“Ціхія воды” Сямёна Дамарада

№ 21 (1147) 24.05.2014 - 30.05.2014 г

У мінскай цэнтральнай галерэі “Мастацтва” адкрылася персанальная выстаўка лаўрэата прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Сямёна Дамарада “Па ціхай вадзе”. Экспазіцыю склалі работы апошніх дзесяці гадоў, у якіх творца ўсхваляе прыгажосць беларускай прыроды.

/i/content/pi/cult/477/10158/8-4.jpg

С.Дамарад. "Ранняя вясна".

Кожны мастак бачыць свет па-асобаму — адсюль разнастайнасць стыляў і тэхнік, бо яны падкрэсліваюць уласны позірк аўтара на рэчаіснасць. Такім чынам, мы як быццам глядзім яго вачыма, разумеем яго, становімся бліжэй. Пейзаж — асноўны і ўлюбёны жанр, у якім працуе майстра Сямён Дамарад. Жывапіс творцы — лірычны і тонкі, з ноткай светлага суму, колеры — прыглушаныя, бліжэй да натуральных. Неаднойчы мастацтвазнаўцамі адзначалася, што яго работы можна параўнаць з паэзіяй. І сапраўды, разглядваючы палотны творцы, у думках узгадваеш радкі з лірычных вершаў, успамінамі вяртаешся ў родныя мясціны, дзе прайшло тваё дзяцінства...

Як і ў любога творчага чалавека, у Сямёна Уладзіміравіча ёсць асноўныя этапы працы, ад якіх залежыць нараджэнне будучай работы. (Адным з галоўных фактараў з’яўляецца ўражанне.) Важна запомніць, якая атмасфера панавала на месцы менавіта ў той дзень і час, па магчымасці зрабіць замалёўку пастэллю. Потым ідзе працэсс абдумвання, пошуку, пакуль вобраз не складзецца ў цэласную карціну. Мастак нібыта шукае ключ, які раскрые яму, у якой форме выказаць свае пачуцці. Але бывае і другі варыянт, калі твор пішацца на адным дыханні, мінімальнымі сродкамі. Прыкладам таму — карціна “Ранняй вясной”. Лёгкія, напаўпразрыстыя фарбы падкрэсліваюць хараство прыроды, што прачынаецца. Мяккія акварэльныя пераходы, як туман, ахутваюць тонкія станы маладых бярозак, а навокал — такая цішыня... Па меркаванні мастака, калі ўкласці ў работу як мага больш цеплыні, эмоцый, кахання — гэта амаль заўсёды залог добрага выніку.

Будучы манументалістам па адукацыі, жывапісец аддае перавагу вялікім фарматам, а гэта, у сваю чаргу, яшчэ лепш раскрывае ідэю твора. Адкідаючы ўсё лішняе, ён засяроджвае ўвагу на канкрэтным моманце. Як правіла, сюжэт даволі просты: старыя, непрыкметныя вясковыя хаткі, узаранае поле, куды прыляцелі буслы, лес, азёры і рачулкі. Але простыя на першы погляд краявіды вельмі эмацыйна насычаныя, нясуць запал добрага настрою і энергетыкі, рамантычны спакой і летуценнасць. Углядаючыся ў далячынь неабсяжных прастораў палёў і лугоў з чысцінёй блакітнага неба, адчуваеш сапраўднае яднанне з прыродай (“Погляд у восень”, “Хутар каля лесу”, “Майскі дождж”).

Часта мастака прывабліваюць пераходныя станы прыроды: калі сыходзіць апошні снег і з’яўляецца першая зеляніна, калі вечарэе, альбо толькі ўзыходзіць раніцай сонейка. Вада, у залежнасці ад пары года, таксама бывае рознай. На палотнах Дамарада яна — ціхая, марудлівая, нібы жывая субстанцыя, да якой мастак ставіцца з вялікім піетэтам. Найпрыгажэйшыя мясціны Беларусі сталі натхненнем для творцы: гэта і люстэрка ракі Віліі, у якое глядзіць неба, і цёплая, аксамітная паверхня Беразіны са стромкімі берагамі, і чароўнае, глыбокае возера Мястра, што на Мядзельшчыне...

Мастак — асоба, якая востра рэагуе на тое, што адбываецца навокал. Часам выпадак, падзея накладвае адбітак на твор. Ён можа крыху змяніць характар, пластыку, у ім могуць з’явіцца новыя дэталі, ці ён увогуле зведае кардынальныя змены. Як натура тонкай душэўнай арганізацыі Сямён Дамарад не па чутках ведае, што гэта такое. За гутаркай у майстэрні творца распавёў: бывае так, калі работа сама вядзе за сабой. Але ён не баіцца паддацца творчаму парыву. У гэтыя моманты мастак на інтуітыўным узроўні разумее, якія дадаць акцэнты, што будуць узмацняць выразнасць твора і гарманізаваць асяроддзе.

Талент Сямёна Дамарада прызнаны не толькі на радзіме, але і за яе межамі. На персанальных і сумесных выстаўках неаднойчы дэманстраваліся яго ўзнёслыя, паэтычныя творы. Але, пры сваёй папулярнасці, гэты мастак застаецца ў няспынным імкненні да працы, жаданні зрабіць яшчэ шмат. Дзякуючы свайму характару і чалавечым якасцям, такім як адкрытасць, дабрыня, адданасць прафесіі, уменне бачыць прыгажосць, Сямён Уладзіміравіч не толькі захоўвае запал жыццёвай энергіі, чысціні і маладосці душы, але і шчыра дзеліцца ёй з намі праз свае цудоўныя творы...

Ульяна ФЯДОТАВА, мастацтвазнаўца