“Любіце Беларусь, цаніце яе і ганарыцеся ёю...”

№ 21 (1147) 24.05.2014 - 30.05.2014 г

КРЫНІЦА НАТХНЕННЯ ДЛЯ НОВЫХ АДКРЫЦЦЯЎ І ПЕРАМОГ
23 мая Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь сустрэўся з навучэнцамі — пераможцамі міжнародных прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, стыпендыятамі спецыяльных фондаў Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў, студэнтаў і таленавітай моладзі

/i/content/pi/cult/477/10148/1-1.jpgКіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заклікае моладзь цаніць і ганарыцца Беларуссю, берагчы яе незалежнасць і суверэнітэт. Аб гэтым Прэзідэнт заявіў сёння на сустрэчы з навучэнцамі — пераможцамі міжнародных прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, стыпендыятамі спецыяльных фондаў Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў, студэнтамі і таленавітай моладдзю.

Як паведамляе Прэс-служба Кіраўніка дзяржавы, звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, беларускі Лідар адзначыў, што праз некалькі дзён скончыцца навучальны год. Ён пажадаў поспехаў усім тым, каму трэба будзе здаваць экзамены, а астатнім — цікава правесці доўгачаканыя канікулы. У прыватнасці, Прэзідэнт параіў бліжэй пазнаёміцца з Беларуссю, паглядзець на яе прыроднае хараство.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым заўважыў, што часта бывае ў розных кутках нашай краіны, але ў асноўным перамяшчаецца па паветры. “Учора я праехаў сам 600 км на ўсход і назад, правяраючы нашы дарогі, як яны эксплуатуюцца, і са здзіўленнем для сябе адзначыў, што наша прырода, калі едзеш на аўтамабілі або выходзіш, — нейкі лясок, рэчка, — яна зусім іншая, чым калі глядзіш на яе зверху”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. “Таму я вам раю таксама пабываць у самых прыгожых кутках нашай зямлі, і вы зразумееце, што лепшага адпачынку, чым на роднай зямлі, нідзе няма”, — упэўнены беларускі Лідар.

“Любіце Беларусь, цаніце яе і ганарыцеся ёю, беражыце яе незалежнасць і суверэнітэт. Яна перадаецца ў вашы рукі. Вучыцеся заўважаць тое добрае, што ёсць вакол вас. Гэта паслужыць вам крыніцай натхнення для новых адкрыццяў ды перамог. І няхай побач з вамі заўсёды будуць надзейныя сябры, клапатлівыя настаўнікі і бацькі, цікавыя і разумныя кнігі”, — дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА

На здымку: Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ўзнагароджвае фіналістку дзіцячага тэлевізійнага музычнага конкурсу "Я пяю!" Вікторыю Арлову.

/i/content/pi/cult/477/10148/2-6.jpg

У пятніцу таксама адбылася сустрэча міністра культуры краіны Барыса Святлова з лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Пасля імпрэзы яе ўдзельнікі зрабілі фота на памяць на прыступках Нацыянальнага мастацкага музея: менавіта гэтая ўстанова і стала месцам падзеі. / Фота Юрыя ІВАНОВА