы культуры ветэранаў. Правяла выстаўкі плакатаў у Авальнай зале Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, у Палацы Рэспублікі, а таксама ў Кіеве, Польшчы, Латвіі. Удзельнік шматлікіх піар-акцый у якасці фотадызайнера. Жыве з мужам у Слуцку. Гадуе трохмесячнага сына Мацвея. 

Анкета “К”
1. Любімы мастак?
Пабла Пікаса.
2. Любімы фатограф?
Міхаіл Маруга, Уладзімір Цэслер.
3. Лепшы час сутак для творчасці?
Ноч, бо тады пануе цішыня і супакаенне.
4. Любімы аўтар?
Дастаеўскі. Пасля замужжа зачытваюся Хэлен Андэлін, бо ў яе кнігах шмат разваг пра сямейныя каштоўнасці.
5. Месца ў горадзе, якое натхняе?
Няміга, набярэжная Свіслачы.
6. Чыё меркаванне для вас вырашальнае ў працы?
Падчас работы прыслухоўваюся да слоў мужа. На канчатковым этапе важная ацэнка педагогаў Надзеі Кароткінай і Вячаслава Семянько.
7. Якую калыханку спяваеце сыну?
Старадаўнюю песню аб зорачках, якой мяне навучыла бабуля.