Карагод запрашае сяброў...

№ 21 (1147) 24.05.2014 - 30.05.2014 г

Гомельшчына — запаведны край традыцыйнай народнай культуры. Вёска Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці — менавіта такое месца. Яна цесна звязана са старадаўнім Туравам сваёй гісторыяй, мінулай і сучаснай культурай.

/i/content/pi/cult/477/10153/10-2.jpg

Уваход на поле.

/i/content/pi/cult/477/10153/10-4.jpg

Пляценне вянкоў з барвінка ў хаце Галіны Літвінка.

Вось ужо на працягу многіх стагоддзяў гэты населены пункт з’яўляецца цэнтрам актыўнага бытавання народных святаў. Трымаюць свой векавечны культурны “парадак” жыхаркі гэтай вёскі, сярод якіх — і ўдзельніцы народнага фальклорна-этнаграфічнага гурта “Міжрэчча” Пагосцкага сельскага клуба. Гурт быў створаны ў 1982 годзе па ініцыятыве былога загадчыка клуба Кацярыны Панчэня. Усе жанчыны — Марыя Лунцэвіч, Аляксандра Зохна, Галіна Літвінка, Алена Кулік, Юлія Панчэня, Надзея Астаповіч, Зося Кузьміч, Наталля Марозава — выдатныя знаўцы мясцовага фальклору, распарадчыцы каляндарна-земляробчых і сямейна-бытавых святаў і абрадаў, сярод якіх — і “Тураўскі карагод”. Разам са старэйшымі актыўны ўдзел у свяце прымае моладзь (Зміцер Марозаў, які нёс абрадавы хлеб — карагод, Таццяна Кужэльная, Карына Пігун), а таксама дзеці (Настасся Панчэня, Мар’яна Пяшэвіч, Ілья Кулыба, які выконваў у абрадзе сваю пачэсную ролю: нёс граблі з пачэпленым на іх фартухом). Як заўжды, удзельнічаў у свяце старшыня Азяранскага сельсавета Міхаіл Аліфіравец, які нёс абраз.

Веснавое народнае свята Юр’е вось ужо на працягу многіх стагоддзяў штогод праходзіць у Пагосце 6 мая. Зараз трымае спрадвечную традыцыю фальклорна-этнаграфічны калектыў “Міжрэчча”. У старажытнасці на Юр’е на Тураўшчыне вадзілі быка, “ролю” якога цяпер выконвае пышны хлеб, што (як і сам абрад) называецца “карагод”. Жанчыны яго пякуць з раніцы і ўпрыгожваюць трыма галінкамі пладовага дрэва. На кожнай павінна быць па тры парасткі з кветкамі — усяго дзевяць: столькі месяцаў доўжыцца цяжарнасць жанчыны. Гэтым абрадам ушаноўваецца ўрадлівасць зямлі. Граблі ж, перавязаныя фартухом, сімвалізуюць цнатлівасць дзяўчыны, працу.

Шэсце выходзіць з хаты, мінае сімвалічныя “вароты”, створаныя з ручнікоў, і з прытанцоўкамі ды прыпеўкамі скіроўваецца да Панскага поля за сяло, каб “праславіць Юр’е” і папрасіць у Бога бласлаўлення “на буйнае жыта, на цёплае лета”. Падыходзячы да поля, пагашчанцы сціхаюць і прыпыняюцца нам краю поля. Потым праз “вароты з ручнікоў” праходзяць на жытні палетак, дзе адбываецца самы ўрачысты момант галоўнага карагоду, які пачынаецца з абрадавай песні “Ой, прыйшлі на поле, дай папросім Бога адмукнуць зямліцу…”. Жанчыны становяцца ў круг і пачынаюць па ходзе сонца вадзіць карагод, пры гэтым яны спяваюць “Дай у рай, маці, ключы…”. У цэнтры карагоду знаходзяцца тыя, хто трымае абрадавую атрыбутыку: абраз, каравай і граблі з зялёным фартухом. Яны таксама рухаюцца па ходе сонца і тройчы падымаюць угару каравай. Далей удзельнікі абраду здымаюць зялёны фартух з граблей і чапляюць ужо чырвоны, што азначае, што дзеўка ўжо гатова да дзетанараджэння, як і сама зямля — да будучага ўраджаю. Пасля гэтага народны карагод ідзе гуляць па вёсцы, спыняючыся ля кожнай хаты. Па заканчэнні карагоднай песні ўдзельнікі карагоду жадаюць гаспадарам добрага здароўя, багатага ўраджаю, прыбытку ў хляве. Тыя дзякуюць і выносяць ім “падзяку”: хлеб, яйкі, грошы і гарэлку. У пераходах ад адной хаты да другой жыхары вёскі, удзельнікі фальклорна-этнаграфічнага гурта “Міжрэчча” спяваюць прыпеўкі пад гармонік, скачуць.

З’яўляючыся жывой формай аднаго з аўтэнтычных абрадаў веснавога цыкла і адметнай традыцыяй, характэрнай для палескага рэгіёна, абрад “Юраўскі карагод” мае ў сваім складзе выдатныя ўзоры старажытных карагодаў і песень, а таксама такія матэрыяльныя праявы рэгіянальнай культуры, як народны касцюм і абрадавы хлеб (каравай). Таму невыпадкова, што ён першым у Беларусі (у 2005 годзе) атрымаў статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Людміла МЕЛЬНІКАВА, вядучы метадыст па народных традыцыях і абрадах Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці

Фота Ірыны ГЛУШЭЦ