Менавіта з гэтага фэсту пачаўся амаль два дзесяцігоддзі таму шлях з мінулага ў будучыню, той пераможны шлях, які пракладае калектыў, аднаўляючы яркія старонкі музычнай спадчыны Беларусі XVI — XIX, а таксама шэдэўры беларускай нацыянальнай класікі ХХ — ХХІ стагоддзяў.
У тым, што старажытнаму і вечна маладому Нясвіжу наканавана было стаць цэнтрам прыцягнення крэатыўных ідэй, ёсць вялікі сэнс, бо гэты выдатны асяродак беларускай культуры, з унікальным гісторыка-культурным ладшафтам, заклікае да стварэння праектаў, скіраваных на захаванне і прымнажэнне музычных скарбаў беларускай зямлі.
Штогод нясвіжскія фэсты прэзентуюць усё новыя і новыя адкрыцці як у мастацкай, музычнай, так і ў навуковай сферах. У гэтым горадзе пастаянна ладзяцца канцэрты, выстаўкі, тэатральныя пастаноўкі, навуковыя чытанні.
Вось і сёлета на працягу трох дзён — з 22 па 24 мая — гасцям мастацкага свята прэзентуюцца спектакль “Гэта таго вартае” М.Каляды, дзве мастацкія выстаўкі, новая кніга “Мастацкія цуды Нясвіжскай зямлі” і навукова-практычная канферэнцыя “Беларуская думка ў пошуку новых вымярэнняў” з удзелам вядомых даследчыкаў айчыннага мастацтва.
Упрыгожаннем свята мастацтваў сталі канцэрты Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі і яго камерных калектываў, у выкананні якіх гучаць творы выдатных айчынных майстроў, якія працавалі пры двары Радзівілаў у даўнія стагоддзі, а таксама музыка, напісаная самімі колішнімі ўладарамі Нясвіжа. Вельмі сімвалічна, што канцэрты старадаўняй айчыннай музыкі праходзіць менавіта ў тых асяродках, дзе калісьці тая музыка нараджалася: у Радзівілаўскім замку і Нясвіжскай ратушы. Яднаннем у гарадской прасторы розных эпох стаў канцэрт, прысвечаны юбілею першай беларускай оперы “Агатка”, створанай і пастаўленай у Нясвіжы 230 гадоў таму. А яшчэ знакаміты аркестр парадуе сваіх фанатаў спецыяльна падрыхтаванай для іх маладзёжнай праграмай, у якой прагучаць любімыя песні ды эстрадныя мелодыі.
Традыцыйна “Музы Нясвіжа” праводзяцца пры дзейснай падтрымцы Мінскага абласнога выканаўчага камітэта і Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта.